Праз бяздзейнасць лічбавых платформаў лукашэнкаўская прапаганда, скіраваная на Польшчу, атрымлівае мільёны праглядаў. Але падтрыманыя ёй кандыдаты не мелі поспеху на выбарах.

Расследавальнікі «Alliance4Europe» апублікавалі даклад пра спробы ўплыву на прэзідэнцкія выбары ў Польшчы з боку падсанкцыйных дзяржаўных медыяў Беларусі. Найбольшыя поспехі прапаганда мела на TikTok і YouTube, тады як Facebook і X далі ёй менш праглядаў. На думку расследавальнікаў, калі б тыя платформы мацней сачылі за выкананнем правілаў і санкцыяў, бачнасць прапаганды была б значна меншай.
Даклад тычыцца перыяду да першага туру польскіх прэзідэнцкіх выбараў, які прайшоў 18 траўня 2025 года, і сеткі акаўнтаў вакол польскамоўнай службы радыё «Беларусь» – «Międzynarodowe Radio Białoruś». Гэтае радыё ўваходзіць у склад Белтэлерадыёкампаніі, якая ў 2022 годзе трапіла пад санкцыі Еўразвязу і шэрагу іншых краінаў.
Нягледзячы на санкцыі, «Międzynarodowe Radio Białoruś» праз сацсеткі дамаглося 16 мільёнаў праглядаў амаль 8 тысяч сваіх матэрыялаў і паўмільёна ўзаемадзеянняў з пастамі і відэа (станам на 7 траўня). Гэта, як пішуць расследавальнікі, моцная лічбавая прысутнасць, якую дазволіў стварыць слабы кантроль з боку пляцовак.
За каго агітавала радыё «Беларусь»
Публікацыі польскай службы радыё «Беларусь», як пішуць расследавальнікі, мелі на мэце падрыў даверу грамадскасці да дэмакратычных інстытутаў Польшчы, узмацненне палярызацыі ў грамадстве, дыскрэдытацыю або прасоўванне пэўных палітычных кандыдатаў. У прыватнасці, прасоўвалі Мацея Мацяка і Альдону Скіргела.
Мацей Мацяк – колішні журналіст і ўласнік влацлаўкаўскага тэлеканалу «CW 24tv», які спыніў дзейнасць у 2019 годзе, з нядаўняга часу – Youtube-блогер. З 2006 года ўдзельнічаў у выбарах рознага ўзроўню, у 2022 годзе стварыў і ўзначаліў «Рух міру і дабрабыту». Выданне «Polityka» акрэсліла Мацяка як «фаната Пуціна і Беларусі», а «Gazeta Wyborcza» называла яго «towarzysz Maciak» – словам «таварыш», якое асацыюецца ў Польшчы з камунізмам. «Rzeczpospolita» яшчэ ў сакавіку пісала, што яго падтрымлівае лукашэнкаўская і пуцінская прапаганда. На прэзідэнцкіх выбарах 2025 года ён атрымаў 36 371 галасоў (0,19 %).
Яскравым эпізодам выбарчай кампаніі была размова Мацяка з журналістам Кшыштафам Станоўскім, які сам балатаваўся ў прэзідэнты (атрымаў у першым туры 1,24 %). Станоўскі перапытваў, ці правільна пачуў на ранейшых дэбатах, што Мацяк захапляецца Уладзімірам Пуціным. Мацяк адказаў, што захапляецца «выключнай стойкасцю» Пуціна, на якога ідзе «столькі нянавісці», і шануе Пуціна. Станоўскі спыніў інтэрв’ю на другой хвіліне.
Альдона Скіргела была яшчэ менш паспяховай за Мацяка: набрала толькі 93 тысячы подпісаў са 100 тысяч неабходных для рэгістрацыі на кандыдацтва і не ўзяла ўдзелу ў выбарах-2025. Фермерка, акторка з тэлесерыялу «Жонкі Падляшша» і рэдактарка часопісу «Свет коняў» займалася палітыкай з 2018 года, далучылася да скрайне левай партыі «Самаабарона», у палітычных кампаніях цэлілася найперш на праваслаўных вернікаў, выступала супраць абмежавання гандлю з Беларуссю і Расеяй. «Wirtualna Polska» і «Onet» называлі яе «лакальнай скандалісткай».
