Беларуска пераехала да каханага ў Аргентыну – і там выявілася, што яна трапіла да сапраўднага тырана: ён адабраў у яе тэлефон, біў яе і забараніў выходзіць з хаты.
Паліцыя Аргентыны ўратавала 24-гадовую беларуску Аляксандру М. і ейную дачку Эмілі са зняволення. На гісторыю, якую расказалі аргентынскія медыі, звярнула ўвагу выданне «Most».
Аляксандра пазнаёмілася з 22-гадовым аргентынцам Маркасам М. у Польшчы: яна працавала, ён праходзіў сезонную практыку ў ейнай кампаніі. Між імі завязаўся раман – і Аляксандра пагадзілася пераехаць да яго ў Аргентыну, у правінцыю Чака. Ужо ў Аргентыне ў іх нарадзілася дачка.
Неўзабаве Маркас пачаў паводзіць сябе агрэсіўна: замкнуў дзяўчыну і дачку ўдома, пагражаў ім і абражаў іх, адабраў тэлефон і не даваў кантактаваць са сваякамі і сябрамі, біў дзяўчыну. Калі прыходзілі госці, Маркас хаваў дзяўчыну і дачку ад іх. Аляксандра баялася ўцякаць, бо была без сувязі ў незнаёмай краіне, мела моўны бар’ер. Так працягвалася паўтара года.
Аднойчы суседка выпадкова заўважыла Аляксандру, калі тая сядзела ў двары і плакала. Суседка падала ананімную заяву ў паліцыю – у Аргентыне ёсць гарачая лінія для паведамленняў пра хатні ці сексуальны гвалт, нумар 137.
Аляксандру і Эмілі забралі ў бяспеку, вывезлі са штату перад публікацыяй іхнай гісторыі, вярнулі ў Беларусь. Маркаса абвінавачваць у незаконным пазбаўленні волі, ён адмаўляецца даваць паказанні.
Алесь Наваборскі belsat.eu