навіны

Любіць раскошу і супраць льготаў. Хто такая Пяткевіч, якая адказвае ў Беларусі за сацыялку

Новы віцэ-прэм’ер, адказны за сацыяльную сферу, Наталля Пяткевіч. Менск, Беларусь. 22 траўня 2025 года. Фота: БелТА
Новы віцэ-прэм’ер, адказны за сацыяльную сферу, Наталля Пяткевіч. Менск, Беларусь. 22 траўня 2025 года. Фота: БелТА
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі новы віцэ-прэм’ер, адказны за сацыяльную сферу. Гэта «жалезная лэдзі» 2000-х Наталля Пяткевіч, яна любіць раскошнае жыццё і хуткасць, мае дарагія дамы і выступае супраць сацыяльных льготаў. Галоўнае, што трымае яе на пасадзе – лаяльнасць кіраўніку краіны.

22 траўня Аляксандр Лукашэнка перавёў Наталлю Пяткевіч з пасады першай намесніцы кіраўніка сваёй адміністрацыі на пасаду віцэ-прэм’ера. Яна змяніла Уладзіміра Караніка, які пайшоў кіраваць Акадэміяй навук, а на ейнае месца з пасады простага намесніка кіраўніка адміністрацыі ўзняўся Уладзімір Пярцоў. Ва ўрадзе Пяткевіч будзе курыраваць сацыяльны блок.

,,

«Сацыяльны блок у нас, напэўна, самы складаны. З вашымі падыходамі і дысцыплінаванасцю, патрабавальнасцю я ўпэўнены, што мы нарэшце зможам вырашыць не толькі пытанні вытворчасці кінафільмаў нармальных – не разумеем, аказваецца, што нам трэба кіно з усіх ідэалагічных складнікаў. Таму я ўпэўнены, што не толькі кіно, культура, але і спорт, і ахова здароўя вельмі важная, адукацыя», – сказаў Лукашэнка.


Разам з ёю ва ўрад скіраваны экс-кіраўнік КДБ і Следчага камітэту Валер Вакульчык, прызначаны кіраўніком Апарату ўраду. Паводле Лукашэнкі, яны знойдуць «супольную мову» і, як «людзі сістэмныя і патрабавальныя», будуць «да месца цяперашняму ўраду».

«Гэта чэлендж, пэўны выклік, бо гэта не проста сацыяльная сфера (адукацыя, ахова здароўя, культура) – гэта велізарная эканоміка. Прэзідэнт паставіў вялікія задачы і ўскладае вялікія надзеі на выніковасць. Сацыяльны блок – гэта самае галоўнае для нашых людзей. У сацыяльна арыентаванай дзяржаве і з улікам тых патрабаванняў, якія агучвае прэзідэнт па абароне інтарэсаў нашых грамадзян, гэта, вядома, найважнейшая тэма», – адзначыла сама Пяткевіч.

Наталля Пяткевіч падчас нарады з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 22 траўня 2025 года. Фота: БелТA
Наталля Пяткевіч падчас нарады з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 22 траўня 2025 года. Фота: БелТA
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медыкі ў паліклініцы. Фота: sb.by
«Ды ніколі ў жыцці». Лекары разважаюць, ці спыніцца ад'езд з Беларусі пасля павелічэння заробкаў Гісторыі

Паводле яе, «самае галоўнае патрабаванне – гэта павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання ў цэлым, у тым ліку ў сацыяльным блоку».

Санкцыі, набор эскортніц і скандал з пранкерамі

Наталля Пяткевіч – адна з самых уплывовых жанчын у беларускай палітыцы, вядомая як «жалезная лэдзі» рэжыму Лукашэнкі. Да з'яўлення на палітычным алімпе Наталлі Качанавай самай высокапастаўленай жанчынай Беларусі была менавіта Пяткевіч. Праўда, на пасадзе віцэ-прэм’ера Качанава яе апярэдзіла: яна ўжо займала гэтую пасаду ў 2014-2016 гадах.

Дзявочае прозвішча Пяткевіч – Краўчанка. Нарадзілася яна ў 1974 годзе ў Менску, у сям’і лекара і настаўніцы. Ейны бацька – нарадзінец Новасібірскай вобласці Расеі – каля 40 гадоў працаваў галоўным лекарам 7-й стаматалагічнай паліклінікі сталіцы.

