Лукашэнка 20 з лішнім гадоў, калі не ўсе 30, кажа, што «наеўся ўладай». Апошнім часам ён стаў часцей казаць пра тое, што ён «не вечны». Ці праўда ён плануе, што сёмы тэрмін стане апошнім?
Восенню 2019 года Аляксандра Лукашэнку спыталі, ці будзе ён балатавацца ў 2025 годзе. Ён тады адказаў: «Божа, я, можа, да 2025 года не дажыву, божа, не дай бог». І дадаў, што ў 2020-м сыдзе, калі ягоную кандыдатуру адрынуць на выбарах: «Я паабяцаў, што сінімі пальцамі за крэсла трымацца не буду». Выбары-2020 ён прайграў, але ўтрымаўся ва ўладзе праз небывалыя рэпрэсіі. І да 2025 года дажыў, забяспечыў сабе ўжо сёмы тэрмін на чале Беларусі. А яшчэ ж у 2002 годзе казаў, што «наеўся ўладай».
Імавернасць сыходу Лукашэнкі робіцца большай?
Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст казаў у перадачы «Двубой» на «Белсаце»: бачныя аргументы за тое, што сёмы тэрмін стане для Лукашэнкі апошнім. Аргументы такія:
- З пачатку года Лукашэнка прынамсі тройчы казаў, што ў бліжэйшыя гады ва ўладу «прыйдзе новае пакаленне». Так канцэнтравана і шчыльна ён пра гэта раней не казаў.
- Стан здароўя Лукашэнкі відавочна не паляпшаецца. Наўрад ці ён пры смерці, аж заўтра памрэ. І сам кажа, «не дачакаецеся». Але людзі смяротныя – многія могуць «дачакацца». Для дыктатуры патрэбнае жалезнае здароўе, а ў выпадку Лукашэнкі бачна, што яно далёка не жалезнае.
- На тле гэтага ў атачэнні Лукашэнкі, у «эліце» могуць пачынацца зрухі і размовы пра тое, што «час надыходзіць».
- Яшчэ раней, у 2022 годзе, у Канстытуцыі быў прапісаны «ўсебеларускі сход». Пакуль ён як «пятае кола ва ўладным вазку», але дзеля чагосьці ж ён быў зроблены яшчэ адным цэнтрам улады. У тым годзе Лукашэнка казаў, што здарма пры змене Канстытуцыі не вырашылі ладзіць прэзідэнцкія выбары праз «усебеларускі сход». У 2024 годзе Лукашэнка ўзначаліў «усебеларускі сход». Нядаўна прапаганда нагадала пра ідэю прэзідэнцкіх выбараў праз гэты сход.
Дракахруст адзначаў, што праз «усебеларускі сход» можна лёгка «выбраць» Аляксандра Лукашэнку, але будзе цяжэй «выбраць» кагосьці іншага, як то ягонага старэйшага сына Віктара Лукашэнкі ці кіраўніка ягонай адміністрацыі Дзмітрыя Крутога. Тым не менш, размовы пра гэта паказваюць, што размовы пра транзіт ідуць, трываюць разважанні пра тое, як гэта можа адбывацца.
З другога боку, працягваў Дракахруст, Лукашэнка можа наступныя пяць гадоў паўтараць, што «вельмі цяжка працаваць», «трэба новае пакаленне», а ў 2030-м вырашыць, што «здароўе яшчэ дазваляе», а «маладыя не пацягнуць, не па іхных галовах шапка Манамаха». Аналітык раіў сачыць за больш канкрэтнымі сігналамі: прасоўваннем пераемніка, перадачай яму пэўных функцыяў і прыкметамі падрыхтоўкі транзіту.
Лукашэнка ўжо ведае, якім будзе пераемнік?
Паліталагіня Аліна Харысава, экспертка аналітыкі і стратэгіі ў Офісе Святланы Ціханоўскай, цяпер кажа «Белсату»:
,,«Лукашэнка ўсё ж думае пра пераемнасць. Але з аднаго боку, верыць яму нельга. Ён ужо мільён разоў казаў пра тое, што ён „сінімі пальцамі за ўладу трымацца не будзе“, што ён сыдзе, як толькі яго папросяць сысці… А яго прасілі шмат разоў! З другога боку, у апошнія дні ў адказах на нейкія пытанні ён выразна транслюе мэсідж таго, што ў яго ў галаве ёсць нейкі вобраз патэнцыйнага кандыдата».
