навіны

Месяц таму Лукашэнка забараніў інфляцыю. Паглядзелі, што патаннела, падаражэла і знікла

Тавары з беларускіх інтэрнэт-крамаў. Калаж: Белсат
Тавары з беларускіх інтэрнэт-крамаў. Калаж: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Рыба падаражэла, вада патаннела, цэны на антыўтопіі абваліліся

Аляксандр Лукашэнка 6 кастрычніка абурыўся «расчляненнем дохлай куркі» і забараніў цэнам расці. «Белсат» зазірнуў у інтэрнэт-крамы 7 лістапада і паглядзеў на захаваныя на Web.archive.org цэны месячнай даўніны. Вынік – цэны разбегліся ў розныя бакі.
Тавары з беларускіх інтэрнэт-крамаў. Калаж: Белсат
Тавары з беларускіх інтэрнэт-крамаў. Калаж: Белсат
Цэны ўсё ж не «замарозілі» абсалютна: іх можна мяняць з дазволу аблвыканкамаў ды іншых дзяржаўных органаў (дазвол трэба браць на кожную цану, адказ – цягам 5–10 дзён). Але яшчэ трэба прыводзіць гандлёвыя надбаўкі ў адпаведнасць з пастановаю Савету Міністраў.
У выніку эканоміка не паслухалася Аляксандра Лукашэнкі. Хоць адныя тавары патаннелі, іншыя адчувальна падаражалі, а многія зніклі з продажу. Як казала калісьці Надзея Каткавец, калі была намесніцаю міністра сельскай гаспадаркі, цэны «хаатычныя».
Праверыць, як за месяц вырасла цана на кожны тавар, немагчыма. Але мы праверылі шэсць папулярных інтэрнэт-крамаў, старонкі якіх захаваліся на Web.archive.org за 5–7 кастрычніка – пачатак замарожвання цэнаў. У бальшыні крамаў на гэтыя даты захаваліся толькі галоўныя старонкі з самымі папулярнымі ды акцыйнымі таварамі, але ў адной папулярнай крамы – цэлыя раздзелы, хай і не ўсе (напрыклад, цэны на свініну і ялавічыну ёсць на 6 кастрычніка, а на курыцу – хіба на сярэдзіну лета). Агулам удалося параўнаць цэны на амаль трыста тавараў.
Мяса або патаннела, або знікла (зніклі асобныя віды тавараў, замест іх зʼявіліся новыя, якія не заўсёды эквівалентныя). Асартымент не асабліва звузіўся, але змяніўся, асабліва ў раздзеле ялавічыны. Запакаваныя паўфабрыкаты з ялавічыны патаннелі на 1–3 %, але замест бяскоснага мяса «мякаць шыі» за 20,95 руб/кг цяпер толькі бяскоснае мяса «для запякання» за 24,02 руб/кг. Свіная кішка ахалоджаная патаннела аж на 29 % (з 6,19 да 4,42 рубля за 10 м), тазабедраная частка «для запякання» ж патаннела толькі на 0,5 % (або на 7 капеек, да 13,78 руб/кг), а «грудзінка мясакосная» падаражала на 7 % (з 11,65 да 12,17 руб/кг). «Катлетная» свініна была месяц таму ахалоджаная за 12,85, а цяпер толькі замарожаная за 12,40 руб/кг.
Рыба вырасла ў цане на 5–13 % (на таннейшую – плюс паўрубля, на даражэйшую – плюс паўтара – два рублі), але «бюджэтная» замарожаная чырванавочка патаннела на 16 % – з 6,19 да 5,18 руб/кг. Два віды сыравэнджанай каўбасы патаннелі на 9 %, а яшчэ адзін – аж на 18 %. Цэны на каўбаскі да піва не змяніліся. Яйкі або не змянілі цаны, або падаражалі на 1–6 %.
Тавары з беларускіх інтэрнэт-крамаў. Калаж: Белсат
Тавары з беларускіх інтэрнэт-крамаў. Калаж: Белсат
Адзін від бульбы патаннеў на 3 %, другі на 18 %, трэці – на 24 %. Праўда, эканомія тут не такая вялікая: напрыклад, трэці від бульбы каштаваў 1,19 рубля за кілаграм і патаннеў на 29 капеек. Цыбуля-пяро патаннела на 14 %, або 21 капейку за 60 г, пятрушка – на 25 %, або 38 капеек за 60 г, буракі – на 17 %, або 27 капеек за паўкілаграма, а гарбуз – аж на 41 %, або 69 капеек за 1 кг. Звыклая капуста стала таннейшая на 9 %, чырвонакачанная – на 26 %, пекінская – на 28 %, а савойская не змянілася ў цане. Імбір патаннеў на 10 % або на 1 рубель за кілаграм, але баклажаны і патысоны зніклі з продажу.
