Рэпартаж

Навальніца напярэдадні першага дыму. Рым і Ватыкан перад канклавам

Першы дзень канклаву. Ватыкан, Ватыкан. 7 траўня 2025 года. Фота: Beata Zawrzel / Reporter / East News
Першы дзень канклаву. Ватыкан, Ватыкан. 7 траўня 2025 года. Фота: Beata Zawrzel / Reporter / East News
podpis źródła zdjęcia

Сёння ў Ватыкане адкрыецца канклаў, на якім 133 кардыналы выберуць новага Папу: у сярэдзіне дня яны накіруюцца ў Апостальскі палац, з якога ўрачыста пройдуць у Сікстынскую капэлу. Дзверы зачыняцца і пройдзе першае галасаванне. Якая абстаноўка ў Рыме і Ватыкане перад канклавам і хто з кардыналаў спадзяецца, што выберуць не яго, – у рэпартажы «Белсату».

Рым перапоўнены людзьмі: гэты год у Каталіцкім Касцёле – юбілейны, і таму, незалежна ад пахавання Папы Францішка і абрання новага пантыфіка, у італьянскай сталіцы тысячы паломнікаў з усяго свету. Рух іхных калонаў па Вія-дэлля-Канчыльяц’ёнэ (вуліца ад Тыбру да сабора Св. Пятра) рэгулююць валанцёры, яны ж дзяжураць у каланадзе Бэрніні і ўнутры сабору Св. Пятра. Маршрут руху ў саборы даволі заблытаны, і нярэдка валанцёрам даводзіцца суцяшаць пілігрымаў сталага веку, якія ў роспачы не могуць знайсці правільнага ўваходу або выхаду. Але, суцяшаючы, іх усё ж накіроўваюць у іншы бок і цярпліва тлумачаць дарогу.


Трапіць на плошчу і ў сабор нескладана, чэргі рухаюцца даволі хутка. Група турыстаў, паднімаючыся па прыступках у сабор Св. Пятра, раптам спыняецца: экскурсаводка ўбачыла, што я фатаграфую тую самую трубу над Сікстынскай капэлай, і звярнула ўвагу турыстаў на гэты прадмет, з якога ўжо на наступны дзень пойдзе першы дым. Як кажа гід, паводле логікі і паводле традыцыі дым будзе чорным.

Вернікі глядзяць жывую трансляцыю святой імшы ў саборы Святога Пятра ў першы дзень канклаву, падчас якога кардыналы выберуць новага Папу. Ватыкан. 7 траўня 2025 года. Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto via Getty Images
Вернікі глядзяць жывую трансляцыю святой імшы ў саборы Святога Пятра ў першы дзень канклаву, падчас якога кардыналы выберуць новага Папу. Ватыкан. 7 траўня 2025 года. Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto via Getty Images

Сабор рыхтуюць да імшы ў інтэнцыі абрання пантыфіка, якую заўсёды служаць раніцаю ў дзень адкрыцця канклаву. Пластыкавыя крэслы для вернікаў, зручнейшыя, абабітыя чырвоным крэслы для кардыналаў, замена свечак на алтары, вакол якога ездзіць вялікая машына для мыцця падлогі. Наведнікаў, якія падняліся з ватыканскіх гротаў, дзе пахаваныя шмат якія Папы, просяць не затрымлівацца – усе здымаюць гэтую машыну.


У ватыканскіх крамах чакана не праціснуцца. У кнігарні сярод іншага прадаюць выданні 1950-х на расейскай мове: Тамаш Кемпійскі, Псалтыр, трэбнікі. Непадалёк ляжыць стос «Annuario Pontificio» – Папскага штогодніку, статыстычнага зборніку Каталіцкага Касцёлу: у ім ёсць інфармацыя пра ўсе дыяцэзіі і ўсіх біскупаў. Пачынаючы з рымскага. Паколькі штогоднік друкавалі на пачатку года, у ім яшчэ значыцца біскуп Рыму Францішак. Але людзі купляюць не кнігі, а сувеніры з нябожчыкам Папам.


Па заканчэнні апошняй генеральнай кангрэгацыі з'яўляюцца кардыналы. Яны паводзяцца па-рознаму: хтосьці сядае ў аўтамабіль і як мага хутчэй з'язджае праз бакавы выхад паўз журналістаў і турыстаў, а хтосьці ідзе праз плошчу.

