Аналітыка

Еўрапейскі Звяз скарачае працаўнікоў місіі ў Менску – што з таго беларусам?

Еўрапейскія сцягі развяваюцца на флагштоках. Брусель, Бельгія. 7 красавіка 2025 года. Фота: Nicolas Economou / NurPhoto via Getty Images
Еўрапейскія сцягі развяваюцца на флагштоках. Брусель, Бельгія. 7 красавіка 2025 года. Фота: Nicolas Economou / NurPhoto via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Еўрапейскі Звяз не бачыць перспектываў у стасунках з Беларуссю і плануе істотна скараціць штат працаўнікоў у нашай краіне. Пры гэтым суседнюю з ЕЗ еўрапейскую краіну паставілі ў адзін шэраг з невялікай краінай на поўдні Афрыкі. Магчыма, таксама праз пагрозы, што існуюць для дыпламатаў Еўразвязу ў Беларусі. А як гэта паўплывае на простых беларусаў?

«POLITICO» са спасылкай на дакументы і чыноўнікаў паведамляе, што 14 траўня кіраўніцтва Еўракамісіі ўхваліла рэарганізацыю цягам наступных двух гадоў Еўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасці (ЕСЗД). Сярод іншага ЕСЗД мае скараціць каля 10 са сваіх 144 замежных дэлегацыяў.

,,

«Дэлегацыі, на якія нацэленыя скарачэнні, пераываюць у краінах, дзе ЕЗ больш не адчувае моцнай зацікаўленасці ў скіраванні значнай колькасці дыпламатаў і працаўнікоў, такіх як Беларусь або Лесота [маленькая афрыканская краіна з насельніцтвам 2,2 млн асобаў. – рэд. Belsat.eu]», – адзначае выданне.


Як мяркуецца, там застануцца толькі амбасадар і адзін ці два памочнікі, а каля 100 мясцовых працаўнікоў будуць скарочаныя за два этапы ў 2026 і 2027 гадах.

Скарачэнне супадае са зніжэннем фінансавання некалькіх інстытутаў ЕЗ: як праз нежаданне краінаў-чальцоў павялічваць свае выдаткі на брусельскія інстытуты, гэтак і дзеля таго, каб вызваліць рэсурсы для праектаў, звязаных з абаронай і супрацьдзеянням абыходу санкцыяў Расеяй.

Небяспека еўрапейскім дыпламатам

Быць еўрапейскім дыпламатам у Менску небяспечна. Гэтак, 24 красавіка 2024 года працаўнікамі КДБ перад офісам еўрапейскага прадстаўніцтва быў затрыманы мясцовы супрацоўнік місіі ЕЗ у Менску Мікалай Хіла. Яго абвінавацілі ў распальванні варожасці (арт. 130 КК) і нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК) і 31 снежня 2024 года асудзілі на чатыры гады зняволення.

Хоць Еўразвяз неаднаразова заклікаў «улады Беларусі вызваліць яго неадкладна», а пытанне пра Хілу ўздымалася «пры ўсіх нашых кантактах з Беларуссю», ён застаецца ў вязніцы. 7 красавіка 2025 года КДБ залучыў Мікалая Хілу ў пералік асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Дырк Шубэль (Dirk Schuebel) ускладае кветкі на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага ў Менску, Беларусь. 13 жніўня 2020 года. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News
Кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Дырк Шубэль (Dirk Schuebel) ускладае кветкі на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага ў Менску, Беларусь. 13 жніўня 2020 года. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News

Даставалася ў Менску і самім еўрапейскім дыпламатам. 6 верасня 2022 года сілавікі на некалькі гадзінаў затрымалі часовую павераную Еўразвязу Эвэліну Шульц пасля выхаду з Менскага гарадскога суда і запісалі з ёй відэа. Вонкавапалітычнае ведамства Еўрапейскага Звязу выказала дыпламатычны пратэст. Гэта, заявілі ў ведамстве, быў ужо другі такі інцыдэнт. У МЗС Беларусі ж абвінавацілі саму дыпламатку ў «бадзяннях па судах».

Менск працягвае страляць сабе ў нагу

Крыніца «POLITICO» адзначае, што скарачэнне дэлегацыі да асноўнага персаналу, які будзе працаваць з дому, а не з офісу ЕЗ, роўнае закрыццю гэтых дэлегацыяў. Аднак кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнай супрацы Валер Кавалеўскі ў каментары «Белсату» адзначае, што змяншэнне колькасці працаўнікоў не ёсць закрыццём прадстаўніцтва, бо дастаткова і адной асобы, каб яно працавала, прычым эфектыўна. Але чым больш працаўнікоў, тым лепш выконваюцца пэўныя задачы, дадае суразмоўца.

