Пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка прагаласаваў на ўчастку, размешчаным у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізкультуры, ён даў прэс-канферэнцыю, на якой прысутнічалі ў тым ліку еўрапейскія журналісты. Сабралі некалькі найбольш адметных выказванняў.
Пра палітзняволеных
Адказваючы на пытанне Стыва Роўзэнбэрга пра тое, чаму ён не хоча выпусціць палітзняволеных, Аляксандр Лукашэнка відавочна нерваваўся. Асабліва яго раздражніла пытанне пра Марыю Калеснікаву, Сяргея Ціханоўскага.
Ён адказаў, што ў турме з апазіцыйных палітыкаў апынуліся тыя, хто «занадта шырока раскрыў рот» і парушыў закон.
Што да Марыі Калеснікавай, то Лукашэнка падкрэсліў, што Роўзэнбэрг задаваў гэтае пытанне ўжо падчас саміту BRICS. Пасля гэтага Лукашэнка нібыта наўмысна пацікавіўся, што з ёй адбываецца. Яму адказалі, што Марыя здаровая.
,,«Я кажу: ну пакажыце яе народу. Ты за бацьку казала, не пускаюць сваякоў, ты казала [Лукашэнка відавочна тут звярнуўся да прэс-сакратаркі Наталлі Эйсмант, – заўв. рэд. «Белсату»]. Я кажу: ну чаму вы бацьку не хочаце пусціць? Паводле закону бацька не меў права з ёй сустракацца: яна парушае рэжым», – сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што пасля гэтага аддаў уласны загад, каб бацьку Марыі дапусцілі да палітзняволенай.
Пасля гэтага Лукашэнка перапытаў: дык дзе ж, ты кажаш, мы рот затыкаем? І тут жа звярнуўся да Роўзэнбэрга: «Не перабірай, Стыў! У любой дзяржаве за парушэнне закону трэба несці адказнасць».
Пра вайну
Лукашэнка заявіў, што падчас арганізацыі першых тураў перамоваў на пачатку вайны ва Украіне «Зяленскі вырабляўся як мог».
«Дамовіліся ў Гомлі першую сустрэчу правесці аб 11-й раніцы, яны прыехалі толькі пад ноч. Я расейцаў ужо ўтрымліваў: не ад’язджайце, пасля будуць абвінавачваць, што не захацелі перамоваў. І толькі пад ноч прыехалі [украінцы]», – сказаў Лукашэнка.
На гэтай жа прэс-канферэнцыі ён упершыню адказаў на словы Уладзіміра Зяленскага пра тое, што першымі днямі вайны кіраўнік Беларусі тэлефанаваў яму з просьбаю прабачыць і прапаноўваў ударыць у адказ па беларускім НПЗ у Мазыры.
,,«Я чуў нядаўна ў інтэрпрэтацыі журналістаў, не думаю, што яны сказілі, як ён [Зяленскі] казаў пра мір і быццам бы я яму прапаноўваў – ну, здзейсні ўдар па Мазырскім НПЗ. Калі я гэта пачуў, мне стала дрэнна. Для мяне гэта было абсалютна непрымальна! Прапанаваць Зяленскаму здзейсніць удар па нашым нафтаперапрацоўчым заводзе, найлепшым, я б сказаў, заводу ў свеце, які мы нядаўна мадэрнізавалі і ўклалі туды велізарныя сродкі! Клянуся вам, такога не было. Навошта ты такое кажаш? Ты кепскі шоўмен, ты нават не Трамп!» – звярнуўся Лукашэнка да Зяленскага.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што сёлета прадбачыць нейкі «развязак» вайны.
«У гэтым годзе развязак нейкі будзе. Я не кажу, што скончыцца вайна ды іншае. Канфліктаваць, мусіць, яшчэ доўга будуць. Але развязак будзе. Святло ў канцы тунэлю з'явіцца сёлета», – прыводзіць ягоныя словы БелТА.
Пра маладое пакаленне
Лукашэнка адзначыў, што пад маладым пакаленнем, пра якое ён увесь час гаворыць у святле змены ўлады, ён мае на ўвазе не сваіх сыноў: ні малодшага, ні старэйшага.
,,«Ну і нібыта я ледзь не свайму малодшаму… А вось ён якраз з’явіўся [у гэты момант камера паказала Мікалая Лукашэнку, і Лукашэнка-старэйшы звярнуўся да яго]: так, будзеш прэзідэнтам… Ды ён і ў страшным сне гэтага не можа сабе ўявіць ужо цяпер, і ніводзін з маіх сыноў», – сказаў Лукашэнка.
У новай пяцігодцы, адзначыў ён, будзе новае пакаленне, а не канкрэтная персаналія. Натуральна, будзе, напэўна, і новы прэзідэнт.
«Не хачу загадваць к трыццатаму году, бо ў Наталлі Іванаўны Качанавай можа меркаванне змяніцца і яна скажа: "Ды не, мы не гатовыя", – і яшчэ папракне мяне, што я бегчы сабраўся. Таму будзем паціхеньку рыхтаваць новае пакаленне», – сказаў Лукашэнка.
Раман Шавель belsat.eu