Французскі кардынал Жан-Поль Вэско (Jean-Paul Vesco) адказвае на пытанні журналістаў перад паседжаннем Калегіі кардыналаў. Ватыкан. 7 траўня 2025 года. Фота: Antonio Masiello / Getty Images
Французскі кардынал Жан-Поль Вэско (Jean-Paul Vesco) адказвае на пытанні журналістаў перад паседжаннем Калегіі кардыналаў. Ватыкан. 7 траўня 2025 года. Фота: Antonio Masiello / Getty Images

Арцыбіскуп Алжыру кардынал Жан-Поль Вэско (Jean-Paul Vesco) мімаволі сабраў вакол сябе не толькі тых, хто жадаў добраславення, але і імправізаваную прэс-канферэнцыю. Спрытна абыходзячы вострыя пытанні і часта смеючыся, ён, здавалася, ужо і сам быў не рады, што так ахвотна добраслаўляў усіх ахвочых, чым прыцягнуў увагу турыстаў і журналістаў.


Паколькі кардыналаў больш за 250, а права голасу маюць 133, шмат каго не ведаюць у твар. Лацінаамерыканцы спадзяваліся, што гэты прэлат паходзіць з іхнага кантыненту. «Зрабі сэлфі, раптам гэта будучы Папа!» – угаворвала кагосьці жанчына ў мяне за плячыма. Перада мною стаяў кардынал і, як знарок, са смехам адказваў журналісту, ці не ён будзе наступным Папам: «Спадзяюся, не. Не, вядома, не».


Зрэшты, выключаць нельга любога выніку канклаву, часам самых непрадказальных выбараў на свеце. Таму кардыналу Вэско прыйшлося яшчэ нейкі час добраслаўляць людзей, фатаграфавацца і адбівацца ад журналістаў. Ён паўтарыў, што наўрад ці будзе абраны Францішак II, бо Касцёл пасля страсення мае патрэбу ў спакоі.


Заадно іерарх выказаў радасць ад таго, што кардыналы ўжо здалі свае тэлефоны і атрымаюць іх толькі пасля канклаву. «Мы ўсе маем патрэбу ў цішыні», – сказаў кардынал Вэско і нарэшце пазбыўся ўвагі прэсы.

Майстэрня Раньера Манчынэллі пашыла для Ватыкану тры касцюмы трох розных памераў, якія будзе насіць новы Папа пасля свайго абрання. Рым, Італія. 6 траўня 2025 года. Фота: Alessandro Serrano / AGF / SIPA / East News
Майстэрня Раньера Манчынэллі пашыла для Ватыкану тры касцюмы трох розных памераў, якія будзе насіць новы Папа пасля свайго абрання. Рым, Італія. 6 траўня 2025 года. Фота: Alessandro Serrano / AGF / SIPA / East News

Паблізу Ватыкану месцяцца дзве вядомыя касцельныя крамы: «Euroclero» і «Mancinelli Clero». У першай былі толькі нешматлікія турысты і святары, а ў другой толькі журналісты. Да папскага краўца Раньера Манчынэллі пастаянна прыходзяць з розных тэлеканалаў, і ён чарговы раз пераказвае, што Францішак любіў тонкія і танныя сутаны, катэгарычна не жадаючы традыцыйна вышытага герба ў нізе пояса, а Бэнэдыкт XVI аддаваў перавагу зграбным якасным сутанам з шчыльнейшага матэрыялу, таму што мёрз.


Гэтым разам Манчынэллі даводзіцца размаўляць па-англійску, і відаць, што гэта для яго не такая лёгкая задача. Ён паказвае пілеолюсы (яны ж дзукета або піускі – традыцыйныя маленькія шапачкі каталіцкага духавенства): чорная для святара, малінавая для біскупа, чырвоная для кардынала. Журналістка блытаецца: «А дзе ж папская?» Кравец паўтарае зноў: «На жаль, усе папскія скончыліся».


Але потым аказваецца, што адна яшчэ засталася, яна ляжыць на вітрыне. Папскую белую шапачку прыносяць, і цяпер камплект сабраны. Адначасова скончыліся і пытанні, пажылы кравец з палёгкай пазуе аператарам за прылаўкам і ў руху. Напэўна, не толькі кардыналы выдыхнуць пасля абрання пантыфіка.

