Колішні міністр унутраных справаў Беларусі, генерал Юрый Захаранка знік і, відаць, быў забіты, роўна 26 гадоў таму – 7 траўня 1999 года. Дарадца Святланы Ціханоўскай у парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька распавёў «Белсату» пра прэзідэнцкія амбіцыі Захаранкі і падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі са знікненнем шэрагу заўважных палітыкаў у Беларусі.
«Каб зразумець, што адбылося, трэба ўзгадаць кантэкст. 1999 год. Лукашэнка застаецца папулярным, але гэта ўжо не той Робін Гуд, не той Дзед Мароз, які быў у 1994 годзе. Набліжаюцца выбары. У Лукашэнкі мандраж», – кажа Анатоль Лябедзька.
На ягоную думку, Аляксандр Лукашэнка быў не ўпэўнены ў сваіх сілах, таму пастанавіў «зачысціць прастору» ад моцных апазіцыйных кандыдатаў на прэзідэнцтва.
,,«Гэта мая галоўная версія. Думаю, што яна адлюстроўвае той час. Яшчэ ўзгадаем 1999 год – раптоўная смерць Карпенкі [палітык Генадзь Карпенка. – Заўв. рэд.]. Ёсць усе падставы казаць, што там было вонкавае ўмяшанне. Карпенка быў адным з самых моцных кандыдатаў. Яму не дазволілі прыняць удзел у выбарчай кампаніі 1994 года, але ён нацэльваўся ўзяць удзел у 2001 годзе. І гэта быў адзін з нешматлікіх людзей, хто быў папулярны не толькі ў дэмакратычным асяродку, але і ў наменклатуры», – працягвае Анатоль Лябедзька.
Ён прыгадвае, што ў гэты ж час былы старшыня Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар, які пасля таксама знік без звестак, распачаў кампанію дэлегітымізацыі Аляксандра Лукашэнкі.
«Ён арганізаваў альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары, у якіх прынялі ўдзел Пазняк [палітык Зянон Пазняк. – Заўв. рэд.] і Чыгір [былы прэм’ер Міхаіл Чыгір. – Заўв. рэд.]. Пазняк потым здымаецца, а Чыгіра кідаюць на восем месяцаў у турму. Зноў жа, гэта праява няўпэўненасці ў сабе. І Захаранка. Выкраданне і забойства», – кажа Лябедзька.
Ён падкрэслівае, што Юрый Захаранка ў 1994 годзе і ў 1999 годзе меў розную палітычную вагу. Калі ў 1994 годзе гэта быў папулярны генерал сярод людзей у пагонах, то ў 1999 годзе – гэта ўжо адзін з лідараў усёй апазіцыі.
«Ён быў адным з арганізатараў першага Кангрэсу дэмакратычных сілаў у 1996 годзе. І ў яго, як і ў Карпенкі, былі амбіцыі ісці на выбары 2001 года. Усе гэтыя абставіны даюць пацверджанне таго, што тады пачалася зачыстка прасторы. Кейс Ганчара, Красоўскага [зніклы бізнесовец Анатоль Красоўскі. Заўв. рэд.] – гэта, зноў жа, 1999 год», – кажа Лябедзька.
Целаў зніклых дасюль не знайшлі, але, верагодна, усе былі забітыя. У датычнасці падазраюцца колішні кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Віктар Шэйман, былыя міністры ўнутраных справаў Уладзімір Навумаў і Юрый Сівакоў і тагачасны камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка.
Некалькі гадоў таму былы баец Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання Юрый Гараўскі распавёў, што Захаранку, Ганчара і Красоўскага нібыта забіў Паўлічэнка стрэламі ў спіну. Гараўскі дадаў, што і сам датычны, але суд у Швейцарыі прыйшоў да высновы, што той, магчыма, служыў у САХРы, але ягоная роля ў выкраданнях застаецца незразумелая.
Анатоль Лябедзька нагадвае, што гісторыя ведае, калі зусім старых людзей каралі за старыя злачынствы, таму і тут лічыць, што вінаватыя будуць пакараныя.
«Усё яшчэ наперадзе. Тым больш што гэтая справа – сакрэт палішынеля. Тут вядомыя і забойцы, і арганізатары, і замоўцы», – падводзіць рысу Лябедзька.
Марыя Сысой, Арсен Рудэнка belsat.eu