Беларусы Грузіі абвясцілі збор сродкаў на пераклад на грузінскую мову і натарыяльнае засведчанне дакументаў, неабходных для судоў, у якіх разглядаюцца справы аб адмове ў міжнароднай абароне і прытулку. Праваабаронца Раман Кісляк сцвярджае: грузінскія міграцыйныя органы і суды не разумеюць усёй сур’ёзнасці сітуацыі ў Беларусі і не ўспрымаюць катаванні ў нашай краіне як сістэмную з’яву. Каб змяніць гэта, неабходна перакласці справаздачы Камітэту ААН супраць катаванняў і адмысловага спавяшчальніка ў справах правоў чалавека ў Беларусі.
Грузінскія суды: у Беларусі няма масавых катаванняў
Цяпер у Тбіліскім гарадскім судзе абскарджваюць адмовы ў наданні прытулку больш за 30 беларусам. Усе гэтыя справы былі распачатыя летась і сёлета, і гэтая лічба можа быць не поўная – паводле праваабаронцаў, ёсць беларусы, якія не звяртаюцца да іх па дапамогу і займаюцца ўсёй працэдурай самастойна.
Згодна са статыстыкай МУС Грузіі, яшчэ ніводзін беларус за апошнія шэсць гадоў не атрымаў міжнародную абарону ў гэтай краіне. Праваабаронца Раман Кісляк адзначае, што большасць тых, хто атрымаў адмову, потым ідзе ў суд, бо гэта дазваляе працягнуць тэрмін легальнага перабывання на тэрыторыі краіны. Сам Раман у такой жа сітуацыі – з 2024 года абскарджвае ў судзе адмову ў наданні яму прытулку.
Надоечы Тбіліскі гарадскі суд абавязаў Дэпартамент міграцыі перагледзець справу Рамана, але гэта першая такая перамога – у астатніх выпадках суд падтрымлівае пастанову міграцыйных органаў і заяўляе, што ў Беларусі для просьбітаў прытулку цалкам бяспечна – маўляў, няма вайны, масавага парушэння правоў чалавека, катаванняў.
,,«Сёлета я бачыў тры пастановы суда з высновамі, што чалавеку ў Беларусі нічога не пагражае. І гэта абсалютна не адпавядае таму, што насамрэч адбываецца. Гэты факт нам трэба данесці да судоў і даказаць. Таму ўзнікла неабходнасць перакладу міжнародных справаздачаў наконт сітуацыі ў Беларусі», – кажа Кісляк.
Што перакладаюць?
Праваабаронца тлумачыць, што ёсць тры ўзроўні доказаў датычна сітуацыі ў краіне, якія падаюцца ў дэпартамент міграцыі і суд. Найперш, канешне, просьбіт прытулку павінен даказаць, чаму менавіта яму пагражае небяспека, распавесці пра індывідуальны пераслед, але не менш важная таксама агульная абстаноўка ў краіне, зафіксаваная праваабаронцамі. Каб паказаць яе, спачатку да пазову прыкладваюцца матэрыялы, апублікаваныя ў медыях.
Больш высокі ўзровень – справаздачы і вынікі маніторынгаў НДА – Беларускага Хельсінкскага камітэту, «Вясны» і іншых.
«Але самы высокі ўзровень – справаздачы міжнародных органаў і спецпрацэдураў. У прыватнасці, мы пастанавілі перакласці Справаздачу Камітэту супраць катаванняў. Яшчэ ў 2020 годзе БХК і «Вясна» звярнуліся ў Камітэт з просьбаю правесці расследаванне масавых парушэнняў і фактаў катаванняў. Увесь гэты час Камітэт вывучаў сітуацыю ў Беларусі і вызначыў, што катаванні ёсць сістэмнай практыкаю ў Беларусі. І гэта цалкам супрацьлеглая выснова ў параўнанні з тымі, што робяць дэпартамент міграцыі ў Грузіі і суды», – распавядае праваабаронца.

Яшчэ адзін дакумент, які беларусы Грузіі плануюць паказваць у судах, – справаздача 2024 года адмысловага спавяшчальніка ААН наконт сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, у якой закранаецца сітуацыя розных групаў насельніцтва, у тым ліку журналістаў, праваабаронцаў, а таксама тэмы катаванняў і наяўнасці смяротнага пакарання ў нашай краіне.
,,«Калі ўжо гэтыя аргументы – Камітэту супраць катаванняў і адмысловага спавяшчальніка ААН – не будуць пераканаўчымі для суда, то можна казаць пра адмову ў правасуддзі. Тады мы пойдзем у міжнародныя органы», – кажа Раман Кісляк.
