Адзін са стваральнікаў серыялу «Працэсы» і суаўтар праекту «ЧынЧынЧэнал» рэжысёр Андрэй Кашперскі зняў кароткаметражны хорар «Judgment of the Dead» («Суд мёртвых») з Зояй Белахвосцік у галоўнай ролі. У размове з «Белсатам» ён распавёў, што кароткі метр – толькі пачатак шляху: чакаем поўнаметражнага фільму жаху пад той жа назвай. Чуваць: «Усім устаць – суд ідзе!» І мерцвякі – паўстаюць…
«Белсат»: – Аўтар «Суду мёртвых» Андрэй Кашперскі – у сінім світшоце з чырвоным надпісам «Бессмертен» (смяёмся). Прывітанне! Пасля здымкаў увесь прапах ладанам і серай?
Андрэй Кашперскі: – Ха, «прапах ладанам і серай». Гэта пра мяне, дакладна (смяецца)!
«Я не мог абысці гэтую тэму»
– Калі людзі ў цябе пытаюцца, пра што твой новы фільм, што ім адказваеш?
– Усё проста: гэты фільм пра рэальны закон, прыняты ў Беларусі ў 2023 годзе, паводле якога можна цяпер
судзіць мёртвых. У нашай кароткаметражцы мы гэты закон троху «дакруцілі». Галоўная гераіня – суддзя Аляксандра Драгун, не проста судзіць мёртвых, а судзіць іх, каб адабраць іхную нерухомасць. Ну і ў нейкі момант памерлыя паўстаюць, каб пераследаваць суддзю Аляксандру… Напэўна, толькі гэта і магу распавесці, каб не спойлерыць.
Магу памыляцца, але, па-мойму, некалькі памерлых ужо былі асуджаныя ў Беларусі паводле гэтага закону. І, напэўна, пакуль мы тут з табой размаўляем, ідзе працэс…

– Афіцыйнага «змёртвыхпаўстання»?
– Можа, і так (смяецца). Але я меў на ўвазе рэальныя суды. Яны могуць ісці і ў гэты момант. Чытаў пра дзве справы над мёртвымі, якія зараз разглядаюцца ў Беларусі. І, натуральна, для нас, стваральнікаў «Працэсаў», гэта салодкая тэма, якую вельмі хацелася абыграць. Так, цалкам нашая! Бо маё сэрца і сэрца майго суаўтара Міхаіла Зуя ляжыць у вобласці якраз такіх вось абсурдных навінаў і законаў.
Я асабіста не мог гэта абысці. Год таму, калі мы скончылі «Працэсы», я адчуў вострую неабходнасць зняць поўнаметражны фільм. Шукаў тэму. У нас з Мішам быў дзясятак ідэяў, звязаных з працягам «Працэсаў». Ну і потым прыйшла ў галаву ідэя з адраджэннем памерлых і вобраз галоўнай гераіні – суддзі. Я адразу адчуў, якая яна мае быць: чалавек, які жыве і працуе выключна паводле законаў і правілаў. І я захацеў расказаць гісторыю менавіта пра яе. Міша мяне падтрымаў і з задавальненнем далучыўся да генеравання ідэяў. І вось: мы ўжо каля года пішам сцэнарый поўнаметражнага фільма.
– Крута, поўны метр будзе развіццём таго самага сюжэту, так?
– Так, і наш кароткаметражны «Суд мёртвых» – гэта, па сутнасці, прыквел поўнаметражнай гісторыі. Штосьці падобнае рабіў, скажам, Джэймс Ван, калі здымаў «Пілу» ў 2000 годзе, а потым яму далі грошы на поўны метр. Ці Дэм'эн Шазэл, які зняў свой «Whiplash» спачатку ў кароткаметражным варыянце. Ці той жа Ніл Бломкамп з «District 9». Ці блізкая мая калега Мара Тамковіч, якая напачатку зрабіла кароткі метр «У прамым эфіры», а потым зняла поўнаметражную стужку «Пад шэрым небам».
Гэта наш шлях. І мы плануем менавіта такім спосабам знайсці партнёраў і фінансаванне.

