Амаль па ўсёй Віцебскай вобласці зменшылася колькасць буйной рагатай жывёлы за першыя 8 месяцаў 2024 года. Тлумачыцца гэта лёгка – кароў утрымліваюць у антысанітарыі, недакормліваюць і даводзяць да шакавальнага стану, вынікае са справаздачы Камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Віцебскага аблвыканкама, з якім «Белсат» змог азнаёміцца дзякуючы «BELPOL».
З 21 раёна Віцебскай вобласці прырост колькасці кароў быў толькі ў Бешанковіцкім (+62) і Талачынскім (+525) раёнах. У цэлым у вобласці колькасць буйной рагатай жывёлы склала 496 261 станам на 1 верасня 2024 года. Гэта на 16 972 або 3,3 % менш, чым па выніках 2023 года. Прычым гаспадаркі пазбавіліся 9 685 жывёл праз паморак быдла.
Згодна з маніторынгам, якія праводзяцца ў гаспадарках, на некаторых з іх умовы вельмі дрэнныя. Напрыклад, у СУП «Прожектор-агро» мала травы, солі для жывёл не было. З чысцінёй таксама ёсць праблемы – «сродкаў да даення і пасля даення няма, сурвэтак аднаразовых няма», гаворыцца ў справаздачы.
«Прафілакторый у жахлівым стане», – паведамляецца пра ААТ «Доваторский» у Шаркаўшчынскім раёне. Прыфермерская тэрыторыя ў гною.


Страшна выглядае сітуацыя ва УП «Сафийские дары», вынікае з маніторынгу УУС, вынікі якога трапілі ў справаздачу. Скура жывёл быццам адсутнічае ў некаторых месцах.

Падобна на тое, што ветэрынарнай дапамогі жывёлы не атрымліваюць.

Каровы ўтрымліваюцца па шыю ў гразі і гноі.

Выглядае, што ў УП «Сафийские дары» – гэта звычайная з’ява.

У Беларусі не першы год ідзе барацьба з паморакам быдла. Яшчэ ў 2019 годзе Аляксандр Лукашэнка зладзіў разнос падчас візіту на аграхолдынг «Купалаўскае», сітуацыя на якім была вельмі падобная на кадры з УП «Сафійскія дары». Тады Лукашэнка крычаў, што гэта Асвенцым для жывёл, а адна з кароў там «уся абасраная».
Аднак сітуацыя не мяняецца, хоць у Беларусі рэгулярна заводзяць крымінальныя справы за паморак быдла.
У снежні 2024 года на «Белте» выйшаў сюжэт са згадваннем скандалу на аграхолдынгу «Купалаўскае». Цяперашняя сітуацыя супрацьпастаўляецца таму, што было ў 2019 годзе.
У сюжэце пахваліліся 1600 сучаснымі высокатэхналагічнымі комплексамі ўтрымання жывёл. Таксама згадана, што ў 2024 годзе чакаецца павелічэнне надою на 5% да ўзроўню 2023 года. Адбываецца гэта нібыта дзякуючы будаўніцтву і рэканструкцыі комплексаў. Што цікава, у справаздачы па Віцебскай вобласці чыноўнікі таксама кажуць аб павелічэнні вытворчасці малака – на 6,2% за студзень – жнівень. Аднак, як вынікае з дакумента, да высокіх тэхналогій ці хаця б прымальных умоў утрымання жывёл некаторым гаспадаркам далёка.
Арсен Рудэнка belsat.eu