Гісторыі

Дзяржкантроль, Саўмін і Лукашэнка ўзяліся за найбуйнейшую гандлёвую сетку Беларусі. Як вынікі?

Крама «Родны кут» у аграгарадку Відомля
Крама «Родны кут» у аграгарадку Відомля, Камянецкі раён, Беларусь. 1 лютага 2022 года. Фота: Bks.by
podpis źródła zdjęcia

«BELPOL» перадаў «Белсату» новы «зліў»: дакументы Савету міністраў пра праблемы ў працы «Белкаапсаюзу» і сеткі крамаў райпо. Агромістая «карпарацыя», вядомая найперш сельскімі крамамі, прыносіць дзяржаве адны страты.

Belsat
Чаго больш у Беларусі: «Табакерак» ці «Саюздрукаў», «Еўраоптаў» ці райпо? Статыстыка навіны

Найбуйнейшая гандлёвая сетка Беларусі паводле колькасці аб’ектаў – крамы дзяржаўнага «Белкаапсаюзу». Гэты «Белкаапсаюз» не выступае суб’ектам гаспадарання: крамамі кіруюць гандлёвыя базы, абласныя і раённыя спажывецкія таварыствы. Ад гэтых таварыстваў і ўстойлівая назва тыпу крамаў: райпо і сяльпо або райспажыў і сельспажыў. 


У суседняй Украіне ёсць сетка крамаў «Сільпо», але гэта не сельскія спажывецкія таварыствы, а супермаркеты камерцыйнай кампаніі, якая актыўна пашыраецца, нягледзячы на вайну ва Украіне і страты ад яе. Ды калі ўкраінскае «Сільпо» намагаецца быць модным і сучасным, беларускія сяльпо і райпо не намагаюцца пазбавіцца сумнеўнай рэпутацыі, існаванне якой прызнаюць і самі ўлады.


Цягам студзеня–кастрычніка 2023 года Камітэт дзяржаўнага кантролю правяраў райпо, знайшоў шмат хібаў, наскардзіўся Аляксандру Лукашэнку. Той даручыў Савету міністраў разабрацца. 13 снежня 2023 года Саўмін накіраваў Лукашэнку справаздачу: не былі выкананыя ягоныя даручэнні яшчэ ад 2021 года. 16 лютага 2024 года Лукашэнка раздаў новыя даручэнні на агульным сходзе прадстаўнікоў чальцоў «Белкаапсаюзу». 5 лістапада 2024 года «Белкаапсаюз» расказаў пра вынікі працы над тымі даручэннямі за першыя 9 месяцаў года. «Белсат» пераказвае, што было ў справаздачах Саўміну і «Белкаапсаюзу».


Што не так з райпо? Гэта калос на гліняных нагах

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адкрыццё 50-й крамы «Віталюр». Менск, Беларусь. 28 красавіка 2018 года. (Фота: Vitalur.by)
Сілавікі супраць гандлю. Хто ў беларускім рытэйле правініўся, «зажэрся» і «страх згубіў» навіны

Станам на канец 2023 года ў «сетку кааперацыі» ўваходзіла 258 тысяч дольнікаў, на «Белкаапсаюз» працавала 36,3 тысячы чалавек, каля 4900 крамаў «Белкаапсаюзу» сумарнай плошчай 465,2 тысячы м² (70 % – у сельскай мясцовасці), а таксама 549 аўталавак, абслугоўвалі 3,2 млн чалавек або 35 % насельніцтва Беларусі. 


Гэты гандлёвы гігант умудраецца быць стратным. За студзень-кастрычнік 2023 года 14,3 % арганізацыяў «Белкаапсаюзу» спрацавала са стратамі, сумарны чысты прыбытак за гэты перыяд склаў усяго 6,1 млн рублёў – то бок, за 10 месяцаў менш за два рублі прыбытку з чалавека, якога абслугоўвае сетка. Рэнтабельнасць продажаў – 0,3 %. Але і тое лепш за студзень-кастрычнік 2022 года, калі «Белкаапсаюз» спрацаваў з чыстымі стратамі ў 0,7 млн рублёў пры рэнтабельнасці продажаў 1,4 %. Праўда, у 2023 годзе асабліва правініліся крамы Віцебскай вобласці: на 1 лістапада прынеслі чыстых стратаў на 7,9 млн рублёў.