Ён мяркуе, што прычынаў такой пастановы ўладаў Еўразвязу некалькі. Па-першае, гэта пытанне бяспекі – як працаўнікоў з ліку беларускіх грамадзянаў, гэтак і самых еўрапейскіх дыпламатаў. І гэта датычыць не толькі прадстаўніцтва Еўразвязу. Па-другое, гэта «пэўная фрустрацыя» з прычыны таго, як арганізаваная праца замежных прадстаўніцтваў у Беларусі.

,,

«Менск паказвае сваю няздольнасць ці нежаданне дамаўляцца. Самыя звычайныя пытанні развязваюцца вельмі і вельмі складана. І гэта падвышае ўзровень фрустрацыі», – падкрэслівае Кавалеўскі.


Трэцяй прычынай, на ягоную думку, ёсць няпэўнасць у пытаннях развіцця стасункаў паміж Еўразвязам і Беларуссю. Суразмоўца адзначае, што вядома прынамсі некалькі выпадкаў таго, як новыя працаўнікі прадстаўніцтва ЕЗ, якія мусілі ехаць з Бруселю ў Менск, «месяцамі і гадамі» чакалі візаў і ў выніку іх не атрымалі ды мусілі працаваць з-за мяжы.

«Менск сабе страляе ў нагу, шкодзіць сам сабе. Замест таго, каб пашыраць прысутнасць еўрапейскіх краінаў, каб быць больш зразумелымі, мець больш магчымасцяў для камунікацыі і абмену думкамі ды інфармацыяй, яны абмяжоўваюць сябе ў гэтых магчымасцях», – кажа кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнай супрацы.

Знак, што забараняе праход ля мяжы Польшчы і Беларусі блізу Белавежы, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат
Знак, што забараняе праход ля мяжы Польшчы і Беларусі блізу Белавежы, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат

Кавалеўскі падкрэслівае, што вынікам такой палітыкі ўладаў і так ёсць вельмі складанае геапалітычнае становішча Беларусі. Але, дадае ён, «Менск вельмі кепска разумее, што адбываецца ў свеце, як успрымаюцца іх дзеянні міжнароднымі партнёрамі». А ў выніку абмежавання працы замежных місіяў і сам робіцца менш зразумелым іншым краінам.

Стасункі «захраслі ў сур’ёзным месцы»

Тым не менш, кажа Кавалеўскі, у беларускіх умовах скарачэнне персаналу мала на што паўплывае, бо ўжо ёсць вынікам тых працэсаў, якія адбываюцца ў двухбаковых стасунках Менску і Бруселю.

«Гэта вельмі таксічныя стасункі. Адсутнасць прагрэсу ў дыялогу. Захраслі гэтыя стасункі ў даволі сур’ёзным месцы», – адзначае Кавалеўскі.

Што да звычайных беларусаў, то скарачэнне персаналу місіі на іх мала паўплывае, упэўнены суразмоўца. Ён нагадвае, што грамадзяне Беларусі ў прадстаўніцтве ЕЗ не атрымлівалі візаў, а ўся дапамога Еўразвязу беларусам накіроўваецца апошнія гады дэмакратычным сілам, грамадзянскай супольнасці і медыям у эміграцыі.

,,

«Але тым не менш, мець такую прысутнасць на месцы вельмі важна [уладам. – рэд. belsat.eu] для таго, каб падтрымліваць палітычныя стасункі. З палітычнага пункту гледжання гэта страта. Яна некрытычная, але гэта кепскі індыкатар таго, што гэтыя стасункі працягваюць дэградаваць. Працягвае скарачацца прастора для дыялогу паміж Бруселем і Менскам. Але тут ужо пытанне да Менску: што яны гатовыя зрабіць для таго, каб выпраўляць гэтую сітуацыю», – падкрэслівае Кавалеўскі.


Рыжанкоў не выконвае планаў Лукашэнкі

Суразмоўца адзначае, што Аляксандр Лукашэнка заяўляў у сваёй перадвыбарчай праграме 2025 года пра планы нармалізаваць стасункі з Захадам, ладзіў публічную нараду з міністрам замежных справаў Максімам Рыжанковым дзеля гэтага. Але на практыцы гэтыя заявы і намеры ніяк не рэалізуюцца.

«Тут можна гадаць, вынікам чаго ёсць адсутнасць прагрэсу ў нармалізацыі стасункаў. Ці то гэта неразуменне, як гэта рабіць, крызіс ідэяў, інтэлектуальнага рэсурсу, прафесійнасці сярод беларускіх дыпламатаў? Бо тое, што я назіраю вельмі часта, гэта рух наадварот – гэта мова варожасці, якую і сам Лукашэнка, і ягоныя міністры вельмі часта накіроўваюць у адрас Захаду. Яны адназначна не спрыяюць нармалізацыі стасункаў», – заяўляе Кавалеўскі.

