22 траўня Аляксандр Лукашэнка перавёў Наталлю Пяткевіч з пасады першай намесніцы кіраўніка сваёй адміністрацыі на пасаду віцэ-прэм’ера. Яна змяніла Уладзіміра Караніка, які пайшоў кіраваць Акадэміяй навук, а на ейнае месца з пасады простага намесніка кіраўніка адміністрацыі ўзняўся Уладзімір Пярцоў. Ва ўрадзе Пяткевіч будзе курыраваць сацыяльны блок. Разам з Пяткевіч ва ўрад скіраваны экс-кіраўнік КДБ і Следчага камітэту Валер Вакульчык, прызначаны кіраўніком Апарату ўраду.
Чаму Вакульчык атрымаў «пенсійную пасаду», Пяткевіч перайшла «бліжэй да зямлі» і што здарылася з Каранікам? Гэтыя пытанні абмеркавалі ў жывым эфіры «Белсату» Віталь Бабін і Алесь Залеўскі з палітычным аглядальнікам радыё «Свабода» Валерам Карбалевічам.
– Я бы звярнуў увагу на тое, што Наталля Пяткевіч прапрацавала на сваёй пасадзе менш году, – кажа Валер Карбалевіч. – Уладзімір Каранік прапрацаваў на пасадзе віцэ-прэмʼера два з паловаю месяцы. І гэтая кадравая чахарда сведчыць пра тое, што ў дзяржаўным апараце няма стабільнасці. Калі чыноўніка праз кароткі час прызначаюць на іншую пасаду, то гэта, фактычна, прызнанне памылкі «галоўнага кадравіка». Што да Наталлі Пяткевіч, то яна ўжо трэці раз сыходзіць з адміністрацыі прэзідэнта. Адносна яе пераходу на пасаду віцэ-прэмʼера, я б не сказаў, што гэта павышэнне. Але што да сыходаў у АП, то гэта своеасаблівы рэкорд.
Што тычыцца Валерыя Вакульчыка, у 2020-м годзе ён, як і Юры Караеў (тагачасны кіраўнік МУС) фактычна былі адпраўленыя ў адстаўку і ссылку. Пяць гадоў яны былі ў апале і цяпер мы бачым новыя прызначэнні: Караеў прызначаны старшынём Гарадзенскага аблвыканкаму, а Вакульчык кіраўніком Апарату Савету міністраў. Можна сказаць, што Лукашэнка ім дараваў «грахі 2020 года».
Што да Караніка, то выглядае, што ўзнікла тэрміновая неабходнасць нешта рабіць з Акадэміяй навук. Былы кіраўнік шмат абяцаў, але мала што рабіў. Нават фармальныя паказнікі, якія датычныя навуковай дзейнасці – змяншаюцца. Асабліва цяпер, калі Беларусь апынулася пад санкцыямі і міжнародныя кантакты навукоўцаў практычна зліквідаваныя, то крызіс у Акадэміі трэба вырашаць. Вось, кінулі «на прарыў» Караніка, лічаць, што ён можа нешта змяніць. Але тут праблема ў сацыяльнай мадэлі, якая існуе ў Беларусі – навуцы наканавана быць у сітуацыі дэградацыі. І змена кадраў тут наўрад ці дапаможа.
– Мы глядзім на гэтыя прызначэнні і складваецца ўражанне, што Лукашэнка адмыслова прызначае тых, хто раззлуе беларусаў. Напрыклад Наталля Пяткевіч у 2007-м годзе яна называла сябе «шчырай прыхільніцай адмены льготаў». І цяпер яна будзе кіраваць сацыяльнай палітыкай. Як бы вы патлумачылі логіку ў гэтым прызначэнні.
– Я тут стану ў абарону Пяткевіч. Я не думаю, што скасаванне льготаў «ляжыць на ёй». Проста склалася такая сітуацыя, калі дзяржаўны бюджэт ужо не мог вытрымаць тых сацыяльных нагрузак, таму тое палітычнае рашэнне прымалася на больш высокім узроўні, на ўзроўні Аляксандра Лукашэнкі. А тое, што яна курыравала той працэс... проста яна функцыянальна выконвала задачу, якая была пастаўленая.
,,На новай пасадзе трэба рэальна адказваць за сітуацыю ў медыцыне, адукацыі, пенсійнай сістэме і г.д. І тут вельмі лёгка пракалоцца і стаць вінаватай у праблемах, якія, безумоўна, будуць.
Наталля Пяткевіч – адная з самых уплывовых жанчын у беларускай палітыцы, вядомая як «жалезная лэдзі» рэжыму Лукашэнкі. Скончыўшы юрфак БДУ і стаўшы кандыдаткай навук, яна прайшла шлях ад спецыялісткі ў Адміністрацыі прэзідэнта да прэс-сакратаркі Лукашэнкі, а ў 2004–2010 гадах займала пасаду першай намесніцы кіраўніка Адміністрацыі.
Пасля перапынку зноў была прызначаная на тую ж пасаду ў 2024 годзе. За ролю ў фальсіфікацыях выбараў і рэпрэсіях унесеная ў санкцыйныя спісы ЕЗ і ЗША (жыла ў гэтай краіне, бо была жонкай прадстаўніка Беларусі пры ААН Валянціна Рыбакова). Пяткевіч называлі магчымаю пераемніцаю Лукашэнкі.
Экс-старшыня КДБ Валер Вакульчык быў звольнены з пасады ў 2020-м годзе. Да новага прызначэння працаваў памочнікам Лукашэнкі па Берасцейскай вобласці.
Уладзімір Каранік у 2019 годзе стаў міністрам аховы здароўя і трапіў пад крытыку грамадскасці за паводзіны падчас пандэміі COVID-19. З 2020 года ўзначальваў Гарадзенскі аблвыканкам, а ў 2025-м быў прызначаны віцэ-прэм’ерам у сацыяльных пытаннях.
belsat.eu