Гісторыі

«Ты з ваўкалакаў - я з вампіраў». Алена і Міхась Зуі - пра свой новы альбом, каханне і Беларусь «урачыстага трауру»

Акторы і музыкі Алена Зуй-Вайцяхоўская і Міхась Зуй у сябе дома. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Акторы і музыкі Алена Зуй-Вайцяхоўская і Міхась Зуй у сябе дома. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Акторы і музыкі Алена Зуй-Вайцяхоўская і Міхась Зуй у шчырай размове з «Белсатам» распавядаюць, у якіх умовах запісвалі свой новы музычны альбом «Arka» і якое дачыненне да іх творчага жыцця мае таямнічы Аркаша. Запрашаем на дыскатэку у стылі «ўрачыстага трауру»...  

Няспынна мурлыкаючы пад нос «Аркашу» з новага альбому «Зуёй» («Zui»), рушым у варшаўскі Стары Жалібож у госці да аўтараў трэку, які пасяліўся ў нашых галовах і ўжо жыве там самастойным жыццём. Праз паўгадзіны: стол у цэнтры гасцёўні, прыцішанае святло («урачысты траур», кажаце?), чорная гарбата і размова на тры асобы і на дзве гадзіны, да якой пільна прыслухоўваецца з кніжнай паліцы выява Вінцэнта Вэгі. Алена і Міхась перакідваюцца позіркамі і ўспамінамі. Выразаем самыя смачныя кавалкі…

«Скажы, Аркаша…»


«Белсат»:
- Алена, паміраем з цікавасці. Хто такі Аркаша?


Алена Зуй Вайцяхоўская:
- (смяецца) Вобраз. Калі ўжо пра прататып, то, па-першае, у мяне ёсць стрыечны брат, якога завуць Аркаша. А яшчэ майго дзядулю звалі Аркадзем. Так што гэты вобраз не з паветра ўзяўся... 

Але адчуваем у тэксце эратычнае напружанне… Ніякіх любоўных гісторыяў з іншымі Аркашамі (Міхась перастае памешваць гарбату)?  


АЗ: - Не, не было, праўда (смяецца). Мне здаецца, кожны будзе адчуваць у нашых песнях нешта сваё, нешта пра сябе, калі яму штосьці ў іх адгукнецца.


Міхась Зуй:
- Я, па праўдзе, не памятаю, хто з нас першы сказаў гэтую фразу. Але яна цікава гучала і гучыць: «Аркаша, dance for me…». 

Актор Міхась Зуй. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Актор Міхась Зуй. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2024 года. Фота: Белсат

- І першым быў «Аркаша» ці ўсё ж «Арка», якая дала назву альбому?


- МЗ: Спачатку з'явілася «Арка». Гэта, мне здаецца, была ўвогуле першая песня, напісаная намі па-беларуску. Мы неяк спрабавалі падлічыць, колькі ёй гадоў. Страшна сказаць, але, магчыма, аж дзевяць. І нам яна адразу спадабалася. А ужо потым з'явіўся «Аркаша». Ну і натуральна так здарылася: тут «Арка», а тут «Аркаша». І падумалася, што «Арка» будзе добрай назвай для ўсяго альбому. Яна нічога канкрэтнага не азначала, але давала прастору для новых сэнсаў.


- АЗ: І была ў нас яшчэ такая песня «Санта-Барбара», якую мы пісалі па-расейску для першага альбому, але ў той альбом («Вопрос», 2016) яна не ўвайшла. І, калі памятаеце, у застаўцы да таго легендарнага ўжо серыялу з'яўляюцца аркі - шмат, шмат арак… 


- МЗ: Я нядаўна ўключыў першую серыю - немагчыма глядзець ужо. Але калісьці было цікава.


«Не на скоцкім сур'ёзе»


- «Скажы, Аркаша, хто я. У чым, Аркаша, мая сакрэтная зброя?» - цытую. У чым «сакрэтная зброя» вашай «Аркі», што аж з галавы не выходзіць? Голас, тэксты, музыка?..


- АЗ: Усё разам. Цяжка ацаніць з сярэдзіны. Вось калі б я мела магчымасць прыйсці на наш канцэрт і паслухаць звонку, то змагла б адказаць. А ўнутры сістэмы… проста ёсць розныя дарагія сэрцу рэчы. Я вельмі люблю, як ў Мішы складаюцца тэксты і якія паўстаюць вобразы. Кінематаграфічныя нават нейкія. Бо ён шмат гадоў займаўся акторскай дзейнасцю, а зараз - і сцэнарнай яшчэ.

