Раман Галоўчанка зноў трапіў пад агонь крытыкі Аляксандра Лукашэнкі і атрымаў у свой адрас пагрозы аб звальненні. Гэтым разам у выпадку, калі не справіцца з укараненнем у эканоміку формулы справядлівага цэнаўтварэння. Але такія пагрозы ў адрас прэм’ер-міністра гучаць не ў першы раз. Узгадалі, за што яшчэ крытыкаваў прэм’ера і ягоны ўрад Аляксандр Лукашэнка цягам апошніх гадоў.
Раман Галоўчанка ўзначальвае беларускі ўрад з 4 чэрвеня 2020 года. Пасля Сяргея Сідорскага гэта другі доўгажыхар на пасадзе прэм’ер-міністра Беларусі. І за гэты час ягоны патрон, Аляксандр Лукашэнка, не аднойчы гразіў яму адстаўкай.
Апошняя пагроза прагучала 3 студзеня 2025 года: гэта адбудзецца ў выпадку, калі ўрад Рамана Галоўчанкі не справіцца з укараненнем «формулы справядлівасці ў цэнаўтварэнні»: «Калі ўрад не здольны гэтага зрабіць, значыць, будзе рабіць іншы ўрад».
Якія яшчэ нагоды даваў для крытыкі з боку Аляксандра Лукашэнкі асабіста Раман Галоўчанка і ягоны ўрад?
Люты 2023 года
Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду, на якой ураду Рамана Галоўчанкі дасталося за дрэнную прапрацоўку шэрагу важных рашэнняў. Па кожным з прадстаўленых дакументаў (датычных пашырэння функцыяў цэнтраў па абслугоўванні бюджэтных арганізацый, фінансавання дзяржаўных тэатраў, механізму далучэння нізкаэфектыўных сельcкагаспадарчых арганізацыяў да дзяржпрадпрыемстваў) Лукашэнка выказаў жорсткую крытыку і не пагадзіўся з прапанаванымі падыходамі. Ён назваў падрыхтоўку «важных дакументаў» з боку ўраду павярхоўнай, а таксама паскардзіўся на неналежнае расходаванне бюджэтных сродкаў.
Чэрвень 2023 года. Першы званок
У чэрвені 2023 года Аляксандра Лукашэнку не задаволілі вынікі першых пяці месяцаў года, агучаныя прэм’ер-міністрам: паводле словаў Галоўчанкі, эканоміка на той момант ужо выйшла на мэтавую траекторыю росту, ВУП павялічыўся да 100,9 %. Тым не менш Лукашэнка патрабаваў ад ураду большага і прыгразіў, што адправіць Галоўчанку і першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова ў адстаўку, калі тыя не выканаюць асноўныя эканамічныя паказчыкі. Галоўнай умовай звальнення гэтых чынноўнікаў быў паказчык гадавога росту эканомікі ніжэйшы за 3,8 %.
,,«Не выканаеце ў гэтым годзе паказчыкі, якія мы давялі, вы ўсё адно (першымі вы і першы віцэ-прэм’ер) сыходзіце ў адстаўку… Не выканалі – трэба па-мужчынску зрабіць. Таму давайце так і дамовімся, каб не было потым крыўдаў», – казаў тады на нарадзе Лукашэнка.
Аднак ужо ў кастрычніку 2023-га стала зразумела, што меч не апусціцца на галаву Галоўчанкі, бо са студзеня па кастрычнік рост эканомікі паказаў тыя запаветныя 3,8 %.
Але гэта не значыць, што можна было расслабіцца…
Жнівень 2023 года
18 жніўня 2023 года Раману Аляксандравічу прыйшлося спешна выходзіць з адпачынку, бо ягоны патрон жорстка раскрытыкаваў падрыхтоўку сістэмы адукацыі да новага навучальнага года.
На той нарадзе прайшліся па розных пытаннях: пачынаючы ад забеспячэння дзяцей-сірот, падвозу шкаляроў да навучальных установаў і заканчваючы арганізацыяй харчавання ў школах. Падчас нарады Лукашэнка таксама зачытваў абуральныя на ягоную думку цытаты з падручнікаў, у выніку запатрабаваўшы пад эгідай пракуратуры і КДК стварыць спецыяльную маніторынгавую групу, якая будзе кантраляваць распрацоўку навучальных дапаможнікаў.
Не прыняўшы справаздачы міністра адукацыі і віцэ-прэм’ера, Лукашэнка аддаў распараджэнне выклікаць з адпачынку Рамана Галоўчанку і не пазней за 25 жніўня правесці чарговае пасяджэнне з разборам палётаў.
Кастрычнік 2023 года
3 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка ўпікнуў прэм’ер-міністра за продаж калійных угнаенняў, абвінаваціўшы яго ў недамоваздольнасці. Паводле Лукашэнкі, некалі была ідэя стварыць кампанію, якая б займалася продажам усіх беларускіх угнаенняў. Але, маўляў, гэтая ідэя так і не была рэалізаваная ўрадам Галоўчанкі.
«Гэта, Раман Аляксандравіч, так у вашым урадзе і патанула ідэя. Усё нам нешта замінае. Можа, не толькі вам. Трэба рухацца, не стаяць на месцы, у тым ліку ў арганізацыі продажаў, у першую чаргу – у арганізацыі продажаў. Камусьці не хочацца або яшчэ нейкія пытанні перашкаджаюць?» – сказаў на нарадзе Лукашэнка.