Арганізацыі «Белкаапсаюзу» закрэдытаваныя і маюць брак уласных сродкаў. На 1 лістапада 2023 года на сплату крэдытаў і пазыкаў арганізацыі «Белкаапсаюзу» скіравалі 1 млрд 139 млн 100 тысяч рублёў – 40,6 % сваёй выручкі. Пратэрмінавана было 133,1 млн рублёў крэдыторскай запазычанасці (то бок, запазычанасці ўсім, у тым ліку пастаўнікам) і 47 млн рублёў запазычанасці менавіта па крэдытах і пазыках. Хіба пратэрмінаванай запазычанасці па заробках не знайшлі, але тыя заробкі невысокія: за студзень-кастрычнік 2023 года сярэднія заробкі склалі ў «Белкаапсаюзе» ўсяго 1018 рублёў. Нейкія рэзервы папаўнення абаротных сродкаў ёсць, але не выкарыстоўваюцца.

Наведнікі навучальнага семінару па складской лагістыцы ў краме «Белкаапсаюзу». Ліда, Беларусь. 26 кастрычніка 2023 года. Фота: Oblpo.by
Наведнікі навучальнага семінару па складской лагістыцы ў краме «Белкаапсаюзу». Ліда, Беларусь. 26 кастрычніка 2023 года. Фота: Oblpo.by

Доля «Белкаапсаюзу» ў гандлі малая і спадае. У студзені-кастрычніку 2023 года доля «спажыўкааперацыі» ў рознічным таваразвароце склала ўсяго толькі 2,8 %, знізілася на 0,5 адсоткавага пункта ў параўнанні з першымі 10 месяцамі 2022-га. У неспажывецкіх таварах доля – 8,6 % і мінус 0,8 адсоткавага пункта за год, хоць Лукашэнка асобна даручаў гэтую долю павялічыць. З другога боку, тэмпы росту рознічнага гандлёвага абароту ў тыя месяцы 2023 года агулам па краіне былі «ў мінус»: 91 % да тых месяцаў 2022-га. Экспарт прадукцыі істотна спадаў: ад 60,9 % да мінулага перыяду ў Берасцейскім аблспажыўсаюзе (агулам 6,894 млн долараў) да 46,3 % да мінулага перыяду ў Магілёўскім аблспажыўсаюзе (агулам 1,189 млн долараў). Закупкі прадукцыі ў насельніцтва таксама ўпалі, асабліва моцна – пладоў і ягадаў (54,5 % да мінулых 10 месяцаў) і лому каляровых металаў (65,7 %). Упалі і аб’ёмы вытворчасці ўласнай прадукцыі, асабліва кандытарскіх вырабаў (91,5 %).


Райпа зачыняюцца. За 2022 год былі закрытыя 283 гандлёвыя аб’екты, з іх 188 у сельскай мясцовасці. Аўталаўкі не забяспечваюць сёлы належным чынам. Паралельна адчыняюцца новыя, але куды меншымі тэмпамі. За 10 месяцаў 2023 года былі адкрытыя 8 новых крамаў і 32 аб’екты харчавання, пераадкрытыя 38 закрытых, мадэрнізаваныя яшчэ 39, адрамантаваныя 574 крамаў і 31 аб’ект харчавння, набытая 21 аўталаўка – у гэта і іншае пераабсталяванне крамаў інвеставалі 27 млн рублёў. За той жа перыяд «Белкаапсаюз» увёў у гаспадарчы абарот 300 неэксплуатаваных аб’ектаў нерухомасці, але прадаў з іх 166, зарабіў на тым 5,5 млн рублёў. 

Зачыненае райпо ў вёсцы Ратуцічы, Барысаўскі раён, Беларусь. 3 траўня 2015 года. Фота: Bks.by
Зачыненае райпо ў вёсцы Ратуцічы, Барысаўскі раён, Беларусь. 3 траўня 2015 года. Фота: Bks.by

Якасць працы – так сабе. Саўмін прызнае, што «якасць гандлёвага абслугоўвання ў асобных гандлёвых аб’ектах застаецца на невысокім узроўні». 90 % правераных Дзяржкантроем арганізацыяў не выконваюць патрабаванні заканадаўства ў рознічным гандлі. Неаднаразова прадавалі пратэрмінаваныя і няякасныя тавары, пратэрмінаванае знайшлі ў амаль кожнай трэцяй краме. Бывае недастатковае абсталяванне крамаў, у больш як палове крамаў няпоўны асартымент. У пячэнні хлебу назвалі асабліва шмат праблемаў: былі шматлікія выпадкі адсутнасці належнага тэхналагічнага кантролю, парушэння тэхналогіяў, выкарыстання пратэрмінаванай сыравіны, неналежнага стану абсталявання і памяшканняў, невыканання працаўнікамі правілаў асабістай гігіены…


Якія прычыны? Саўмін лічыць, што сярод прычынаў – неэфектыўная праца арганізацыяў, нізкая выканаўчая дысцыпліна прадаўцоў і іншых працаўнікоў, слабыя патрабаванні да падначаленых ад кіраўніцтва. Адзначаюць таксама заблытаную структуру: у Менскай вобласці існуюць паралельна аблспажыўсаюз і абоспажыў таварыства; у Віцебскай, Гарадзенскай і Гомельскай абласцях – аблспажыўтаварыствы, у Берасцейскай і Магілёўскай – аблспажыўсаюзы. 