Акторка Алена Зуй-Вайцяхоўская. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Акторка Алена Зуй-Вайцяхоўская. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2024 года. Фота: Белсат

- МЗ: Во мёду наліла. Ну мы ж насамрэч даўно ўжо і песнямі займаемся, і музыкай. Не ведаю, ці сапраўды гэта сакрэтная зброя, бо не ўсімі яна счытвалася ў першым альбоме, але гэта - прыхаваная іронія. Не цынічная такая. Ёсць песні, якія - «на скоцкім сур'ёзе». Да сябе і да ўсяго на свеце. А для Зуёў песні пачаліся з такога сумленнага, спакойнага, іранічнага стаўлення. З іроніі.


І другое: калі Алена спявае - адразу нейкі ком да горла падступае. Праўда? Дык вось, спалучэнне іроніі і яе пранізлівага вакалу дае, напэўна, такі эфект. Ну і яшчэ: з часоў «ДзеціДзяцей» мяне заўсёды цягнула ў бок нейкай змрочнай танцавальнай музыкі. Мне здаецца, яна найбольш адпавядае нашай рэчаіснасці, нашаму надвор'ю і нашаму шэраму небу…   



,,

- АЗ. Урачысты траур. Калісьці я знайшла гэтую фармулёўку. І часта, калі знаходзішся ў Беларусі, трапляеш у такі вось дзіўны стан. Урачысты траур. І ён ўвайшоў у нашыя песні. 


«Усе песні «Аркі» былі напісаныя яшчэ да 2020 года»


- Тэксты пісаў Міхась, так? Цікава, ці дадавала што-небудзь ты, Алена?


- АЗ: О, што тычыцца тэкстаў, дык ёсць жа песня «Żegnam się» («Развітваюся») па-польску, якую я сама напісала. І ў ёй ёсць цытата з вядомага рамансу «To ostatnia niedziela» (1935) («Гэта астатняя нядзеля», у Польшчы вядомая і як «танга самагубцы» - рэд.). Я польскую мову ведаю гадоў з 12, калі вучылася ў школе ў Гданьску. І ў музычную школу хадзіла там. Два гады ў Гданьску жылі, калі мама працавала ў амбасадзе. Так што польскую яшчэ з тых часоў люблю.


- Вось адкуль твая дасканалая польская дыкцыя! А адсылка да «Крымінальнага чытва» таксама твая ці Міша прыдумаў?


- АЗ: І гэта маё. Вунь ён дарэчы стаіць на палічцы, гэты персанаж - Вінцэнт Вэга (смяецца).


- МЗ: І ведаеш, некаторыя песні, напрыклад «Żegnam się» і «Вар'яты і бамжы», пісаліся яшчэ ў 2019 года да фестывалю «Справа» ў Белай Царкве. У нас была беларускамоўная праграма. Песні былі напісаныя, але не былі заранжаваныя. А некаторыя мелі адно першы куплет. І, я памятаю, мы здалі кудысьці сваіх дзяцей і два дні перад выступам усё дараблялі. 


- АЗ: Дзве ночы, я б сказала. 


- МЗ: І гэта было пякельна страшна (смяецца). І гэтыя «Żegnam się» і «Вар'яты і бамжы». Але, мне падаецца, атрымалася няблага. Калі доўга ходзіш і муляеш тэкст, то бывае, ён атрымліваецца такі выпусташаны. А калі вось у такім рэжыме - усё жывое. Я вельмі люблю гэты Алены тэкст - «Żegnam się». Ведаю, што яна давала нейкай сваёй сяброўцы правяраць, ці ўсё правільна па-польску. А тая напісала: усё правільна, але…


- АЗ: …але тыпу - чаму ты так кажаш? Чаму калі ў цябе ў доме няма перцу - то што? (у польскай мове «pieprz» (перац) утварае розныя «любоўныя» вульгарызмы - рэд.).


- МЗ: Я б так сказаў: «Żegnam się» - гэта такія нашыя «Алюмініевыя агуркі», калі простымі словамі. Так, яна была прыдуманая і запісаная ў 2019-м, калі мы і не думалі пра эміграцыю. І гучала прыблізна так, як і зараз. І ўвогуле, усе песні «Аркі» былі напісаныя яшчэ да 2020 года, да некаторых былі распрацаваныя і аранжыроўкі. Але толькі ў 2023 годзе, ужо ў Варшаве, мы пачалі працу над альбомам і тады ўжо нешта перагледзелі. І для нас вельмі цікава зараз, што, аказваецца, некаторыя рэчы, напісаныя тады, зараз гучаць нават больш актуальна…

Актор Міхась Зуй. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Актор Міхась Зуй. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2024 года. Фота: Белсат

- Радок «Я не хачу з'язджаць - не магу заставацца» з «Менску юнацтва» не дапісаны пазней?


