Магутная паводка ў Аўстраліі і забойства ізраільскіх дыпламатаў Вашынгтону. Фатаграфіі тыдня
25.05.2025, 06:00
Паліцэйскі верталёт пралятае над затопленымі ваколіцамі ў пошуках людзей паблізу гораду Тэры (Taree) у Новым Паўднёвым Ўэльсе. Мінімум чацвёра асобаў загінулі і некалькі зніклі без вестак у выніку моцнай паводкі, выкліканай няспыннымі дажджамі. Праз затапленні каля 50 000 асобаў апынуліся ў ізаляцыі. Новы Паўднёвы Ўэльс, Аўстралія. 21 траўня 2025 года. Фота: Handout / New South Wales Police / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia
Першы этап абмену ваеннапалоннымі паміж Расеяй і Украінай у фармаце «1000 на 1000», акцыя пратэсту каля Кангрэсу за павышэнне пенсіяў у Буэнас-Айрэсе, марш з патрабаваннем расследавання лёсаў затрыманых, зніклых без звестак падчас вайсковай дыктатуры ва Уругваі, магутная паводка ў Аўстраліі і забойства працаўнікоў амбасады Ізраілю ў цэнтры Вашынгтону – сабралі галоўныя здымкі за тыдзень.
Украінскі вайсковец Аляксандр абдымае сваю жонку Алену пасля вяртання з палону. Расея і Украіна распачалі шырокамаштабны абмен ваеннапалоннымі – «1000 на 1000». У межах першага этапу ва Украіну вярнуліся 390 асобаў, столькі ж асобаў атрымала Расея. Гэты абмен палоннымі – адзіны канкрэтны крок у бок міру, пра які ўдалося дамовіцца расейскай і ўкраінскай дэлегацыям падчас перамоваў у Турцыі 16 траўня. Чарнігаўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2025 года. Фота: Efrem Lukatsky / AP Photo / East News
Мужчына, агорнуты ізраільскім сцягам, стаіць на каленях каля Сталічнага габрэйскага музею, дзе адбылася страляніна. Двое працаўнікоў амбасады Ізраілю былі застрэленыя ў цэнтры амерыканскай сталіцы. Падазраваны ў нападзенні арыштаваны, яму выстаўленыя абвінавачванні ў забойстве. Вашынгтон, ЗША. 22 траўня 2025 года. Фота: Alex Wroblewski / AFP / East News
Выбух вулкану Леўатобі (Lewotobi) на паўднёва-ўсходняй частцы вострава Флёрэс (Flores). Вулкан выкінуў воблака попелу вышынёй больш за кіламетр пасля таго, як улады абвясцілі ў наваколлі найвышэйшы ўзровень трывогі. Флёрэс, Інданезія. 19 траўня 2025 года. Фота: Arnold Welianto / AFP / East News
Дэманстранты трымаюць партрэты людзей, зніклых без вестак у перыяд 1973–1985 гадоў ва Уругваі, на Маршы маўчання (Marcha del Silencio) у Мантэвідэа. Праз чатыры дзесяцігоддзі пасля вяртання да дэмакратыі жыхары Уругваю ўсё яшчэ задаюцца пытаннем, дзе амаль 200 затрыманых, якія зніклі без вестак падчас апошняй вайсковай дыктатуры. Мантэвідэа, Уругвай. 20 траўня 2025 года. Фота: Dante Fernandez / AFP / East News
Вайсковая дыктатура ва Уругваі доўжылася з 1973 да 1985 год і пачалася пасля перавароту, падтрыманага войскам, калі прэзідэнт Хуан Марыя Бардабэры (Juan María Bordaberry) распусціў парламент. Рэжым характарызаваўся жорсткімі рэпрэсіямі: масавымі арыштамі, катаваннямі, цэнзурай і пераследам апазіцыі. У краіне колькасць палітвязняў на душу насельніцтва была адна з самых высокіх у свеце. Дыктатура сталася часткаю рэгіянальнай каардынацыі рэпрэсіяў – аперацыі «Кондар». Завяршылася яна ў 1985 годзе з аднаўленнем дэмакратыі і абраннем прэзідэнта Хульё Марыя Сангуйнэці (Julio María Sanguinetti).
Разбураныя будынкі ў сектары Газа відаць за полем сланечнікаў на ізраільскім баку мяжы. Прэм'ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што Ізраіль возьме пад свой кантроль увесь сектар Газа, каб не даць «Хамасу» разрабаваць гуманітарную дапамогу, што пастаўляецца ў анклаў. Пасля 11 месяцаў блакады ў сектар Газа пачалі паступаць грузавікі ААН з мукою, медыкаментамі, харчамі для дзяцей ды іншымі прадметамі першай неабходнасці. 19 траўня 2025 года. Фота: Ohad Zwigenberg / AP Photo / East News
Сутыкненні паліцыі з актывістамі і пенсіянерамі каля будынку Кангрэсу, дзе дэпутаты не здолелі дасягнуць згоды ў некалькіх законапраектах, у тым ліку ў прапановах павышэння пенсіяў і працягу выплатаў пенсіянерам. Дзясяткі асобаў пацярпелі, некалькі былі арыштаваныя, сярод іх трое фотажурналістаў. Сілы бяспекі ўжывалі балончыкі з жоўтай фарбаю, слезацечны газ і дубінкі, стралялі гумавымі кулямі. Буэнас-Айрэс, Аргентына. 21 траўня 2025 года. Фота: Catriel Gallucci Bordoni / NurPhoto / East News
Рух транспарту над высмаглым вадасховішчам Ўудгэд (Woodhead) у павеце Дарбішыр (Derbyshire), Вялікая Брытанія. 19 траўня 2025 года. Фота: Jon Super / AP Photo / East News