Аўталаўка ў Стоўбцах, Беларусь. 2019 год. Фота: Bks.by
Аўталаўка ў Стоўбцах, Беларусь. 2019 год. Фота: Bks.by

У самаго «Белкаапсаюзу» былі іншыя тлумачэнні. Так, Менскі аблспажыўсаюз апраўдваўся на старонках дзяржаўнай «Менскай праўды» летам 2023-га: крамы пераважна сельскія, а людзі на сяле бяднейшыя; уразлівым катэгорыям насельніцтва даюць зніжкі на сацыяльна-значныя тавары, у некаторых маршрутах аўталавак «плячо дастаўкі» дасягае 150 км… Апошнія лічбы, праўда, выклікаюць пытанні: уся Менская вобласць у даўжыню максімум 300 км. Выходзіць, аўталаўка возіць тавары ў сяло пад Клецкам не з Клецку ці суседніх Баранавічаў, а ажно з Менску?


Што вырашылі рабіць? У межах «наладжвання дысцыпліны» знялі з пасады старшыню праўлення «Белкаапсаюзу» і 21 кіраўніка арганізацыяў «спажыўкааперацыі», прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці неназваную колькасць кіраўнікоў. Таксама пашырылі спіс арганізацыяў, якім даюць дзяржаўныя субсідыі на сплату часткі кошту аўталавак; перадалі частку крэдытнай запазычанасці жывёлагадоўчых прадпрыемстваў «Агенцтву кіравання актывамі», рэструктурызавалі пратэрмінаваныя адсоткі па крэдытах «Белкаапфутры» і гэтак далей. Сярод захадаў – запуск кантакт-цэнтру для перадзамовы тавараў фізічнымі асобамі (нумар +375 29 107 93 93). Таксама «Белкаапсаюзу» далі шэраг абстрактных заданняў «зрабіць лепш» і «выканаць даручэнні», сярод якіх – скараціць непатрэбных працаўнікоў, замяніць некаторыя крамы на аўталаўкі, пашырыць гандаль праз інтэрнэт. Міністэрства ўнутраных справаў папрасілі знізіць тарыфы на ахову райпо.

Новы «Родны кут» у вёсцы Мачаны, Лагойскі раён, Беларусь. 8 лістапада 2020 года. Фота: Bks.by
Новы «Родны кут» у вёсцы Мачаны, Лагойскі раён, Беларусь. 8 лістапада 2020 года. Фота: Bks.by

Чыноўнікі нават схадзілі ў TikTok. Неназваная структура знайшла ў TikTok скаргі на паўпустыя паліцы ў райпа ад жыхаркі аграгарадку Гайна (Лагойскі раён), карыстальніцы пад нікнэймам @tatiana195717. Арыгінальнае відэа прыбранае з публічнага доступу, але «Белсату» ўдалося знайсці, імаверна, копію таго відэа. Адсправаздачыліся, што гадлёвы аб’ект «насыцілі», а жанчына пазней запісала новае відэа, к якім выказвае падзяку. 


Таксама чыноўнікі паглядзелі ў TikTok відэа са скаргамі на нізкія заробкі прадавачкі Алены Бераснёвай з крамы ў вёсцы Ельніца (Менскі раён, між Шабанамі і Стайкамі). Тое, што яна атрымала заробак усяго ў 193 рублі 26 капеек за верасень-2023, тлумачылі найперш тым, што яна працуе на паўстаўкі, фактычна адпрацавала толькі 60 гадзінаў, з умовамі была азнаёмленая… Але ўрэшце чыноўнікі прызналі, што была памылка ў налічэннях, а жанчыне належыць заплаціць 386,64 рубля. А заробкі агулам нізкія, бо на іх «паніжаная нагрузка па таваразвароце», дадалі неназваныя чыноўнікі.


Прэзідыум Савету міністраў на паседжанні 30 лістапада 2023 года вырашыў, што «кааператыўная сістэма» ўсё ж з’яўляецца ўстойлівай і «захоўвае сацыяльна арыентаваныя каштоўнасці».