Аднак суразмоўца не чакае, што Рыжанкоў сутыкнецца з праблемамі з боку Лукашэнкі праз скарачэнне персаналу місіі ЕЗ. Ён падкрэслівае: у дзейнага кіраўніка МЗС было «нямала іншых праколаў, больш сур’ёзных нават». Сярод іх – анансаваныя ў снежні і студзені Лукашэнкам візіты ў КНДР і Кітай, якія так і не адбыліся і невядома, калі адбудуцца.

Працаўнікі ААТ «АГАТ – электрамеханічны завод» перадаюць у прадстаўніцтва Еўрапейскага Звязу ў Беларусі адкрыты ліст рабочых з асуджэннем санкцыяў ЕЗ. Менск, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: БелТА
Працаўнікі ААТ «АГАТ – электрамеханічны завод» перадаюць у прадстаўніцтва Еўрапейскага Звязу ў Беларусі адкрыты ліст рабочых з асуджэннем санкцыяў ЕЗ. Менск, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: БелТА

Кавалеўскі не выключае, што такія «дасягненні» МЗС могуць быць адлюстраваннем унутранага канфлікту ў сістэме ўладаў Беларусі, калі ўстаноўкі Лукашэнкі не робяцца рэальнасцю, або вынікам няздольнасці міністэрства эфектыўна працаваць. Але ў любым разе ёсць сур’ёзная стагнацыя ў вонкавай палітыцы Беларусі і нічога падобнага нават да спробы нармалізацыі стасункаў з Захадам пакуль не назіраецца, падкрэслівае эксперт.

Што засталося ад стасункаў

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Еўрапейскім Звязам былі ўсталяваныя ў жніўні 1992 года. У 2008 годзе ў Менску адкрылася прадстаўніцтва ЕЗ. У 2009 годзе Беларусь далучылася да ініцыятывы ЕЗ «Усходняе партнёрства», а ў студзені 2020 года Менск і Брусель падпісалі пагадненні аб спрашчэнні выдачы візаў і аб рэадмісіі. Але ў адказ на крытыку Еўразвязам задушэння ўладамі Беларусі мірных пратэстаў і санкцыі ЕЗ, у тым ліку за пасадку «Ryanair», Менск выйшаў з «Усходняга партнёрства» і з пагаднення аб рэадмісіі, распачаўшы разам з тым міграцыйны крызіс на мяжы, што прывяло да дадатковых санкцыяў з боку ЕЗ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Фолькер Турк выступае праз відэасувязь на Дні памяці пра генацыд у Руандзе. Жэнева, Швейцарыя. 13 красавіка 2023 года. Фота: Violaine Martin / UN Geneva / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0
Вячорка: У ААН сумняюцца ў здольнасці Лукашэнкі весці дыялог навіны

Стасункі паміж бакамі пагоршыліся яшчэ больш у выніку суўдзелу Менску ў вайне Расеі супраць Украіны. ЕЗ зменшыў узаемадзеянне з уладамі Беларусі і перанакіраваў сваю дапамогу на беларускую грамадзянскую супольнасць у эміграцыі.

На сёння ў прадстаўніцтве Еўразвязу ў Беларусі працуюць два аддзелы: аддзел палітыкі, эканомікі, прэсы ды інфармацыі, а таксама адміністрацыйны аддзел. Мандат прадстаўніцтва ўключае падтрыманне эфектыўных кантактаў з органамі ўлады, бізнес-супольнасцю, амбасадамі краінаў Еўразвязу і трэціх краінаў, а таксама міжнародных і рэгіянальных арганізацыяў, забеспячэнне шчыльнага дыялогу з іншымі зацікаўленымі бакамі (грамадзянскай супольнасцю, універсітэтамі, медыямі), наданне і тлумачэнне пазіцыі ЕЗ і пашырэнне ведаў пра Еўрапейскі Звяз.

Амбасадар Еўразвязу ў Беларусі Дырк Шубэль пакінуў краіну летам 2021 года на патрабаванне ўладаў Беларусі. Пасля ягонага ад'езду еўрапейскую дыпмісію ў Менску ўзначаліла ягоная памочніца Эвэліна Шульц, выканальніца функцыі часовай паверанай у справах ЕЗ у Беларусі. З ліпеня 2023 года офіс Еўразвязу ў Менску ў якасці часовага паверанага ўзначальвае дацкі дыпламат Стээн Нёрлёў.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10