«Канешне, з Белахвосцік! А з кім яшчэ?»
– Сцэнар поўнаметражнага «Суду мёртвых» ужо напісаны?
– Зрабілі з Мішам Зуём ужо першы драфт і зараз працуем над другім. Перапрацоўваем структуру, дадаём новых персанажаў. Гэта працэс, які не спыніцца аж да канца здымачнага перыяду, да канца мантажу. Прыдумваем дадатковыя рэплікі, штосьці пераагучваем, дадаём цітры і гэтак далей. Сцэнар дапілоўваецца вельмі доўга. Але гэтак яно адбываецца, як правіла, ва ўсіх фільмах сусветнай індустрыі.
– Але ўдакладню: галоўная гераіня ў поўнаметражнай версіі застанецца тая самая?
– Галоўная гераіня нашай 15-хвіліннай кароткаметражкі – суддзя Аляксандра Дзмітрыеўна Драгун у выкананні Зоі Белахвосцік. А вось гераіняй поўнаметражнага фільму плануем зрабіць яе дачку – таксама суддзю Дзіяну Драгун. Судзейства – іх сямейная справа. Мы хочам праз гісторыю маці перайсці да гісторыі дачкі і да іх узаемаадносінаў. І я вельмі і вельмі спадзяюся, што Дзіяну сыграе дачка Зоі Белахвосцік акторка Валянціна Гарцуева. Прынамсі мы ўжо распавялі ёй, што пішам сцэнар пад яе і для яе. Ці ўдасца яе залучыць – пытанне, бо ўсякае бывае, і не трэба забывацца, у якіх абставінах мы жывём. Але маем вялікае жаданне, каб менавіта Валянціна Гарцуева ўзяла ўдзел у нашым праекце.
– Буду трымаць за вас пальцы крыжыкам. Але пытанне: на чорную, інфернальную, я б сказаў, ролю суддзі вы ўзялі такую светлую акторку – Зою Белахвосцік. Чаму акурат яе?
– Зоя – выдатная, прыроджаная акторка. Я з ёй прафесійна пазнаёміўся на здымках 4-й навелы «Працэсаў». Яна ўразіла сваёй прафесійнасцю, сваёй энергетыкай і ўнутранай культурай. І вось: у нас «Суд мёртвых», і, канешне ж, – з Зояй Белахвосцік. А з кім яшчэ? Не было ніякіх варыянтаў! І мне здаецца, яна сыграла выдатна. Дзякуючы збольшага ёй я змог паглядзець наш фільм каля сто разоў.
– Сто?..
– Так. Мантуючы яго, перарабляючы і гэтак далей. І ніводнага разу не стаміўся ад галоўнай гераіні. Калі зрабілі фінальную версію, я па дарозе ад нашага аператара Ягора Яфімава паглядзеў фільм тройчы.

«Гэта будзе іранічны хорар»
– Тады знаём, калі ласка, з усёй камандай «Суду мёртвых».
– Ну, так склалася, што я – рэжысёр-пастаноўшчык гэтага фільму. Сцэнар мы пісалі разам з Міхаілам Зуём, проста вось тут, у кавярні (смяецца). І я тут жа слёзна яго ўпрошваў стаць кампазітарам фільму. І вось, мне здаецца, што ў фільме выдатная музыка, і Міша – бліскучы кампазітар.
У касцяку каманды таксама Ягор Яфімаў, які працаваў ко-прадзюсарам і на «Працэсах». У нашай кароткаметражцы ён прадзюсар і аператар-пастаноўшчык. Працаваў з намі і Саша Адамаў, з якім мы рабілі і «Працэсы», і «ЧынЧынаў у мундзірах». Ён мастак-пастаноўшчык. Яшчэ Ілля Чабоўскі – рэжысёр мантажу. Мы з ім працуем ужо гадоў 18, ён мой аднакласнік, і ў яго на мяне куча кампрамату, таму пра яго – толькі прыемнае (смяецца). Так, яшчэ Наста Пяцэвіч – наш гукарэжысёр. Ну і Ілля Бажко, які мантаваў на «Працэсах», а тут зрабіў візуальныя эфекты.
Пра каго яшчэ магу сказаць, каб не спаліць усю інфу КДБ? Ёсць яшчэ некалькі вядомых актораў у нашай кароткаметражцы, але я іх не называю – хай будзе невялікі сюрпрыз для гледачоў.
– Чыста беларуская каманда. Ведаю, што і ў масоўцы беларусы здымаліся…
– У масоўцы гралі і беларусы, і палякі, і ўкраінцы. Адну з галоўных роляў мёртвых выканаў украінскі актор Алег Абярніхін, які, дарэчы, граў і ў навеле «Прыснілася» серыялу «Працэсы».
– Слухай, у чытача зараз можа скласціся ўражанне, што «Суд мёртвых» – гэта працяг першага сезону «Працэсаў». Гэта так?
– Абсалютна не. Гэта іншы свет, які жыве паводле зусім іншых законаў. Для мяне «Працэсы» – гэта серыял, зроблены пры дапамозе рацыянальнага творчага ключа. А «Суд мёртвых» – выключна эмацыйны праект, прынамсі для мяне. Я вельмі люблю хорары! Гляджу іх з дзяцінства, з гадоў шасці, эмацыйна падлучаны да гэтага жанру і хачу нешта зрабіць ў гэтым жанры здаўна.
,,«На сёння ў мяне ёсць ужо дзве кароткаметражкі ў жанры хорару. І абедзве асэнсоўваюць гэты жанр іранічна. У мяне ўсё адно не атрымаецца, я думаю, зняць чысты хорар. Гэта будзе іранічны хорар. І ён будзе куды больш эмацыйны, чым халодныя, сухія і адчужаныя, як па мне, «Працэсы». Можа быць, гэтыя праекты недзе блізкія ідэйна, але стылістычна яны вельмі дрозніваюцца».
«Не абяцаю, што будзе смешна»
– Іранічны, кажаш… Гэта значыць хорар з тваёй незнішчальнай усмешкай на тле? А ў чым іронія?
– Іронія якраз ў тым самым законе, які сапраўды прынялі ў Беларусі. Гэта пункт адліку майго натхнення. І нашая іронія пачынаецца з самага першага экспазіцыйнага кадру: «Заснавана на рэальных падзеях». З гэтага пункту іронія прасякае ўвесь твор. Прысутнічае ў тым, што мы ўжо напісалі для кароткага метру і што пішам для поўнага.
Але, як і ў выпадку з «Працэсамі», гэта ні ў якім разе не камедыя. Не абяцаю, што будзе смешна. Я проста хачу распавесці цікавую эмацыйную гісторыю пра цікавых для мяне і эмацыйных персанажаў. І я думаю, будзе троху страшна, троху весела і крыху пазнавальна.
– Пазнавальна найперш для беларусаў…
– Так, але наш фільм арыентаваны не выключна на беларускага гледача, які цікавіцца палітычнай ці сацыяльнай павесткай РБ. Я б хацеў працаваць з міжнародным гледачом, які, можа, нічога і не ведае пра Беларусь, але таксама можа атрымаць задавальненне. Я спадзяюся, гэта будзе універсальная гісторыя.
Для мяне, знянацку, гэты фільм атрымаўся троху больш, як бы гэта сказаць… Атрымаўся не тое каб страшным ці смешным, а хутчэй – трывожным. Ён больш пра трывогу. І я хацеў ужо перайсці да спойлераў, але спыняюся аж да моманту, калі гледачы, слухачы і чытачы паглядзяць яго.

