Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак у Беларусі набліжаецца да 800 долараў. Такі заробак напраўду прапануюць для 2,3 % вакансіяў.
Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў 24 студзеня шэраг лічбаў. Сярод іх – намінальны налічаны заробак, які дасягнуў у снежні 2024 года 2693,9 рубля або больш як 776 долараў паводле курсу Нацыянальнага банку.
Гэта на 362,1 рубля больш, чым было за месяц да гэтага. Але для снежня гэта звычайная з’ява: у апошні месяц года афіцыйныя заробкі ў статыстыцы заўсёды вышэйшыя, бо ў іх улічваюцца гадавыя прэміі.
Ад гэтых сумаў трэба адымаць 14 %: 13 % на падаходны падатак і 1 % на Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Таксама ў гэтых сумах не ўлічваецца выплата ў ФСАН працадаўцаў, закладзены ў пакупкі падатак на дададзеную вартасць і іншыя падаткі – сумарна дзяржава забірае палову поўнага заробку.
Таксама сярэдні заробак – гэта не заробак сярэднестатыстычнага чалавека. Гэта сума ўсіх заробкаў, падзеленая на колькасць працаўнікоў. Заробак сярэдняга чалавека завецца медыянным – гэта заробак сярэдняга ў спісе заробкаў, адсартаванага паводле памеру заробкаў. У лістападзе 2024 года медыянны налічаны заробак (да сплаты падаткаў) складаў, паводле Белстату, 1792,2 рубля.
Але і гэта не тая сума, якую напраўду можа атрымаць сярэдні беларус. У дзяржаўным банку вакансіяў, куды з нядаўняга часу абавязаныя ўносіць усе прапановы працы, медыянны прапанаваны заробак – 1000 рублёў. Абвесткі з афіцыйным сярэднім заробкам складаюць толькі 2,3 % ад усіх з пазначаным заробкам.
Алесь Наваборскі belsat.eu