- МЗ: Не, ён быў напісаны нават яшчэ раней - у 2017-м ці 2016-м. «Менск юнацтва» нагадваў калісьці такі шалёны ска-панк. А потым мы выступілі з Арцёмам Залескім (бубнач «Серебряной свадьбы», не стала ў 2022 годзе - рэд.), на «Пешаходцы», і ён раіў нам ісці ў гучанні да 1980-х, і мы перарабілі песню.

«Сядзім з чырвонымі вачамі, тры гадзіны раніцы…»  


- Добра, уявім сабе, Андрэй Кашперскі хоча зняць фільм пра тое, як вы стваралі «Арку», і замаўляе табе сцэнарый. Накідаеш пару гарачых сцэнаў?


- МЗ: Ха, а я ўжо падумаў, гэта ўсё насамрэч. Бо мы нядаўна знялі з ім кароткі метр «Суд мёртвых», а файл проста зараз рэндэрыцца, дасылаем яго на Берлінскі фестываль. Гэта такі сатырычны хорар…


- Але што да запісу «Аркі», напэўна, быў бы баёпік…


- МЗ: Ну так, добра. Мы з Аленай сядзім з чырвонымі вачамі, тры гадзіны раніцы, спрабуем дарабіць песню - а 8-й трэба выязджаць на фестываль. Мантажная склейка. Мы на фэсце, 4 гадзіны раніцы, цемра, дубар, змерзлыя людзі ў куртках, вікінгі нейкія, якія потым пачынаюць танчыць пад нашыя песні…


- АЗ: Так, няма святла. І я спрабую прычапіць да сшытка такі маленечкі, як асадка, ліхтарык, каб бачыць тэксты і акорды, бо іх яшчэ не ведаю! Сяджу ў гэтай цемры…  


- МЗ: А пасля мы дасылаем відэа з песняй «Аркаша», якую найгралі на кухні на сінтэзатары, Андрэю Кашперскаму. І ён, паводле сцэнарыя, будзе чалавекам, які ўвесь час пытаецца: «Ну і калі альбом?». Склейка. Да Кашперскага далучаецца Павел Станкевіч, які кажа: «Усё, рабіце ўжо альбом, не магу больш пра гэта чуць». І далей: наш гукарэжысёр Віталь Кулеўскі, з якім зрабілі шмат музыкі да спектакляў, пераязджае ў Польшчу. Мы з Аленкай едзем да яго ў Беласток і робім альбом. А далей - руціна. Такая - туды-сюды. Праца. Кашперскі: «Ну і калі альбом?..» 


- АЗ: Ага, усё правільна. Толькі трэба яшчэ персанажаў прыдумаць, якія прыходзяць і пытаюцца: «Ну, калі будзе ўжо песня пра Аркашу?». І мы сустракаем гэтых вар'ятаў і бамжоў...


- МЗ. Стоп. Флэшбэк. Месца дзеяння - зноў Беларусь. Мы бачым саксафаніста-інкогніта. Ён шыфруецца, змяняе знешнасць, ідзе ў нейкае сутарэнне, азіраецца, ці няма хваста, і запісвае для апошняй нашай песні партыю на саксафоне. У менскай арцы. Гэта ўжо 2024 год. Флэшку з файлам дасылае нам, сюды… Вось такая гісторыя.  

Алена Зуй-Вайцяхоўская трымае карціну з героямі фільму «Крымінальняе чытво». Варшава, Польшча. 13 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Алена Зуй-Вайцяхоўская трымае карціну з героямі фільму «Крымінальняе чытво». Варшава, Польшча. 13 лістапада 2024 года. Фота: Белсат

«Не, бабруйскага вяселля не было»


- «Ты з ваўкалакаў - я з вампіраў» («Thank Youth») - як вы ўвогуле знайшлі адзін аднаго?


- АЗ: Я памятаю, а Міша - не (смяецца). Я пасля школы сябравала з Валодзяй Глотавым з Рускага тэатру, які аднойчы прывёў мяне на спектакль «12-я ноч» у СМТ (Сучасны мастацкі тэатр), у якім удзельнічаў Міша. Але адзін актор зламаў нагу, і спектакль адмянілі. Замест яго яны зладзілі спантанны такі капуснік. І там я ўпершыню пабачыла Мішу, які выступаў з імправізацыяй вершаў. Было вельмі смешна. Мы з Валодзяй увесь капуснік адпоўзалі са смеху па падлозе. І пасля Валодзя падвёў мяне да Мішы і пазнаёміў. Вось гэтага Міша не помніць. А я помню. Давялося знаёміцца другі раз…


- То бок было другое знаёмства?