Бясплатны – толькі вусны пераклад
Паводле праваабаронцы, пераклады гэтых дзвюх справаздачаў ужо зробленыя і цяпер іх мусяць вычытаць юрысты. На гэта хапіла ўжо сабраных 630 лары (прыкладна 230 долараў). У зборы, аднак, заяўленая сума ў 1520 лары (каля 550 долараў). Як патлумачыў Раман, трэба яшчэ зрабіць натарыяльнае засведчанне перакладаў, якое часта патрабуюць суды, і на гэта на цяперашні момант грошай ужо няма.
Раман Кісляк нядаўна абвяшчаў збор на пераклады дакументаў падчас разгляду сваёй справы ў судзе. Справа ў тым, што Грузія прадстаўляе просьбітам прытулку бясплатных адвакатаў і вусных перакладчыкаў, але пра пераклад дакументаў трэба парупіцца самастойна. Часта гэта даволі сур’ёзныя выдаткі для беларусаў у эміграцыі.
«Я сябе адчуваю глыбока падманутым, і буду ставіць пытанне перад міністрам унутраных справаў. Бо ў Дэпартаменце міграцыі мяне запэўнівалі, што будзе забяспечаны пераклад. І так, нам даюць перакладчыка ў Дэпартаменце міграцыі, падчас працы з адвакатам і ў судзе. Але гэта ўсё вусны пераклад. Ніякія дакументы не перакладаюцца, а ў Дэпартаменце міграцыі кажуць: "Мы не абавязаныя". Я яшчэ ў 2023 годзе паказаў усе неабходныя паводле маёй справы дакументы, і спадзяваўся, што яны будуць перакладзеныя. Але не, мне давялося самому аддаваць іх на пераклад. Частку гэтых дакументаў мы цяпер выкарыстоўваем у розных справах, не толькі ў маёй», – распавядае наш суразмоўца.

Раман спрабаваў перакладаць на грузінскую мову праз Google, але якасць выходзіла вельмі нізкая. ChatGPT дае рады лепш, але ён не зробіць натарыяльнае засведчанне. Таму і даводзіцца прасіць неабыякавых беларусаў аб дапамозе.
«На збор ахвяруюць пераважна беларусы, якія самі і перабываюць у Грузіі. Я б сказаў, гэта самадапамога. Ёсць, аднак, і тыя, хто дапамагае з іншых краінаў – вялізная ім падзяка за гэта», – зазначае Раман.
Больш жорсткае заканадаўства – як для замежнікаў, так і для саміх грузінаў
Праваабаронца абяцае, што ўсе пераклады будуць размешчаныя ў адкрытым доступе, і кожны будзе мець магчымасць спампаваць іх сабе і прадставіць у суд. На іх не будзе натарыяльнага засведчання, але ўсё роўна гэта ўжо іншы ўзровень падачы доказаў, падкрэслівае юрыст.
Паводле Кісляка, колькасць беларусаў, якія падаюцца на міжнародную абарону ў Грузіі, павялічваецца. Да прашэння прытулку падштурхоўваюць пададзеныя ў Парламент новаўвядзенні ў законы аб міжнароднай абароне і статусе замежных грамадзянаў, якімі ўводзіцца спрошчаная працэдура дэпартацыі. Да канца траўня законапраекты плануецца прыняць у другім і трэцім чытаннях.
«Гэтыя змяненні рыхтаваліся даволі даўно, яшчэ год таму. Але цяпер іх істотна перапрацавалі. МУС Грузіі не хавае, прэзентуючы гэтыя законапраекты, што ёсць замежныя грамадзяне, якія ўдзельнічаюць у пратэстах, і ў нас няма прававых падставаў для іх дэпартацыі. Дзеля гэтага і прымаюцца законы – каб дэпартаваць і забараняць уезд на нейкі тэрмін. Да гэтага часу было насамрэч даволі ліберальнае заканадаўства, цяпер жа яно робіцца больш жорсткім не толькі ў дачыненні замежнікаў, але і агулам грамадзянскай супольнасці Грузіі», – кажа Раман.
Паводле праваабаронцы, пакуль незразумела, як новаўвядзенні будуць працаваць, наколькі хуткімі будуць дэпартацыі, ці будуць выконвацца прававыя працэдуры.
«У Грузіі ад 20 да 25 тысячаў замежнікаў, якія перабываюць у краіне нелегальна. Сярод іх ёсць таксама беларусы, якія могуць трапіць пад спрошчаны парадак выдварэння. Зразумела, што гэта не значыць, што ўсіх пойдуць лавіць і дэпартаваць, але такія магчымасці яны для сябе ствараюць, і як яно будзе працаваць, пакуль незразумела», – зазначае юрыст.
