Рэпартаж

Як Польшча рыхтуецца да расейскага нападу і стварае «Усходні шчыт» – канферэнцыя «Defence24 Days»

Наведвальнікі канферэнцыі «Defence 24 Days» аглядаюць экспанаты выставы, якая праходзіць у рамках канферэнцыі
Наведвальнікі канферэнцыі «Defence 24 Days» аглядаюць экспанаты выставы, якая праходзіць у рамках канферэнцыі. Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Еўропа прабудзілася, дзякуючы Трампу, і сур’ёзна ўспрымае перасцярогі пра магчымы расейскі напад, запэўнівалі на буйной канферэнцыі на тэму абароны ў Варшаве. Польшча выдаткоўвае на абарону і мадэрнізацыю войска рэкордныя сумы – і частка гэтых грошай ідзе на абарону мяжы з Беларуссю.

Дыскусія «Новыя асновы абароннай сістэмы. "ReArm Europe" – шанец на ваенную незалежнасць» з удзелам міністраў абароны Польшчы, Літвы і Харватыі падчас канферэнцыі «Defence 24 Days». Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Еўропа прачнулася і рыхтуецца бараніцца: Расея можа напасці цягам 3–5 гадоў – канферэнцыя «Defence24 Days» Рэпартаж

У бізнес-цэнтры варшаўскага Нацыянальнага стадыёну 6 траўня адкрылася чарговая міжнародная канферэнцыя «Defence24 Days», якую ладзіць польскае выданне «Defence24». Асноўная тэма канферэнцыі – расейская пагроза Еўропе на фоне ўжо не толькі вайны ва Украіне, але і сумневаў у трансатлантычным партнёрстве. На двухдзённай канферэнцыі запланавана паўсотні дыскусіяў і больш за 250 выступоўцаў. «Белсат» з'яўляецца медыяпартнёрам канферэнцыі.


У першы дзень канферэнцыі абмяркоўвалі «прабуджэнне» Еўропы: прэзідэнт ЗША Доналд Трамп прымусіў Еўропу інвеставаць ва ўласную абарону, а службы выведкі давялі – прынамсі да экспертнай супольнасці – магчымасць нападу Расеі на Еўропу ў наступныя 3–5 гадоў. Падрабязна пра гэта чытайце ў рэпартажы «Белсату». 

Міністр абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш паціскае рукі экіпажам вайсковай тэхнікі, якія ўдзельнічаюць у выставе падчас канферэнцыі «Defence 24 Days». Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Міністр абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш паціскае рукі экіпажам вайсковай тэхнікі, якія ўдзельнічаюць у выставе падчас канферэнцыі «Defence 24 Days». Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Польшча – лідар Еўразвязу ў выдатках на войска


Выступоўцы сумняваліся, ці паспее Еўропа падрыхтавацца і нарасціць магутнасці для эфектыўнага стрымлівання агрэсіі. І праблема не толькі ў фінансах ці бюракратыі. Выканаўчы дырэктар «Euro Créative» Рамэн Ле Кінью перасцярог: грамадская думка складваецца так, што еўрапейцы не гатовыя бараніць радзіму. Экс-прэзідэнтка Харватыі (2015–2020) Калінда Грабар-Кітаравіч пацвердзіла, што з гэтым ёсць праблема: цяпер на ейнай радзіме трываюць дыскусіі пра абавязковы набор у войска – і нямала маладых людзей кажа, што лепш эмігруе, чым будзе змагацца за сваю краіну.


Але гэта ўсё не значыць, што Еўропа не рыхтуецца. Віцэ-прэм'ер і міністр абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш расказаў, што польскія выдаткі на абарону дасягнулі рэкордных 4,7 % валавога ўнутранага прадукту пры тым, што дзяржавы NATO дамаўляліся ў 2014-м на мінімум 2 % – і гэтага ўзроўню дасягнулі яшчэ не ўсе.