- АЗ: Так, гэта ўжо пасля канцэрту «ДзеціДзяцей». І тады Міша ратаваў мяне ад смерці (смяецца). Мне ў нагу трапіў аскепак ад разбітай бутэлькі. І Міша быў чалавекам, які бегаў і шукаў, як дапамагчы, прынёс нейкі падарожнік ці самбук і прыпякаў мне рану, каб кроў спыніць. І тады мяне ўжо запомніў.


- І што?


- МЗ: Слова за слова - і панеслася… Апынуліся ў Крыму ў 2008 годзе. На наступны год туды разам прыехалі. 


- АЗ: А яшчэ праз год павянчаліся там, на гары ў Фаросе, у прыгожай царкве. Там жа здымалі кліп потым. 


- І не было «бабруйскага вяселля»?


- МЗ: Не, «бабруйскае вяселле» (фраза з песні «Żegnam się» - рэд.) - гэта ўвогуле загадка. 


- АЗ: Для мяне - таксама. Нешта, напэўна, з Кустурыцы вылезла…


- І пакуль ты, Міхась, пісаў тэксты і граў у «ДзеціДзяцей» - Алена нараджала рэальных дзяцей?


- МЗ: Не-не, гэта ўжо не было адначасова. Гурт распаўся ў 2010 годзе. Мы ажаніліся, і праз два гады нарадзіўся Петрык. Усутыч усё было. 


- А што, дарэчы, вашыя дзеткі - Петрык і Марыйка, сказалі пра ваш альбом?


- МЗ: Я ім ставіў некалькі трэкаў - «Энергічны танец», «Аркашу», але, напэўна, ім больш за ўсё спадабаўся «Менск юнацтва». 


- АЗ: І цікава, што пакуль што ў Менску ніякага юнацтва ў іх не было. І мы не ведаем, ці будзе…  


- МЗ: Ім падабаюцца больш такія не сумныя, «дзвіжовыя» песні. Калі з'язджалі ў 2021 годзе з Беларусі, мы шмат слухалі «The Prodigy». Дзеці казалі: о, класная музыка! У Марыі ўлюбёны трэк быў «Invaders Must Die», то бок «Захопнікі павінны памерці». Так вось.  


- АЗ: Яны абодва вучацца ў музычнай школе. Пеця ў нас бубнач, а Марыйка грае на фартэп'яна. Петрык пачаў вучыцца яшчэ ў Беларусі. Пайшоў у музыкалку раней, чым у звычайную школу, яшчэ 6 гадоў не споўнілася. Вельмі добры меў кантакт з настаўніцай. Але ж давялося з'ехаць. Сентыментальная гісторыя.

Акторка Алена Зуй-Вайцяхоўская. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Акторка Алена Зуй-Вайцяхоўская. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2024 года. Фота: Белсат

«Ты не гукарэжысёр - ты мой муж!» 


- Маленькія Зуі таксама растуць музыкамі.


- АЗ: Дарэчы, мая мама скончыла ліцэй імя Ахрэмчыка па класе арфы. Праўда пасля гэтага ніколі на арфе не грала. А я таксама тры гады ў тым самым ліцэі правучылася, прычым паралельна па класе фартэп'яна і вакалу, бо настаўніца па вакалу сказала, што бачыць у мяне здольнасці. Потым мы з'ехалі на два гады ў Гданьск, а калі вярнуліся, я ўжо разумела, што ніякай вялікай піяністкай не стану. Але той базы для мяне хапіла, каб займацца потым і музыкай і творчасцю. Потым я спявала ў хоры - і ў Беларусі, і ва Украіне, зараз таксама ўдзельнічаю ў тэатральным праекце «Chór Kobiet» Марты Гурніцкай.


- І была ж яшчэ славутая «Шчучыншчына», з якой цябе ўвесь час асацыявалі. Сур'ёзныя праекты, у тым ліку «Арка», - гэта не спроба збегчы і схавацца ад Алены Жалудок, ад «
БелГосПсиХозу» і іншых сатырычных праектаў?


- АЗ: Не, гэта таксама частка мяне. Іншая частка. Я не магу сказаць, што хацела ад нечага збегчы - хацела падсвяціць іншы бок. Я люблю розныя рэчы: люблю розную музыку, розныя фільмы, напрамкі. Люблю розных людзей. Такая мая натура. І наш альбом - гэта тое, што павінна было з'явіцца. І мне хацелася, каб з'явілася і прагучала, таму што я гэтым жыву.