А ўжо 20 кастрычніка з вуснаў Лукашэнкі ў адрас ураду Галоўчанкі прагучалі яшчэ больш рэзкія абвінавачанні: маўляў яму пачынаюць ілгаць і ўводзіць яго ў зман.
«Не заўсёды, прыняўшы рашэнне, мы яго рэалізуем. Рэалізуем несвоечасова – гэта ўжо норма. Але мяне найбольш апошнім часам хвалюе тое, што наш урад замест таго, каб канкрэтнай справай займацца, пачынае ілгаць і дэзінфармаваць. Для таго, каб паказаць сябе ў лепшым святле», – сказаў тады Лукашэнка.

Лістапад 2023 года
Хмары згусціліся над Галоўчанкам яшчэ больш. Прычынай стала так званая «малочная справа», калі за махлярства і карупцыю пры продажы малака ў Расею прадпрыемствам «Бабуліна крынка» былі затрыманыя 26 чалавек, 15 з якіх арыштаваныя (у тым ліку гендырэктар Генадзь Скітаў). Лукашэнка тады наўпрост прыгразіў адказнасцю прэм’ер-міністру, калі высветліцца, што ў справу будуць замяшаныя «ягоныя людзі».
«Атрыманая інфармацыя паказала, што рэалізацыя схемы не магла ажыццяўляцца без удзелу службовых асоб прадпрыемстваў і дзяржорганаў. Раман Аляксандравіч, таксама адкажаце, калі там будуць вашыя асобы. Там свецяцца і чальцы ўраду. Я не называю прозвішчаў, пакуль ідзе следства», – сказаў на нарадзе 14 лістапада Аляксандр Лукашэнка.
Снежань 2023 года
У снежні Аляксандр Лукашэнка абрушыўся з крытыкай на ўрад Галоўчанкі з нагоды правядзення працы па меліярацыі. Паводле ягоных словаў, тэмпы правядзення меліярацыі былі далёкія ад запланаваных.
«Што мяне дзівіць: усё паламана, ўсё разламана, ратаваць трэба меліярацыю як галіну. А як жа ў тры разы павялічылі за гэты год? Вы што, лапатамі капалі траншэі? Ці вы хочаце выдаць жаданае за сапраўднае? Не атрымаецца», – сказаў тады Лукашэнка.
На той нарадзе ён таксама адзначыў, што яго насцярожвае праца ўраду па некаторых напрамках, калі асабліва прынцыповыя ягоныя даручэнні так і застаюцца нявыкананымі: «Гэта што, практыкай становіцца ўраду? Гэта недапушчальна. Са мной гэта не пракаціць», – абураўся Лукашэнка.
Красавік 2024 года
Гэтым разам на нарадзе аб развіцці прамысловасці Лукашэнка сказаў, што ўрад будзе адказваць галавой за «скрайне негатыўную тэндэнцыю з імпартам». Асабліва яго абурыла закупка імпартных трактароў.
,,«Унутраны рынак аддаём канкурэнтам. За гэта ўрад адкажа галавой. Нягледзячы на наяўнасць шырокай лінейкі айчыннай тэхнікі, дасюль закупаем імпартныя аналагі», – крытыкаваў урад Галоўчанкі Аляксандр Лукашэнка.
Ліпень 2024 года
Крытыку Лукашэнкі на нарадзе ў ліпені 2024 года выклікала «кепская праца на ўнутраным рынку». Ён запатрабаваў правесці разумную абарону гэтай сферы эканомікі: «Для гэтага ў нас ёсць урад, каб дапамагаў прамысловым прадпрыемствам працаваць», – заявіў Лукашэнка.
Ён таксама звярнуў увагу на тое, што трэба больш актыўна адстойваць інтарэсы ў рамках тых дамоўленасцяў, якія маюцца з іншымі краінамі, у тым ліку з Расеяй. «Мы часам пускаем гэта на самацёк», – папракаў работу ўраду Лукашэнка.
Снежань 2024 года
Робячы разбор палётаў па працы Акадэміі навук Беларусі, Аляксандр Лукашэнка ўказаў ураду на тое, што міністэрствы фактычна не бяруць удзелу ў запатрабаваных навуковых праграмах па такіх напрамках, як беспілотнікі, космас і біятэхналогіі.
«І гэта каласальная недапрацоўка ўраду. Няўжо ў галінаў няма запыту на навуковыя распрацоўкі? Ва ўрадзе, Раман Аляксандравіч, працуюць як часовыя людзі: дзень да вечара – і добра. А далей? А перспектыва? Без навукі нельга», – сказаў Лукашэнка.
Гэта далёка не ўсе выпадкі крытыкі, з якой абрушваўся Аляксандр Лукашэнка на прэм’ер-міністра і ягоны ўрад. І тым не менш, нягледзячы на ўсе пагрозы, Раман Галоўчанка усё яшчэ застаецца на фармальна другой па значнасці пасадзе ў краіне. Паводле ацэнак некаторых экспертаў, гэта можа быць звязана з тым, што «лаўка запасных» у Аляксандра Лукашэнкі пасля 2020 года вельмі моцна скарацілася. Ці будзе апошняя пагроза ў адрас прэм’ера лёсавызначальнай – застаецца толькі здагадвацца.
Раман Шавель belsat.eu