Аналітыка

«Свабоду абмяжоўвае нейкі дзядзька». Да чаго прывядзе забарона на мабільнікі ў школах?

Гімназія № 7 у Менску, дзе вучні здаюць тэлефоны перад урокам
Гімназія № 7 у Менску, дзе вучні здаюць тэлефоны перад урокам. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Улады паставілі школы, бацькоў і дзяцей перад фактам: з наступнага навучальнага года карыстацца смартфонамі ў навучальных установах будзе забаронена. Такі «мабільны дэтокс» можа быць карысным, але загад спусцілі зверху, ні з кім не абмеркаваўшы. Эксперт у галіне адукацыі Святлана Мацкевіч у размове з «Белсатам» назвала такі прымус праяваю аўтарытарызму і рэгрэсу.

Інфармацыя пра тое, што з новага навучальнага года дзецям нельга будзе карыстацца мабільнікамі ў школах, з'явілася ў дзяржаўных медыях на пачатку траўня. Аднак, падобна, чыноўнікі рыхтаваліся да гэтага даўно: у Мінадукацыі карэспандэнту «Белсату» як прыватнай асобе прызналіся, што «падрыхтоўчая праца» вядзецца з верасня мінулага года.

Чытайце таксама:
Хлопчык з тэлефонам і заплечнікам. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Thomas Trutschel/Photothek via Getty Images

«Я не думаю, я выконваю загад». У Мінадукацыі не ведаюць, як будзе працаваць забарона на мабільнікі ў школах

Плануецца, што дзеці будуць здаваць гаджэты перад урокамі і забіраць іх, сыходзячы дадому. Аднак яшчэ невядома, як гэта будзе працаваць: у Міністэрстве адукацыі кажуць, што кожная школа павінна самастойна развязаць гэтую праблему. У адной з менскіх школаў нам сказалі, што зрэалізаваць задуму будзе цяжка, бо ў іх шмат вучняў.

У Мінадукацыі таксама заявілі, што ў нарматыўных актах «мабільнага дэтоксу» няма, гэта толькі асабістае ўказанне міністра Андрэя Іванца. У навучальных установах наракаць не наважыліся. Наш суразмоўца з менскай школы канстатаваў: «Спускаюць указанні з міністэрства, вы ж самі разумееце».

Забарона тэлефонаў у школах – захады спрэчныя. Адныя кажуць, што дзеці адцягваюць увагу на гаджэты на ўроках, а на перапынках замест жывых зносінаў выбіраюць гульні і сацсеткі, і таму часовая канфіскацыя мабільнікаў будзе карыснай. Дый наагул, залежнасць ад смартфонаў пагрозлівая. Некаторыя бацькі пераймаюцца, што не ўдасца звязацца з дзіцём цягам дня, або асцерагаюцца, што мабільнік проста скрадуць.

Аднак і ў гэтым пытанні беларусаў пазбавілі магчымасці падыскутаваць і прыйсці да найлепшага развязання: дзяржаўная прапаганда напярэймы падае загад чыноўнікаў як адзіна слушны і згадвае толькі плюсы такой пастановы – як быццам нязгодных быць не можа.

Школьнік з мабільным тэлефонам. Фота: Matt Cardy / Getty Images
Школьнік з мабільным тэлефонам. Фота: Matt Cardy / Getty Images

Незалежны эксперт у галіне адукацыі, кандыдатка педагагічных навук Святлана Мацкевіч у размове з «Белсатам» адзначыла, што ў гэтым пытанні ўсё павінна вызначацца асобна на ўзроўні школаў: ці патрэбная такая забарона, а калі патрэбная, то на ўвесь навучальны дзень ці толькі на занятках, а на перапынках, асабліва вялікіх, можна «адводзіць душу». Прычым у такім абмеркаванні павінны браць удзел і настаўнікі, і бацькі, і школьнікі:

«У школе ёсць некалькі групаў удзельнікаў працэсу наконт прыняцці рашэння: бацькі або апекуны, школьнае самакіраванне, калі яно ёсць, – на жаль, часта забываемся, што дзеці таксама маюць права голасу, – і педагагічны калектыў, аддзелены ад дырэктара. Вось такая калектыўная форма прыняцця рашэнняў, Дэмакратычная форма, дарэчы: адначасова і бацькі, і настаўнікі, і дзеці, і дырэктар, які транслюе аргументы адтуль, з вертыкалі».