- Цікава, што робіць адзін Зуй, калі другі Зуй сыходзіць (Міхась Зуй спяшаецца на цягнік, развітваецца з намі і ўжо не чуе гэтага пытання)?


- АЗ: Я вельмі люблю заставацца на самоце, і для мяне гэта вельмі важна. Вельмі важна заставацца - сам-на-сам! - на сваёй тэрыторыі. Нячаста атрымліваецца. Той, хто мае дзяцей, мяне зразумее. Застацца адной дома - гэта раскоша! 


І яшчэ, ведаеш, мне трэба быць адной, калі я запісваю голас. Бо гэта мае успаміны, вобразы, асацыяцыі, і я павінна разумець, што зараз ніхто за мной не сочыць. І тут у нас складана бывае з Мішам. Ён, наадварот, любіць быць у такія моманты побач, каб адразу рабіць, скажам, дублі, ці занатоўваць там сабе нешта. І тут узнікае, скажам так, канфлікт - і мы не можам адзін аднаму саступіць. 


Я кажу: калі хочаш, каб гэта было добра запісана, - ідзі адсюль. Ён кажа: калі хочаш, каб гэта была добра запісана - мушу быць тут. Ты ж, кажа, акторка, дык уяві сабе, што ты адна, а я проста гукарэжысёр. Я яму: не магу ўявіць, бо ты не гукарэжысёр - ты мой муж. Такія ў нас сутыкненні могуць здарацца, калі нешта ствараем і прыдумляем.


- І што, Міша сыходзіць?..


- АЗ: Мішу даводзіцца сыходзіць (смяецца). Але мы доўга дамаўляемся. Ён можа сысці, але недалёка, і будзе стаяць за парогам, прыслухоўвацца. «Міша, зачыні дзверы, не стой каля дзвярэй!» - прашу… Ну і што, часцей за ўсё, калі я застаюся адна, то пачынаецца такое: «Міш, а якую тут кнопку трэба націснуць? Міша, а як уключыць плэй?». І гэтак далей. Міша доўга бурчыць нешта сабе пад нос, але прыходзіць і дапамагае…


- Творчая сям'я…


- АЗ: Так, па-рознаму бывае. І класна, калі маеш ужо нейкі вынік. Я наспявала, Міша з Віталём склеілі, аранжыроўку зрабілі, я іду, слухаю і - ваў, дык цікава ж гучыць! І калі бачыш ужо вынік - вось у гэтым задавальненне і кайф.


Акторы і музыкі Алена Зуй-Вайцяхоўская і Міхась Зуй. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Акторы і музыкі Алена Зуй-Вайцяхоўская і Міхась Зуй. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2024 года. Фота: Белсат

«Ужо абмяркоўваем, пра што можа быць новы альбом»


- Дзе можна будзе злавіць кайф слухачам? Ці плануеце выступіць з «Аркай» жыўцом?


- АЗ: Маем такія намеры і планы. Мы ўжо гралі «Арку» ўжывую: сёлета на фестывалі «Тутака», а летась - на «Бардаўскай восені». І зараз дамаўляемся, каб зладзіць канцэрты ў Беластоку і Варшаве. У Варшаве, я думаю, будзе канцэрт у студзені. І яшчэ хацелася б паездзіць з гэтай праграмай - прыехаць у Вільню, Гданьск, Кракаў. Але канкрэтных датаў пакуль не назаву.


- Што-небудзь новенькае пішацца ў Варшаве?


- АЗ: Так, Міша ўжо пачынае, у нас ёсць ідэі аб стварэнні новага музычнага альбому. Ужо абмяркоўваем, пра што ён можа быць. Магчыма, там будзе больш песень на польскай мове, не толькі па-беларуску. Мы і тут працягваем жыць, нечым захапляцца, пра нешта рэфлексаваць і збіраць матэрыял для новага альбома. Гэта калі казаць пра праект «Zui».


- Зноў нагоніце урачыстага трауру…


- АЗ: Ведаеш, што мне сяброўка напісала? Напісала, што «Арка» - гэта штосьці з дзяцінства, з фільму «Бум», і - з дыскатэкі ў «Белсаўпрофе»…


- «Не прыхіляцца, не кранаць нікога падчас гэтага танцу…»?


- АЗ: Дакладна, так. Аркаша, dance for me… 


Зміцер Міраш belsat.eu  

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10