У наратывах, якія распаўсюджвала радыё «Беларусь», гаварылася найперш пра тое, што легітымнасць польскіх выбараў была пастаўленая пад пагрозу, з асаблівым акцэнтам на «адсутнасць незалежнасці» Вярхоўнага суда, які зацвярджае правадзейнасць выбараў. Таксама гучалі заявы пра адсутнасць незалежнасці Нацыянальнай выбарчай камісіі Польшчы, пра «выбары без выбару» і пра тое, што найбольш папулярныя кандыдаты – Рафал Тшаскоўскі і Караль Наўроцкі – «служаць замежным інтарэсам». Тшаскоўскі ў прапагандзе – «марыянетка глабалісцкіх элітаў», Наўроцкі – «музейны ідыёт». Скрайне правага кандыдата Славоміра Мэнцэна крыху хвалілі: ён «палітычны воўк», хай і «накручвае прагляды» ў сацыяльных сетках.
Прапаганда Беларусі расказвала Польшчы і пра падзеі за межамі Польшчы. Напрыклад, пра ануляванне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі ў 2024 годзе. Была і крытыка польскай дапамогі Украіне – «бандэраўцам», як украінцаў называе прапаганда. Акрамя таго, барацьба за правы ЛГБТ-супольнасці выстаўлялася як «замежная ідэалагічная пагроза польскаму грамадству».
На БТ няма нармальных «ботаводаў», а польскую мову добра ведае толькі Шмыт?
Прапаганда, скіраваная на палякаў, вялася прынамсі з 2023 года. Але вялася даволі прымітыўна. Напрыклад, на X відэа ад радыё «Беларусь» боты (або надзіва падобныя да ботаў «пустыя» карыстальнікі) заклікалі глядзець ідэнтычнай фразай: «Zobacz filmik użytkownika Międzynarodowe radio Białoruś!» («Паглядзі відэа карыстальніка Міжнароднага радыё "Беларусь"!»). Рэтўіты радыё «Беларусь» рабілі, імаверна, паводле раскладу, гэта відаць з таго, што час рэтўітаў мае цэлыя секунды (напрыклад, а 08:11:00 ці 15:56:00).
На польскую, сярод іншага, перакладалі кантэнт тэлеканалу «Беларусь 1». Бывала, што словы, якія БТ пераклала з польскай на расейскую, ізноў перакладалі на польскую ўжо з расейскай. У перакладах дапускалі неўласцівыя палякам памылкі: напрыклад, ужывалі слова «flag» у мужчынскім родзе, калі ў польскай «сцяг» жаночага роду, flaga. Былі і прыкметы выкарыстання машыннага перакладу, і выразання з цытатаў «варожых галасоў» нязручных выказванняў пра Аляксандра Лукашэнку.
Частым героем відэа радыё «Беларусь» для Польшчы быў Томаш Шмыт – польскі суддзя, які ўцёк у Беларусь, а ў Польшчы быў абвінавачаны ў шпіянажы і абвешчаны ў вышук. Ён не толькі распавядаў, «як кепска ў Польшчы» і як «Брусель уплывае на польскія выбары», але і спрабаваў выпытаць у польскіх службаў інфармацыю пад выглядам польскага журналіста.
Гэта прасілі заблакаваць – паслухаўся толькі TikTok
Facebook, Youtube і X – амерыканскія, а не еўрапейскія сацсеткі. ЗША не ўводзілі санкцыяў супраць Белтэлерадыёкампаніі, але ўводзілі супраць яе былога і дзейнага кіраўнікоў. Але амерыканскія сацсеткі як «вельмі вялікія онлайн-платформы» абавязаныя перадухіляць распаўсюд падсанкцыйнага кантэнту ў Еўразвязе згодна з еўрапейскім законам аб лічбавых сэрвісах (Digital Services Act). Тое ж тычыцца кітайскага TikTok'у. Пра гэта расследавальнікі нагадвалі платформам яшчэ ў снежні 2024 года.
У апошні тыдзень перад выбарамі да пляцовак чарговы раз звярталіся наконт падсанкцыйнага лукашэнкаўскага радыё праз сістэмы пазнакі незаконнага кантэнту. Захады прыняў толькі кітайскі TikTok, які выставіў геаграфічнае блакаванне на кантэнт радыё.
На момант публікацыі «Międzynarodowe Radio Białoruś» з тэрыторыі Польшчы ўсё яшчэ можна без усялякіх абмежаванняў паглядзець на Youtube ці Facebook, таксама як можна пачытаць на X тўіты Шмыта.
Алесь Наваборскі belsat.eu