Былая прэзідэнтка Харватыі Калінда Грабар-Кітаравіч удзельнічае ў дыскусіі «Еўрапейская цытадэль? Перспектывы еўрапейскага абароннага патэнцыялу» падчас канферэнцыі «Defence 24 Days». Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Былая прэзідэнтка Харватыі Калінда Грабар-Кітаравіч удзельнічае ў дыскусіі «Еўрапейская цытадэль? Перспектывы еўрапейскага абароннага патэнцыялу» падчас канферэнцыі «Defence 24 Days». Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Міністр дзяржаўных актываў Польшчы Якуб Явароўскі расказаў, што Польшча ўжо замовіла зброі на 120 млрд злотых (28 млрд еўраў), інвестуе найперш у супрацьпаветраную абарону і баявыя машыны польскай вытворчасці, намагаецца ў наступныя 2–3 гады цалкам «паланізаваць» вытворчасць артылерыйскіх снарадаў. Абарончую прамысловасць зараз трэба ставіць у абсалютны прыярытэт, лічыць міністр, і гэта можа азначаць нават змякчэнне экалагічных правілаў, бо гаворка ідзе пра цяжкую прамысловасць.


Міністр дыгіталізацыі Польшчы Кшыштаф Гаўкоўскі спрагназаваў: будучыя войны пачнуцца не з авіяналётаў і танкаў, а ў лічбавым свеце, абарону якога трэба рыхтаваць гэтак жа, як і звычайных узброеных сілаў. Трэба інвеставаць у штучны інтэлект, крыптаграфію, квантавыя вылічэнні, бо кібербяспека ўжо ёсць полем бою. Польшча, сказаў ён, цяпер самая атакаваная ў кіберпрасторы краіна Еўразвязу, а за мінулы год колькасць кібератак на Польшчу вырасла на 60 % – і гэта адначасова з іншымі гібрыднымі атакамі на крытычную інфраструктуру. Таму, лічыць Гаўкоўскі, Польшчы трэба будаваць і наступальныя сілы кібербяспекі, каб паказаць: «Абараніцца зможам, а калі спатрэбіцца, зможам і контратакаваць». Яшчэ адно поле бою, на якое міністр звярнуў увагу, – гэта дэзынфармацыя, і змагацца на ім вельмі цяжка, бо Расея інвестуе ў гэта немалыя сродкі, а пры гэтым знаходзяцца людзі, гатовыя здрадзіць дзяржаве за 3–4 тысячы еўраў.

Міністр дыгіталізацыі Польшчы Кшыштаф Гаўкоўскі прамаўляе падчас адкрыцця канферэнцыі «Defence 24 Days». Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Міністр дыгіталізацыі Польшчы Кшыштаф Гаўкоўскі прамаўляе падчас адкрыцця канферэнцыі «Defence 24 Days». Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Як Польшча ўмацоўвае грамадзянскую абарону


«Ці гатовыя да найгоршага сцэнару?» – такой была тэма адной з дыскусіяў, на якой абмяркоўвалі грамадзянскую абарону ў Польшчы. Пад найгоршым сцэнаром разумеюць поўнамаштабную вайну, напад Расеі, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.


1 студзеня 2025 года ў Польшчы набыў моц закон «Аб грамадзянскай абароне». Ён перабудоўвае сістэмы абароны насельніцтва ў мірны час і прадугледжвае яе трансфармацыю падчас вайны, вызначае задачы, правілы і парадак дзеянняў. Закон узмацняе ролю мясцовага самакіравання і вызначае фінансаванне – на новыя дзеянні ў грамадзянскай абароне Польшча збіраецца выдаткоўваць штогод 0,3 % ВУП (на дадатак да цяперашніх 4,7 % ВУП на вайсковую абарону).