Сваё цяперашняе прозвішча яна атрымала ад першага мужа, які ў 2000-х узначальваў «Нацыянальныя спартыўныя латарэі». Другі ейны муж даслужыўся да пасады намесніка старшыні БТ. Цяпер яна замужам у трэці раз – за нарадзінцам расейскага Томску, беларускім дыпламатам Валянцінам Рыбаковым.

У 1994 Пяткевіч пасля юрыдычнага факультэта БДУ прыйшла на працу ў Адміністрацыю прэзідэнта, а праз сем гадоў стала прэс-сакратаркай Лукашэнкі. З 2014 года ейную пасаду займае Наталля Эйсмант. У 2003 годзе Пяткевіч запомнілася тым, што выступіла супраць абвяшчэння жалобы ў Беларусі пасля гібелі на пажары ў псіханеўралагічным доме-інтэрнаце ў Дзятлаўскім раёне 31 асобы, бо гэта былі «псіхічна ненармальныя людзі».

Першая намесніца кіраўніка адміністрацыі арэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Пяткевіч (першая злева) падчас рабочай паездкі ў Бялыніцкі раён з мэтай маніторынгу сітуацыі ў сферы аховы здароўя. 2 верасня 2024 года. Фота: mogilevnews.by
Першая намесніца кіраўніка адміністрацыі арэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Пяткевіч (першая злева) падчас рабочай паездкі ў Бялыніцкі раён з мэтай маніторынгу сітуацыі ў сферы аховы здароўя. 2 верасня 2024 года. Фота: mogilevnews.by

У 2004 годзе Пяткевіч стала намесніцай кіраўніка Адміністрацыі, адказнай за ідэалогію. Паводле былога дыпламата Валера Кавалеўскага, менавіта яна у 2004 годзе адказвала за прававы бок рэферэндуму, які здымаў абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. У 2006 годзе Пяткевіч трапіла ў санкцыйныя спісы ЗША і Еўразвязу за ўдзел у фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Але ўжо ў 2008-м актыўна ўдзельнічала ў паляпшэнні стасункаў з Захадам.

,,

«Калі я прыязджаю ў Злучаныя Штаты, мяне разам з нелегаламі ў нейкі там «малпачнік» адводзяць, і я, скажам, у дзелавым касцюме сяджу там, пакуль робяцца нейкія пакутлівыя званкі. Самыя працаўнікі адпаведных памежных службаў ЗША не разумеюць: ну маладая, нібы нармальная жанчына, чаго яна там робіць, незразумела, чаму ёй нельга ўехаць?» – расказвала Пяткевіч пра свае падсанкцыйныя паездкі ў ЗША.


Прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар у расследаванні пра Прэзідэнцкі спартовы клуб. Скрыншот: BELPOL / Youtube
Клуб Дзмітрыя Лукашэнкі збірае сотні мільёнаў карупцыйных долараў – расследаванне «BELPOL» Гісторыі

У 2007 годзе чыноўніца назвала сябе «шчырай прыхільніцай адмены льготаў». Паводле яе, сам «інстытут існавання ў краіне льготаў насамрэч вельмі шкодны», бо не дае людзям стымулаў «клапаціцца пра сябе самому».

А ў 2009-м яна стала першай намесніцай кіраўніка Адміністрацыі. На пасадзе пратрымалася да снежня 2010 года, калі стасункі пасля разгону Плошчы зноў сапсаваліся. Затым у 2011–2014 гадах працавала памочніцай Лукашэнкі. Сярод іншага, расказвала былая акторка Купалаўскага тэатру Крысціна Дробыш, Пяткевіч у гэты час падбірала для Лукашэнкі эскортніц.

Пасля таго, як у 2014 годзе яна звязала Лукашэнку з расейскімі пранкерамі, якія размаўлялі нібы ад імя экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, чыноўніца працу ў Адміністрацыі страціла. З таго часу амаль на дзесяць гадоў яна знікла з публічнай прасторы.