Менавіта такая публічная і аргументаваная дыскусія дазволіла б прыняць правільнае рашэнне, у адрозненне ад спушчанага зверху загаду, упэўненая Мацкевіч. Забараняць жа мабільнікі ў школах не трэба:

,,

«Думаю, гэтага не трэба рабіць, што гэта недапушчальна. Хутчэй, трэба з гэтым умець працаваць. Што мяне больш за ўсё абурае ў гэтым усім, дык вось гэтае "трэба нешта абавязкова забараніць". Праз забароны немагчыма палепшыць якасць адукацыі».


Часовую канфіскацыю тэлефонаў у школьнікаў суразмоўца «Белсату» назвала парушэннем асабістай прасторы дзіцяці і ягонай сям'і. Да таго ж дзяцей пазбаўляюць магчымасці зняць на відэа які-небудзь інцыдэнт. Дзеці, вядома, часцяком не анёлы, але і настаўнікі не святыя.

«Усякае можа здарыцца, і, як мне здаецца, дзіця павінна быць пастаянна на сувязі з бацькамі, і бацькі павінны ведаць, што дзіця на сувязі, і гэта не выклікае дадатковых хваляванняў. У школе адбываюцца розныя падзеі і розныя сітуацыі, і калі гэта можа быць зафіксавана на відэа, то чаму не. Адкрытасць павінна быць у сістэме адукацыі. Любая падзея можа быць зафіксаваная, і гэта пэўным чынам дысцыплінуе і настаўнікаў, і дзяцей», – кажа Святлана Мацкевіч.

Чытайце таксама:
Пачатак вучобы ў адной са школаў Менску, Беларусь. 1 верасня 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

«Гэта ўжо не адукацыя, а сістэма ўліку і кантролю». Каму і навошта трэба новыя правілы прыёму ў школы і гімназіі

Пры гэтым практыка забароны тэлефонаў даволі распаўсюджаная ў свеце. Напрыклад, у шмат якіх польскіх школах дзеці расстаюцца з гаджэтамі на час заняткаў, але такое рашэнне кожная навучальная ўстанова прымае асобна і толькі пасля абмеркавання з бацькамі. Агулам амаль 90 % школаў у краіне так ці інакш рэгулююць правілы карыстання гаджэтамі.

У Літве таксама падобныя абмежаванні застаюцца на развязанне школаў, але там рыхтуюцца разгледзець папраўкі ў заканадаўства, каб увесці агульную забарону. Такі законапраект у сакавіку ўнеслі ў парламент кансерватары.

У Латвіі ўвосень мінулага года парламент ухваліў папраўкі ў заканадаўства, і ў рэспубліцы забаранілі мабільныя тэлефоны ў школах, але толькі для 1–6-х класаў. Для астатніх навучальныя ўстановы абавязаныя распрацаваць «правілы і парадак выкарыстання тэхнічных сродкаў у навучальным працэсе, выхаваўчай дзейнасці і для стасункаў».

Ва Украіне гэтае пытанне ніяк не рэгулюецца, хоць школы маюць права ўводзіць абмежаванні. Але ідзе вайна, і бацькі не хочуць, каб дзеці заставаліся без тэрміновай сувязі і, адпаведна, без тэлефонаў.

У Расеі заканадаўчую забарону на мабільнікі ў школах увялі ў снежні 2023 года.

Школьніца здымае спецыяльны чахол, які блакуе выкарыстанне смартфона. Лос-Анджэлес, ЗША. 6 сакавіка 2025 года. Фота: Genaro Molina / Los Angeles Times via Getty Images
Школьніца здымае спецыяльны чахол, які блакуе выкарыстанне смартфона. Лос-Анджэлес, ЗША. 6 сакавіка 2025 года. Фота: Genaro Molina / Los Angeles Times via Getty Images

Мацкевіч, разважаючы пра тое, якім менавіта чынам у Беларусі забаранілі смартфоны ў школах, адзначыла: дзяцей прывучаюць да думкі, што «камусьці можна абмежаваць тваю свабоду». «Не закон абмяжоўвае тваю свабоду, а нейкі дзядзька, і пра гэта не прынята размаўляць. Гэта значыць, прымаюцца нейкія нормы, і апрыёры чуем "ну, вы ж разумееце"», – кажа яна.

На думку эксперткі, гэтая гісторыя паказала ўмацаванне і адначасова спрашчэнне аўтарытарнай вертыкальнай сістэмы кіравання ў адукацыі:

,,

«Сэнс толькі адзін: падтрымліваць усіх на ўзроўні падпарадкавання, падкантрольнасці, лаяльнасці, фіксаваць і перадухіляць любое непадпарадкаванне. Улады спрабуюць вярнуць сістэму да знаёмай савецкай мадэлі адукацыі. І, як гэта ні дзіўна, аказваецца, што такі рэгрэс магчымы».


Сцяпан Кубік / АБ belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10