,,

У адрозненне ад плошчы Св. Пятра і невялікай крамы пастаўніка Яго Святасці, на плошчы перад базілікай Санта-Марыя-Маджорэ людзей практычна няма. Жменька турыстаў сядзіць на фантане, група святароў абмяркоўвае нейкія свае справы ўбаку. Святыня, у якой пахаваны Папа Францішак, аперазаная агароджай: ля яе павінна стаяць чарга на ўваход. Але чаргі няма, і рамкі ўдаецца прайсці літаральна за хвіліну.


Да магілы Францішка стаіць кароценькая чарга, літаральна з дзясятак асобаў. Па баках ад нішы з надмагільнай плітой стаяць паліцыянты. Яны ўвесь час паўтараюць: «Don't stop, please» («Калі ласка, не затрымлівайцеся») і паказваюць рукой, што трэба праходзіць і не спыняцца даўжэй, чым на адно фота. Паколькі агароджы ідуць дугой, паліцыянты махаюць і тым, хто імкнецца спыніцца там. Жменя тых, хто моліцца, трымаецца далей. Адна жанчына стаіць на каленях насупраць нішы, за суседняй калонай выцірае слёзы мужчына.

Паломнік стаіць на каленях каля сабору Святога Пятра ў першы дзень канклаву. Ватыкан. 7 траўня 2025 года. Фота: Beata Zawrzel / Reporter / East News
Паломнік стаіць на каленях каля сабору Святога Пятра ў першы дзень канклаву. Ватыкан. 7 траўня 2025 года. Фота: Beata Zawrzel / Reporter / East News

Як і ў саборы Св. Пятра, незразумела, колькі з тых, хто сабраўся, турысты, а колькі – паломнікі. У куце каля алтара стаіць згорнуты ўмбракулюм, вялікі традыцыйны жоўта-чырвоны парасон, адзін з сімвалаў перыяду «Sede Vacante», які звычайна ёсць таксама ў папскіх базіліках. Ён не прыцягвае ўвагі навакольных.


Раніцай 7 траўня народ падцягваецца да плошчы Св. Пятра ў надзеі трапіць у сабор на імшу з кардыналамі, але ўдаецца гэта няшмат каму. Ды і на плошчу пускаюць не ўсіх. Гэтак, група журналістаў сумуе ўбаку ад аднаго з уваходаў, на прыступках Кангрэгацыі веравучэння. У каланадзе сядзіць пажылы мужчына з таблічкай «Амбасада Югаславіі», але ўсе праходзяць міма.

Кардыналы падчас святой імшы з нагоды выбараў пантыфіка перад пачаткам канклаву ў саборы Святога Пятра. Ватыкан. 7 траўня 2025 года. Фота: Handout / Vatican Media / AFP / East News
Кардыналы падчас святой імшы з нагоды выбараў пантыфіка перад пачаткам канклаву ў саборы Святога Пятра. Ватыкан. 7 траўня 2025 года. Фота: Handout / Vatican Media / AFP / East News

Дэкан калегіі кардыналаў Джаванні Батыста Рэ кіруе ўжо другім канклавам (але ў Сікстынскую капэлу не ўвойдзе, бо яму за дзевяноста). У гаміліі кардынал сказаў, што абранне Папы – гэта «не проста чаргаванне персонаў, але гэта кожны раз вяртанне апостала Пятра». Ён завяршыў казань заклікам, дзеля якога і праводзіцца імша ў інтэнцыі абрання пантыфіка: «Памолімся ж аб тым, каб Святы Дух, які падараваў нам за апошняе стагоддзе цэлы шэраг сапраўды святых і вялікіх Папаў, падарыў нам новага Папу даспадобы Богу, дзеля дабра Касцёлу і чалавецтва. Памолімся, каб Бог падарыў Касцёлу Папу, які найлепшым чынам здолее абудзіць сумленне ўсіх людзей і маральна-духоўныя сілы сучаснага грамадства, якое адзначанае вялікім тэхнічным прагрэсам, але ўсё больш забывае пра Бога».


Журналісты здымаюць адно аднаго, турысты змешваюцца з паломнікамі, над плошчаю плывуць цёмныя хмары. У першы дзень канклаву ў Рыме абяцаюць навальніцу.


Іван Аляксееў / ІР belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10