Беларуская служба радыё «Свабода» мінулым летам ладзіла апытанне шматлікіх экспертаў пра тое, хто ўзначаліць Беларусь пасля Лукашэнкі (найбольш імаверна – пасля смерці Лукашэнкі). Назвалі 9 чалавек і аднаго шпіца як найбольш імаверных пераемнікаў, якіх выбраў бы сам Лукашэнка, а таксама 15 варыянтаў таго, хто можа ўзяць уладу, калі Лукашэнка не будзе здольны паўплываць на выбар.
Паводле Канстытуцыі, пераемнікам у выпадку раптоўнай няздольнасці Лукашэнкі выконваць абавязкі становіцца старшыня Савету Рэспублікі. Цяпер гэта Наталля Качанава. Тэарэтычна, яна павінна выконваць абавязкі Лукашэнкі да правядзення пазачарговых выбараў або, калі Лукашэнка забіты, узначаліць Савет бяспекі і абвясціць ваеннае становішча.

Харысава лічыць, што Лукашэнка не бачыць Качанаву пераемніцай: Лукашэнка ў сваіх прамовах падкрэслівае, што жанчына не можа кіраваць Беларуссю, што «гэта павінен быць мужык». Ды і нядаўна Лукашэнка сказаў, што пераемніка не шукае і не ведае, ці шукае яму пераемніка тая самая Качанава.
На думку Харысавай, дзейны прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка можа здавацца Лукашэнку больш адпаведным варыянтам. Галоўчанка мае сувязі з Расеяй, тая яго можа ўхваліць, а ад Расеі шмат што залежыць у гэтым пытанні. І Галоўчанка «правераны ідэалагічна», працаваў з блізкім паплечнікам Лукашэнкі Віктарам Шэйманам.
Суразмоўца ўпэўненая, што сваіх сыноў – Віктара, Дзмітрыя ці Мікалая – Лукашэнка не разглядае як пераемнікаў. Хутчэй за ўсё, для сыноў Лукашэнка абгаворыць нейкія гарантыі, каб яны спакойна жылі ў Беларусі пасля ягонага сыходу, мелі нейкі дабрабыт. Але не больш.
А можа, пераемнік – гэта, напрыклад, Мікалай Карпянкоў? Камандуючы Унутранымі войскамі лічыцца даволі прарасейскім, збірае сабе ледзь не прыватную армію, а з ягоных публічных выказванняў здаецца, што яму даруюць усё. Харысава сумняецца, што Карпянкоў можа разглядацца як пераемнік, бо ён мае вельмі кепскую рэпутацыю. Найгоршая рэпутацыя ў яго, канешне, сярод удзельнікаў пратэстаў 2020 года, але і для рэшты ягоныя выказванні дастаткова рэзкія. Суразмоўца згадвае нядаўняе апытанне «Беларускай ініцыятывы» інстытуту «Chatham House», якое паказала, што нават сярод праўладных беларусаў большая частка падтрымлівае вызваленне палітвязняў. Рэпутацыя Карпянкова занадта рэзкая, фігура «занадта мянтоўская» нават для большай часткі прыхільнікаў Лукашэнкі.
,,«Патэнцыйны пераемнік мусіць быць такі нейтральны, гаспадарнік, крэпкі і стабільны мужык», – апісвае Харысава імаверны ход думак Лукашэнкі.
Якраз такі – кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой, лічыць яна. Для Крутога ствараецца дастаткова нейтральная рэпутацыя, і якраз такая, каб дагадзіць Расеі і бальшыні грамадства. Яна пагаджаецца з тымі, хто лічыць Крутога найбольш імаверным патэнцыйным пераемнікам. Некаторыя, як эканаміст Сяргей Чалы, нават бачылі прыкметы таго, што да 2025 года Крутога прасоўвалі як пераемніка.
Транзіт улады пракантралюе Расея?