Супрацьтанкавыя зубы цмока для ўмацавання мяжы Украіны з Беларуссю і Расеяй у Чарнігаўскай вобласці. 23 сакавіка 2024 года. Фота: ok_pivnich1 / Telegram
«Сякуць дрэвы, ставяць зубы цмока». Відавочцы расказалі пра рыхтаванне да вайны на Пастаўшчыне навіны

Пакуль далёка не ўсе сілы гатовыя да раптоўнай мабілізацыі, расказаў дырэктар дэпартаменту грамадзянскай абароны Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы Дар'юш Марчыньскі. Аналіз звестак яшчэ не завершаны, але папярэдне выглядае, што сілы публічнай адміністрацыі гатовыя хіба на 20–30 %, валанцёрскія сілы – на 62–75 %, можна прадказаць істотны недахоп медычнага персаналу. Дырэктар бюро грамадзянскай абароны Пажарнай аховы Польшчы Мар'юш Ленартовіч расказаў, што грамадзянскую абарону ў выпадку ваеннага становішча будуць забяспечваць у тым ліку пенсіянеры пажарнай аховы, паліцыі, выведкі і іншых службаў.

Аб праблемах мясцовых уладаў дэталёва расказала Марта Маеўска – бурмістарка (мэр) мястэчка Грубешаў, што на мяжы з Украінай па дарозе на Луцк. Там ужо распачалі выкананне нормаў, прапісаных у законе, пачалі інвентарызацыю аб’ектаў і тэрыторыяў для гэтага, даведаліся, колькі грошай атрымаюць на грамадзянскую абарону. Пабачылі, што бракуе адпаведных складоў і сховішчаў, і атрымалі на іх усяго мільён злотых – каля 234 тысяч еўраў. Пабачылі асаблівы дэфіцыт у кадрах: спецыялісты выязджаюць з малых гарадоў у буйнейшыя, таму надзея сапраўды на пенсіянераў. Бракуе і сістэмы камунікацыі: падчас крызісу 2022 года, калі праз 15-тысячны Грубешаў прайшлі 14 тысяч украінскіх уцекачоў, каардынацыю ўратавалі асабістыя знаёмствы жыхароў невялікага мястэчка. Маеўска канстатавала: у навучанне аперацыйнай дзейнасці і лагістыцы інвеставалі мала.


З навучаннем сітуацыя паляпшаецца: мясцовых кіраўнікоў вучаць грамадзянскай абароне на спецыяльных 4-дзённых праграмах, для іх ладзяць ролевыя гульні на развязанне розных крызісных сцэнароў, расказаў рэктар-камендант Пажарнай акадэміі Томаш Клімчак. Заняткі правялі ўжо для больш як паловы ваяводаў і маршалкаў ваяводстваў (абласных прадстаўнікоў ураду і кіраўнікоў абласнога самакіравання) ды амаль 90 % старастаў паветаў і гарадоў на правах павету (кіраўнікоў раёнаў і гарадоў раённага значэння). На сайце грамадзянскай абароны можна нават пабачыць мапу таго, хто прайшоў навучанне і хто не прайшоў.

Наведвальнікі канферэнцыі «Defence 24 Days» аглядаюць экспанаты выставы, якая праходзіць у рамках канферэнцыі. Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Наведвальнікі канферэнцыі «Defence 24 Days» аглядаюць экспанаты выставы, якая праходзіць у рамках канферэнцыі. Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Як Польшча будуе «Усходні шчыт»


Год таму Польшча анансавала праграму абароны дзяржаўнай мяжы «Усходні шчыт» («Tarcza Wschód»), на якую выдаткавала 10 млрд злотых (каля 2,4 млрд еўраў паводле цяперашняга курсу). Праграма разлічаная не толькі на абарону ў выпадку нападу, але і на стрымліванне агрэсіі праз дэманстрацыю гатовасці, расказаў першы намеснік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык. Умацоўваюць як мяжу з Беларуссю, так і мяжу з Калінінградскай вобласцю Расеі. І нават мяжу з Літвой: хоць нападу з Літвы не чакаюць, польска-літоўскае памежжа, так званы сувальскі калідор, лічыцца патэнцыйнай цэллю Расеі.