Што для беларусаў Грузіі робіць Офіс Ціханоўскай?
Беларуская дыяспара ў Грузіі ў легалізацыйных пытаннях працуе з юрыстамі Офісу Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінетам. У прыватнасці, вядзецца шчыльная супраца з намеснікам прадстаўніка АПК у сацыяльных пытаннях Віталём Маўчанавым.
,,«Ён прадстаўляе пытанні легалізацыі беларусаў ва ўсім свеце. Мы з ім у кантакце, і ў пільных сітуацыях я прашу падтрымання палітычнага характару. Магчыма, не ўся праца бачная, і зразумела, што нельга развязаць усе пытанні, але, напрыклад, цяпер створаная праграма для беларусаў, якім Грузія адмовіла ў прытулку і ў каго скончыліся пашпарты, па пераездзе ў іншыя краіны. Офіс цяпер прымае заяўкі ад такіх беларусаў», – распавядае Кісляк.
З уладамі Грузіі ў беларускіх дэмсілаў, на жаль, кантакту няма, кажа праваабаронца:
«Але гэта не толькі ў нас такая сітуацыя. Мы камунікуем з прадстаўнікамі амбасадаў розных краінаў, і яны кажуць, што нават у іх няма такога кантакту. У Грузіі мы цяпер назіраем палітычны крызіс, там ідзе ўнутрыпалітычная барацьба. І самі палітычныя сілы кажуць, што цяпер не да беларусаў. Мы ўсё ж у баку стаім. Нашае пытанне нават не на другім, а на якім 15-м месцы».

Тым не менш, нават у такой сітуацыі беларусы Грузіі маюць намер паказаць сваё бачанне і рыхтуюць прапановы наконт міграцыйных законапраектаў у МУС. Раман Кісляк зазначае, што крок насустрач у легалізацыі беларусаў меў бы і практычную карысць для грузінскіх уладаў, бо міграцыйная сістэма ўжо цяпер моцна загружаная.
«У Грузіі 12 тысячаў беларусаў. Зразумела, што па міжнародную абарону пойдуць не ўсе, але тая частка, што ідзе, ужо цяпер перагружае сістэму – былі выпадкі, калі людзі стаялі ў чарзе і за содні не паспявалі трапіць у Дэпартамент міграцыі. А там на вуліцы, дарэчы, няма нармальнага навесу, лаўкі, прыбіральні, і ў такіх умовах стаяць увесь дзень – бесчалавечна. З гэтай нагоды мы таксама рыхтуем зварот», – кажа праваабаронца.
Як дапамагчы?
Рэквізіты для дапамогі:
GE26TB7752045064400003 (рахунак грузінскага банку)
RAMAN KISLIAK
PayPal: @Kisliak
Справаздача наконт збору будзе публікавацца ў чаце.
За шэсць гадоў – амаль 70 адмоваў
Цягам 2023–2024 гадоў колькасць грамадзянаў Беларусі ў Грузіі зменшылася больш чым на тысячу чалавек.
Стану на 1 студзеня 2025 года, у Грузіі жылі 12 808 беларусаў. З 2021 года ў краіну прыехалі 20 952 асобы, выехалі – 8144.
За апошнія пяць гадоў, з 2019 да 2024 года, грузінскія ўлады не задаволілі ніводнага прашэння ад беларусаў аб наданні прытулку. Таксама за гэты час адбылося некалькі выпадкаў, калі беларусаў не пускалі ў краіну пасля візарану.
Паводле звестак грузінскага МУС, у першым квартале 2025 года Грузія адмовіла ў міжнароднай абароне 13 беларусам, у тым ліку двум няпоўнагадовым. Агульная колькасць адмоваў з 2019 года – 69, з іх 15 чалавек – няпоўнагадовыя.

Таксама нядаўна грузінскі ўрад абвясціў маштабныя змяненні міграцыйнага заканадаўства краіны. Цяпер уладам будзе прасцей дэпартаваць замежнікаў. Падставамі могуць стацца ў тым ліку дробнае хуліганства, непадпарадкаванне паліцыі, знявага службовай асобы, удзел у несанкцыянаваных акцыях.
Акрамя дэпартацыі, замежніку могуць забараніць прыязджаць у Грузію на тэрмін ад 2 да 20 гадоў ці пажыццёва.
Дэпартаваць замежнікаў змогуць нават пры легальным перабыванні ў краіне і наяўнасці віду на жыхарства.
Ганна Ганчар belsat.eu