Харысава перакананая, што ў пытанні транзіту ўлады ў Беларусі «ўсё схоплена», але не «вярхушкай» у Беларусі, а Расеяй, якая кантралюе «прарэжымныя эліты». У выпадку чаго, менавіта Расея будзе кантраляваць транзіт улады ў Беларусі, лічыць суразмоўца. Лукашэнка выбудаваў такую сістэму, у якой амаль уся ўлада сканцэнтраваная ў ягоных руках, але разам з тым стварыў такую залежнасць ад Расеі, што «Крэмль кантралюе любы чых у Беларусі».
Ды шмат што залежыць ад сітуацыі на вайне ва Украіне, дадае Харысава. Ад той вайны залежыць, ці захоча Пуцін «кампенсаваць недаатрыманыя тэрыторыі» праз анексію Беларусі. Або, магчыма, эканамічныя праблемы ў Расеі і патэнцыйны раскол элітаў вымусяць Крэмль засяродзіцца на ўласных праблемах, а Беларусь адсунецца на другі план – і ў беларусаў з’явіцца «вакно магчымасцяў». У такім сцэнары можа быць шмат «чорных лебедзяў», то бок значных падзеяў, якія цяжка прадказаць загадзя.
Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка раней выказваў «Белсату» іншую думку: наўрад ці Расея можа замяніць Лукашэнку. Цяпер Лукашэнка робіць усё, каб быць у Беларусі не проста «самым прарасейскім», а «адзіным прарасейскім палітыкам», даводзіў Мажэйка. І Крэмль не мае досведу кіраванага мірнага транзіту ўлады кіраванай пракрамлёўскай асобе ў іншай краіне: не былі дасягнутыя доўгатэрміновыя палітычныя мэты ні ў Малдове, ні ў Грузіі, ні ва Украіне. Крэмль мае хіба досвед вайсковай агрэсіі, і той даволі спрэчны.
Што да пераемніка, Мажэйка казаў: Лукашэнка і сам не ведае, які тэрмін будзе ягоным апошнім, бо «спыняцца страшна». Аўтакратыі не маюць інстытутаў і законаў, якія б гарантавалі мірную перадачу ўлады і давалі б дастатковыя гарантыі набліжаным да аўтакрата, які сыходзіць.
Хацеў сысці – ужо пачаў бы транзіт?
Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч упэўнены, што на бліжэйшыя пяць гадоў тэма транзіту ўлады ў Беларусі закрытая: Лукашэнка не збіраецца нікому перадаваць уладу. Хацеў бы – не пайшоў бы на выбары ў 2025 годзе.
,,«Транзіт – гэта нейкі арганізаваны, запланаваны працэс перадачы ўлады камусьці іншаму, – даводзіць Карбалевіч. – Гэтага мы не бачым, ніякіх прыкметаў гэтага няма. Да 2030 года такое пытанне проста неактуальнае. А што будзе пасля 2030-га, сёння разважаць цяжка, таму што за пяць гадоў шмат што можа адбыцца з краінай, са светам, з самім Лукашэнкам».
У парадку дня няма і пытання пераемніка: Лукашэнка ўсім актыўна дэманструе, што сыходзіць не збіраецца, падкрэслівае Карбалевіч. Калі б Лукашэнка запускаў кантраляваны транзіт улады, дык абвясціў бы, хто яго заменіць, прасоўваў бы гэтага чалавека. Пераемніка б рэкламавалі.
Сам жа Лукашэнка пакуль ні на каго не паказвае як на сапраўднага пераемніка, перакананы Карбалевіч. Тое, што ён калісьці намякаў на Крутога, а да таго таксама на старшыню Менскага аблвыканкаму Аляксандра Турчына, дык тое былі жарты: проста паказваў пальцам на людзей, якія стаялі побач у гэты момант. Сур’ёзна ставіцца да гэтага, лічыць аналітык, не варта. Таксама як да таго, што ў Канстытуцыі Качанава прапісаная як замяняльніца Лукашэнкі.
На думку Карбалевіча, калі з Лукашэнкам нешта здарыцца, працэс пераходу ўлады ў іншыя рукі будзе «хаатычным, спантанным, стыхійным і крызісным, бо непадрыхтаваным». А прызначаць пераемніка Лукашэнку можа быць страшна, бо ў гісторыі не раз здаралася, што пераемнікі ўзначальвалі дзяржаўныя перавароты.
Алесь Наваборскі belsat.eu