Аляксандр Лукашэнка да Дня Перамогі памілаваў 42 палітвязняў. Пра гэта піша тэлеграм-канал «Пул Первого».
Паведамляецца, што былі памілаваныя людзі, якіх асудзілі за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці».
«Сярод памілаваных 18 жанчын і 24 мужчыны. З іх 13 маюць хранічныя хваробы, адзін ёсць інвалідам. У 24 асуджаных ёсць непаўналетнія дзеці, двое – шматдзетныя. Дзесяць асобаў старэйшыя за 50 гадоў, адзін дасягнуў пенсійнага ўзросту», – гаворыцца ў паведамленні.
Сцвярджаецца, што «ўсе яны хадайнічалі пра памілаванне, прызналі віну і раскаяліся ў зробленым».
Таксама адзначаецца, што МУС будзе сачыць за людзьмі, якіх вызваляюць: «забяспечыць кантроль за іх правапаслухмянымі паводзінамі».
Напярэдадні сталася вядома, што на волю выйшаў палітвязень Юрый Зянковіч. У 2024 годзе пачалося вызваленне палітвязняў невялікімі групамі. З таго часу адбылося дзевяць хваляў вызвалення паводле памілавання, у хадзе якіх на волю выйшлі 258 чалавек.
Паводле «Вясны», станам на 7 траўня 2025 года ў беларускіх турмах несправядліва ўтрымліваюць мінімум 1177 палітвязняў.
Арсен Рудэнка belsat.eu