Увозіць беларускія ды расейскія прадукты і ўгнаенні ў Еўразвяз стане вельмі нявыгадна. Разам з увядзеннем мытаў Еўракамісію папрасілі сачыць за агульнымі цэнамі на ўгнаенні і пры патрэбе прыняць захады, каб мінімізаваць шкоду санкцыяў для еўрапейцаў.
Еўрапейскі парламент ухваліў 22 траўня новыя мыты на прадукцыю з Беларусі і Расеі. Рэгуляцыю падтрымалі 411 дэпутатаў, 100 выступілі супраць, 78 устрымаліся. Рэгуляцыя яшчэ не ўхваленая канчаткова: яе мусіць фармальна зацвердзіць Рада Еўрапейскага звязу. Пастанова набудзе моц праз чатыры тыдні пасля таго, як будзе апублікаваная ў «Афіцыйным часопісе Еўрапейскага Звязу».
Мыты мусяць значна скараціць імпарт незалежна ад таго, пастаўляюцца тавары з Беларусі і Расеі наўпрост – ці ўскосна.
На сельскагаспадарчыя прадукты з Беларусі і Расеі, на якія яшчэ не былі ўведзеныя падвышаныя мыты, іх падвысяць да 50 %. Спіс тавараў уключае цукар, муку, воцат, корм для жывёлаў.
На ўгнаенні, імпартаваныя з Беларусі і Расеі, уводзяць мыты 6,5 %, а на дадатак да гэтага мыты 40–45 еўраў за тону на 2025–2026 гады з паступовым падвышэннем да 430 еўраў за тону ў 2028 годзе. Без мытаў тона ўгнаенняў каштуе пару сотняў еўраў – мыты ў выніку будуць большымі за 100 %.
Еўрапарламент лічыць, што даходы ад экспарту ўгнаенняў з Беларусі і Расеі непасрэдна спрыяюць вайне супраць Украіны. Дакладчык у справе Расеі, дэпутат Еўрапарламенту заявіў: «Недапушчальна, што праз тры гады пасля таго, як Расея распачала поўнамаштабную вайну, Еўразвяз усё яшчэ купляе крытычна важныя тавары ў вялікіх аб'ёмах, больш за тое, гэты імпарт значна вырас».
Дэпутаты чакаюць, што мыты прывядуць да далейшай дыверсіфікацыі вытворчасці ўгнаенняў у Еўразвязе, бо па гэтай вытворчасці цяпер ударылі нізкія цэны на ўгнаенні. Еўрапарламент папрасіў Еўракамісію сачыць за цэнамі і прымаць захады, калі цэны будуць расці так, што гэта пашкодзіць еўрапейцам.
Еўракамісія прапаноўвала такую рэгуляцыю яшчэ ў канцы студзеня. Найбуйнейшая ў Еўропе сельскагаспадарчая лабісцкая група «Copa-Cogeca» выступала супраць, бо бачыла патэнцыйную шкоду сельскай гаспадарцы, і заклікала адкласці мыты на год. Вытворцы ўгнаенняў падтрымалі прапанову, але лабісты іх засцерагалі: Расея і Беларусь могуць знайсці шляхі абыходу мытаў, скіраваўшы ўгнаенні праз трэція краіны.
Беларусь павялічыла экспарт угнаенняў у Еўразвяз у 2024 годзе ў 2,6 разу, прадала ў 2024 годзе ўгнаенняў у ЕЗ на € 80,3 млн. Асноўны партнёр – Польшча, якая ў 2024 годзе купіла беларускіх угнаенняў на € 73,6 млн. Расея ж паставіла ў Польшчу ў разы больш угнаенняў.
Алесь Наваборскі belsat.eu