Лукашэнка сказаў разабрацца. Ці стала лепш?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Вечерний Бобруйск
Дакументы «BelPol»: Беларускія гандлёвыя сеткі скардзяцца на адсутнасць садавіны і гародніны навіны

Па выніках студзеня-верасня 2024 года, зафіксаваных у пратаколе паседжання аб выкананні загадаў Лукашэнкі, «Белкаапсаюз» прызнае, што з прыбыткамі стала горш.


Чыстыя страты выраслі да 13,5 млн рублёў. І гэта не за 10, а за 9 першых месяцаў 2024 года – на 1,4 млн больш за першыя 9 месяцаў 2023-га. «Белкаапсаюз» тлумачыць, што вінаватыя арганізацыі жывёлагадоўлі, якія прынеслі чыстых стратаў на 13,2 млн, бо агулам 85 % арганізацыяў сістэмы спрацавалі з чыстым прыбыткам, стратных стала ўдвая менш – усяго 15, абласныя кааператыўныя арганізацыі атрымалі сумарна чыстага прыбытку на 355 тысяч рублёў, а выручка ад рэалізацыі тавараў і паслугаў вырасла ўдвая, да 16,2 млн.


Сталі працаваць больш – і горш. З васьмі прагнозных паказнікаў выконваліся толькі чатыры. У «Белкаапсаюзе» выраслі звыш прагнозу вытворчасць прамысловай прадукцыі, закупкі сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны, экспарт і прадукцыйнасць працы паводле выручкі ад рэалізацыі тавараў і паслугаў. Але рознічны таваразварот скараціўся да 97,9 % ад таго ў адпаведны перыяд мінулага года (прасілі, каб вырас на 1 %). Рэнтабельнасць продажаў склала толькі 0,6 % (а прагназавалі 1,2 %). Дзяржынская і Пастаўская філіі аблспажыўтаварыстваў, а таксама Глускае райпо правалілі ўсе 8 прагнозных параметраў.

На фестывалі «Бацькава булка». Свіслач, Беларусь. 19 жніўня 2023 года. Фота: Oblpo.by
На фестывалі «Бацькава булка». Свіслач, Беларусь. 19 жніўня 2023 года. Фота: Oblpo.by

Дзяржкантроль зрабіў чарговыя заўвагі. У «Белкаапсаюзе» правалілі не толькі прагнозныя паказнікі, але і заданні Лукашэнкі ў частках эфектыўнасці працы «спажывецкай кааперацыі», павелічэння долі продажаў неспажывецкіх тавараў, аптымізацыі структуры, працы жывёлагадоўчай галіны, закладкі пладовых садоў, стварэння аптовых складаў («бізнес-хабаў») айчыннай прадукцыі, забеспячэння рэалізацыі Агульнарэспубліканскай канцэпцыі абслугоўвання сельскага насельніцтва.


Адметная адна з фармулёвак: у частцы, дзе «Белкаапсаюз» указвае кіраўнікам сваіх структурных адзінак на недапрацоўкі, згадваюць, што Віцебскае аблспажыўтаварыства з 21 кастрычніка 2024 года мае новага кіраўніка: гэта Сяргей Шуркала. І ўжо 5 лістапада яму ўжо ўказваюць на невыкананне заданняў і паказнікаў, непрыманне захадаў і іншыя правіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама каля станцыі метро «Уручча». Менск, Беларусь. 9 верасня 2021 года. Фота: Белсат
«У СССР было справядліва, але ў дэфіцыце». Чым пагражаюць планы ўладаў працягваць стрымліванне цэнаў? Аналітыка

У якасці пакарання кіраўнікам абласных таварыстваў і саюзаў (акрамя згаданага Шуркалы) урэзалі надбаўкі за цяжкасць працы на 5–20 % за лістапад. Далі як абстрактныя ўказанні «прыняць неадкладныя захады», так і больш канкрэтныя ідэі: на навагоднія святы адкрыць міні-кавярні з пернікамі і глінтвейнам, прасоўваць «гастранамічны патэнцыял» райпо праз блогераў і турыстычныя кампаніі… 


Адну ідэю, праўда, прапісалі шматзначна: ці то прапанавалі выкарыстоўваць у харчовай прадукцыі эндакрынна-ферментную сыравіну (то бок залозы ўнутранай сакрэцыі жывёлы), ці то проста раілі больш старанна разбіраць жывёлу па забоі, каб больш ішло на розную вытворчасць і менш на ўтылізацыю.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10