З замарожаных прадуктаў некаторыя пазнікалі, але замарожаныя шампіньёны падскочылі ў цане на 24–29 %. Ды адзін від замарожаных лісічак падаражэў на 29 %, а другі за месяц не змяніў цаны.
Некалькі папулярных відаў хлеба зніклі, некалькі не змяніліся ў цане, але шмат якія патаннелі на 9–11 %. Пшанічная мука або не змяніла цаны, або патаннела на 3–8 %.
Газаваныя напоі патаннелі на 20–36 %. Шмат якія ласункі (і беларускія, і імпартныя) пазнікалі з продажу, але тыя, што засталіся, патаннелі на 10–35 %. Хіба адзін расейскі шакалад падаражэў на 11 %.
Пральныя парашкі ў гэтай краме не змяніліся ў цане, толькі адзін від падаражэў з 36,69 да 40,15 рубля за пачак на 4 кг.
Шмат якія тавары, якія былі на акцыі, не змяніліся ў цане, хоць акцыі не забаранялі спыняць. Асобныя тавары проста зніклі з продажу. Зялёны гарошак патаннеў на 17 %, або 77 капеек, а пакунак фасовачных пакетаў – аж на 33 %, або 66 капеек. Але шэраг акцыйных тавараў падаражэў да цэнаў, якія былі да акцыяў: напрыклад, памідоры – на 10 %, або 35 капеек, жаночыя калготы – на 16 %, або 90 капеек, гранатавы сок – на 29 %, або 2,5 рубля, распушчальная кава – на 65 %, або на 8,5 рубля за слоік на 85 г.
Большая частка тавараў не змянілася ў цане. Зніклі сыры «Valio Oltermanni», «Chevrette Frico» і «Grana Padano Trentino», на 3–4 % падаражалі мясныя паўфабрыкаты. Сыравяленае філе кураняці патаннела з 30,9 да 30,7 руб/кг, а марская капуста са смакам ўасабі цяпер на акцыі: была за 3,2 рубля, стала за 2,4 рубля.
Тавары амаль не знікалі з продажу. Фен, міксер, сокавыціскалка, вертыкальныя пыласосы і некаторыя іншыя тавары не змяніліся ў цане. Зімовыя аўтамабільныя апоны патаннелі на 6 %, электрачайнік і швабра-мо ппатаннелі на 12 %. Адна мікрахвалёўка «Гарызонт» не змянілася ў цане, другая падаражэла на 10 %, або 20 рублёў. Беларускі апарат магнітатэрапіі падаражэў на 5 % – з 79 рублёў да 82,68 рубля. Папера для прынтара падаражэла на 28 %, або 4,16 рубля за паўтысячы аркушаў. Кітайскі бюджэтны смартфон падаражэў на 10 %, або амаль 50 рублёў. Падгузнікі, якія прадаюцца ў гэтай жа краме, патаннелі на 8 %.
Цэны на самыя папулярныя кнігі ў гэтай краме абваліліся: антыўтопіі Джорджа Оруэла «Ферма жывёлаў» і «1984» упалі на 32 % і 30 % адпаведна (першая цяпер каштуе 10,5 рубля, другая – 12,16 рубля), раман «Партрэт Дорыяна Грэя» каштуе на 40 % танней (9,86 рубля). Расфарбоўка «Ферма. Сіні трактар» патаннела на 34 % (цяпер каштуе 4,09 рубля), а расфарбоўка «Вясёлыя машынкі» – аж на 58 % танней (2 рублі 5 капеек).
Магчыма, з абвалам цэнаў на антыўтопіі звязаны рост цаны на антыстрэсавы мячык: ён падскочыў у цане на 33 %, цяпер каштуе як «Ферма жывёлаў». Паштоўка «Давай станем старымі і агіднымі разам» патаннела на 19 % і цяпер каштуе толькі 1,85 рубля.
Тавары з беларускіх інтэрнэт-крамаў. Калаж: Белсат
Тавары з беларускіх інтэрнэт-крамаў. Калаж: Белсат
Шарыкавая асадка патаннела на тыя ж 33 % (мінус 1,3 рубля), аловак з гумкаю – на 44 % (мінус 96 капеек). Колькі відаў сшыткаў знікла, адзін патаннеў на 16 %. Скрэтч-мапа Беларусі патаннела на 2 %.
Тэхніка ў гэтай краме ўпала ў цане на 10–30 %: навушнікі-затычкі каштуюць 11,63 рубля замест 14,14, флэшка на 16 Гб – 13,79 рубля замест 18, фен – 54,87 рубля замест 63,05, кававарка – 91,8 рубля замест 102, вентылятар – 125,08 рубля замест 147,52…
Гэтая ж крама гандлюе касметыкаю. Шмат найменняў пазнікала, бальзам для вуснаў і кандыцыянер для валасоў упалі ў цане на больш як 40 %, а зубная паста падаражэла на 18 %. Таксама тут прадаюцца рэдкія харчовыя тавары: газаваны напой патаннеў на 14–16 %, але імпартны корм для катоў знік з продажу.
Алесь Наваборскі belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10