Большасць амерыканцаў мяркуе, што мыты, уведзеныя прэзідэнтам Доналдам Трампам, пагоршылі іхнае фінансавае становішча.
Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага даследчай службай «The Harris Poll» на замову агенцтва «Bloomberg».
Большасць дарослых амерыканцаў – 56 % – заявілі, што фінансавае становішча іхных сем'яў было б лепшым, калі б тарыфы Трампа не былі ўведзеныя. Каля 52 % рэспандэнтаў заявілі, што абяцаныя выгады ад мытаў не вартыя іхных эканамічных выдаткаў.
69 % рэспандэнтаў адзначаюць, што чакаюць павышэння цэнаў на тавары паўсядзённага попыту ў выніку ўвядзення тарыфаў. Сам Трамп дапусціў такую магчымасць, напрыклад, калі выказаў здагадку, што ў дзяцей могуць быць «дзве лялькі замест 30», і што «магчыма, дзве лялькі будуць каштаваць на пару долараў даражэй, чым звычайна».
Каля 49 % спажыўцоў заявілі, што чакаюць, што тарыфы будуць негатыўна ўплываць на эканоміку, 30 % лічаць, што падаткі прывядуць да станоўчых вынікаў.
Апытанне праводзілася з 8 да 10 траўня, у ім узялі ўдзел больш за дзве тысячы амерыканцаў.
Нагадаем, што 2 красавіка Доналд Трамп увёў новы мытны тарыфны рэжым для 185 краінаў. Асноўная стаўка склала 10 % на ўсе імпартныя тавары, але для асобных краінаў мыты аказаліся значна вышэйшымі – для краінаў ЕЗ, напрыклад, яно было роўнае 20 %.
23 траўня Трамп заявіў, што Еўразвяз уводзіць надмерна жорсткія гандлёвыя бар’еры, што прывяло да непрымальнага гандлёвага дэфіцыту з боку ЗША, і дамовіцца пра змену сітуацыі не ўдалося. У звязку з гэтым ён прапанаваў з 1 чэрвеня 2025 года ўвесці беспасярэднія 50-адсоткавыя мыты на тавары з ЕЗ, падкрэсліўшы, што гэта не закране прадукцыю, вырабленую на тэрыторыі ЗША.
Раман Шавель belsat.eu