– Калі гэта можа здарыцца?
– Пакуль што я не ведаю, дзе адбудзецца прэм'ера «Judgment of the Dead». Магу толькі сказаць, што мы вельмі хочам, каб «Суд мёртвых» трапіў на як мага больш фестываляў. А хорар-фестываляў у свеце – велізарная колькасць. Я вельмі спадзяюся, што фільм трапіць, напрыклад, на «Fantastic Fest», у якім ужо брала ўдзел нашая навела «Ператрымка» з «Працэсаў». А да гэтага – пакатаецца па іншых фестывалях. А напрыканцы 2025 года хацелася б выкласці фільм у адкрыты доступ – на стрымінг ці «YouTube», каб яго маглі паглядзець як мага большая колькасць гледачоў.
«Хацелася б, каб мёртвыя паўсталі насамрэч!»
– Кароткаметражны «Суд мёртвых» здымаўся ў Варшаве? Ці адбываліся падчас здымак якія містычныя рэчы?
– Так, усё здымалася ў Варшаве. У нас было пяць здымачных дзён. І ведаеш, нічога такога я не згадаю… Можа, таму, што звычайна падчас здымак я вельмі занураны у працэс. І калі ты ўсёй сваёй істотай ўжо ўнутры фільму, то ніякай містыкі вакол не заўважаеш. Гэта былі пяць абсалютна святочных і цудоўных дзён…

Напэўна, гэта і было самае містычнае – што нашыя здымкі прайшлі без якіх-небудзь здарэнняў. Аж трохі жудасна ад гэтага (смяецца).
– Памятаеш, калі мы з табой размаўлялі калісьці пра «Працэсы», ты наракаў, што рэчаіснасць пастаянна апярэджвае вашыя з Міхаілам Зуём самыя страшныя фантазіі. Не баішся, што ў выпадку «Суду мёртвых» будзе тое самае?
– Так, канешне, калі да жыцця вярнуцца мёртвыя, то рэальнасць нас перагуляе і знішчыць (смяецца).
Але праўда, у «Працэсах» амаль усе ідэі, якія мы прыдумлялі, раптам збываліся. Тут такога пакуль не здарылася… Але, слухай, хацелася б, каб мёртвыя паўсталі насамрэч! Чаму не? Гэта зрабіла б нашае жыццё яшчэ больш цікавым. Усё, што пачалося ў 2020 годзе, і вядзе да чагосьці такога – ці да падзення метэарыта, ці да паўстання мерцвякоў. Гэта проста лагічны працяг усіх тых рэчаў, якія ўжо пачалі адбывацца…
– І вось тут ад Кашперскага сапраўды павеяла серай (смяёмся). Дзякуй табе, чакаем прэм'еры!
Зміцер Міраш belsat.eu