У межах праграмы ў памежнай зоне (каля аднаго кіламетра ад мяжы) будуюцца як бачныя, так і нябачныя ўмацаванні, расказаў Томчык. Бачныя – гэта, напрыклад, вежы, супрацьтанкавыя равы і «зубы цмока». Нябачныя – сістэмы радыёэлектроннай выведкі ці абароны ад дронаў. Яшчэ адна катэгорыя выдаткаў – інфраструктура падвоенага прызначэння: дарогі і сувязь або падземныя паркінгі, якія могуць быць сховішчамі пры абстрэлах. «Шчыт» хочуць будаваць у супрацы з мясцоваю супольнасцю, каб паказаць, як інвестыцыі ідуць на рэальнае ўмацаванне бяспекі.


Кіраўнік вайсковай інжынерыі Галоўнага камандавання Узброеных сілаў Польшчы Марэк Ваўжыняк падкрэсліў, што для «Шчыта» выкарыстоўваюць прыватныя землі, але іх не адбіраюць прымусова, а выкупляюць – і прыватныя ўласнікі самі звяртаюцца з прапановай даць тэрыторыю пад вайсковае будаўніцтва. 


Будуюць як уздоўж мяжы, так і ўглыбіню: дарогі і склады ў межах праграмы размяшчаюцца на адлегласці да сотні кіламетраў ад мяжы. Бетонную інфраструктуру плануюць збудаваць прынамсі на 300–400 кіламетрах з 800 кіламетраў мяжы. Абарону можа запэўніваць і прырода, напрыклад, балоты і густыя лясы.

Першы намеснік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык, кіраўнік вайсковай інжынерыі Галоўнага камандавання Узброеных сілаў Польшчы Марэк Ваўжыняк, камандуючы войскамі тэрытарыяльнай абароны Кшыштаф Станьчык падчас канферэнцыі «Defence 24 Days». Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Першы намеснік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык, кіраўнік вайсковай інжынерыі Галоўнага камандавання Узброеных сілаў Польшчы Марэк Ваўжыняк, камандуючы войскамі тэрытарыяльнай абароны Кшыштаф Станьчык падчас канферэнцыі «Defence 24 Days». Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Чатыры брыгады ўтвараюць спецыяльны кампанент абароны памежжа, дадаў камандуючы войскамі тэрытарыяльнай абароны Кшыштаф Станьчык. Гэтыя брыгады маюць не толькі дапамагаць у абароне, але і рэалізоўваць пабудову «Шчыта». Тэрытарыяльная абарона цяпер лёгка ўзброеная, адзначыў Станьчык, але мае супрацьтанкавыя сродкі, у тым ліку персанальныя ракетныя комплексы «Javelin». Тэрабароне плануюць даць цяжэйшае ўзбраенне, напрыклад, гарматы калібру 105 мм, каб можна было біць па варожых танках на адлегласці некалькіх кіламетраў. 


Пры гэтым тэрабарона не павінна змагацца з уварваннем сама – ёсць дзясяткі іншых аперацыйных адзінак, гатовых адбіваць напад. Трывае вайсковая аперацыя «Бяспечнае Падляшша», уведзеная мінулым летам у адказ на гібрыдныя пагрозы з боку Беларусі і Расеі. На пачатку штучна створанага міграцыйнага крызісу для абароны прыцягнулі 80 адзінак, не быў належным чынам наладжаны абмен звесткамі між вайскоўцамі, памежнікамі і паліцыяй, згадаў Ваўжыняк. А летась быў створаны каардынацыйны цэнтр і сфармаваная адна дывізія, адказная за аперацыю. Яна працуе як замежны кантынгент з трывалай дыслакацыяй і загадзя запланаванай ратацыяй.


Апрача таго, на мяжы будуюць 400 кіламетраў «электроннага бар’еру»: камеры назірання і цэнтры нагляду. Перспектыўнымі кампанентамі лічаць дроны і антыдронавыя сістэмы, сістэмы распазнавання незвычайнай актыўнасці на радыёчастотах і нават штучны інтэлект, які можа прааналізаваць звесткі і падказаць, адкуль чакаць нападу і дзе капаць акопы.


Алесь Наваборскі belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10