«Белавія» папярэджвае пра затрымкі некаторых сваіх рэйсаў у выніку частковага абмежавання палётаў у Цэнтральнай Расеі ў звязку з атакай дронаў. Паведамленне з'явілася ў тэлеграм-канале «Белавіі» 7 траўня.
«Белавія» рэкамендуе пасажырам, якія ўжо купілі білет, адсочваць інфармацыю пра свой рэйс у раздзеле «Статус браніравання» на сайце авіякампаніі belavia.by.
,,«Таксама просім звярнуць увагу: у найбліжэйшыя даты магчымыя кропкавыя змены ў раскладзе палётаў з прычыны падрыхтоўкі да параду ў Маскве ў гонар 80-годдзя Перамогі», – піша «Белавія».
За актуальным раскладам таксама можна сачыць на галоўнай старонцы сайту авіякампаніі ў раздзеле «Табло вылету / прылёту».
У Расеі авіякампаніі масава затрымліваюць або ўвогуле адмяняюць рэйсы ў звязку з атакаю дронаў. Пра збоі ў працы паведамілі «Аэрофлот», «Россия», «Победа», «Nordwind», «NordStar» і іншыя.
Асацыяцыя тураператараў Расеі паведаміла, што змены закранулі мінімум 350 рэйсаў і каля 60 тысяч пасажыраў.
«Напярэдадні, увечары 6 траўня, маскоўскія аэрапорты прыпынілі прыём і адпраўку самалётаў праз небяспеку атакі БПЛА. Спачатку абмежаванні ўвялі ва "Унукаве", "Жукоўскім" і "Дамадзедаве", пазней – і ў "Шарамецьеве". Абмежаванні дзеялі як мінімум да 5:30 паводле Масквы. Таксама ўвечары закрывалі аэрапорт "Сочы", ноччу закрывалася Казань. Раніцай – Кіраў і Ніжнякамск», – піша асацыяцыя 7 траўня.
Таксама тэлеграм-канал «ASTRA» паведамляе пра пажары на вайсковых аэрадромах «Шайкоўка» ў Калужскай вобласці і «Кубінка» ў Падмаскоўі «пасля масаванай атакі БПЛА». Паводле кіраўніка Цэнтру процідзеяння дэзынфармацыі пры РНБА Украіны Андрэя Каваленкі, Украіна атакавала ў Расеі важныя аб'екты ВПК.
Расейскія ж Z-каналы абвінавацілі Украіну ў тым, што яна хоча сапсаваць свята 9 траўня.
Раней прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін прапанаваў Украіне замірэння з 8 да 10 траўня. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адказаў, што «расейцы просяць цішыню на 9 траўня, а самі б'юць кожны дзень па Украіне».
«Калі цішыня, то кожны дзень, калі спыненне агню, то не ў іхныя святы, а на кожны дзень», – сказаў Уладзімір Зяленскі.
Арсен Рудэнка belsat.eu