З 2015 па 2019 гады Пяткевіч узначальвала турыстычную фірму «Шантэр», што належала лукашэнкаўскаму алігарху Аляксандру Шакуціну. А ў 2018-м выйшла замуж за Валянціна Рыбакова, сталага прадстаўніка Беларусі пры ААН, і пераехала да яго ў Нью-Ёрк. Экс-чыноўніца заставалася пад амерыканскімі санкцыямі, якія, аднак, мелі выключэнне для чальцоў семʼяў дыпламатаў, акрэдытаваных пры ААН. Праўда, ёй нельга было пакідаць радыус у 25 км ад штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Праблемнае вяртанне з небыцця

Чыноўніца вярнулася ў вялікую палітыку 27 чэрвеня 2024 года. Тады Лукашэнка на чале адміністрацыі паставіў былога амбасадара Беларусі ў Расеі Дзмітрыя Крутога, а яго першай намесніцай зноў зрабіў Пяткевіч. Адказным за ўзаемадачыненні з Захадам быў прызначаны папярэдні першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Максім Рыжанкоў.

Першая намесніца кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РБ віншуе Сяргея Налівайку з уступленнем на пасаду памочніка прэзідэнта РБ – інспектара па Магілёўскай вобласці. 4 снежня 2024 года. Фота: mogilev-region.gov.by
Першая намесніца кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РБ віншуе Сяргея Налівайку з уступленнем на пасаду памочніка прэзідэнта РБ – інспектара па Магілёўскай вобласці. 4 снежня 2024 года. Фота: mogilev-region.gov.by
Рука Аляксандра Лукашэнкі на Канстытуцыі Беларусі падчас інаўгурацыі на сёмы тэрмін. Менск, Беларусь. 25 сакавіка 2025 года. Фота: president.gov.by
Траўма 2020 года не адпускае Лукашэнку. Што ён казаў на сёмай інаўгурацыі – аналізуе Паўлюк Быкоўскі навіны

Некаторыя назіральнікі ўспрынялі гэтыя прызначэнні як прыкмету ўзмацнення цывільнай наменклатуры ў супрацьвагу сілавікам (раней адміністрацыю ўзначальваў кадэбіст Ігар Сергеенка). І як сігнал таго, «наколькі кароткая лава запасных» у атачэнні Лукашэнкі.

Падчас прызначэння Пяткевіч Лукашэнка адзначыў, што яна «дэмакратыі хлябнула ў Злучаных Штатах Амерыкі – пара вяртацца дадому і пачынаць працаваць». Пры гэтым ён падкрэсліў «патрабавальнасць» і «прынцыповы падыход» былой чыноўніцы.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) Павел Латушка адзначаў, што задача чыноўніцы – «забяспечыць перапрызначэнне Лукашэнкі без вялікіх праблемаў» у 2025 годзе, «усё трымаць пад кантролем, усіх пастроіць у лінейку». Крыніцы «Нашай Нівы» прыпісвалі ёй набор і кантроль кадраў, якія мусілі быць задзейнічаныя ў фальсіфікацыях. Кіраўнік ЦВК Карпенка таксама нібы мусіў справаздачыцца перад ёю.

Менш як праз тыдзень пасля гэтых прызначэнняў Лукашэнка анансаваў вызваленне цяжкахворых праціўнікаў рэжыму. Агулам з таго часу на волю былі датэрмінова вызваленыя каля 300 палітвязняў. Таксама неўзабаве пасля вяртання ў палітыку Пяткевіч, якая раней была прэс-сакратаркай Лукашэнкі, адбыліся дзіўныя працэсы ў дзяржаўнай прапагандзе: ушчэнт расварыліся прапагандысты. У выніку атрымаліся два лагеры – прарасейскі і тыя, хто бліжэй да Лукашэнкі.

На новай пасадзе Пяткевіч актыўна ездзіла па Беларусі, прадстаўляючы мясцовым аблвыканкамам прызначэнцаў з цэнтру – памочнікаў Лукашэнкі, выступала на канцэртах, адкрывала школы і ліцэй МУС, агітуючы бацькоў, каб іхныя дзеці вучыліся на сілавікоў, сустракалася з работнікамі прадпрыемстваў. А таксама спрабавала павярнуць дзяржаву тварам да людзей, а не тым, што яны бачаць з 2020 года. Пяткевіч неаднаразова заклікала чыноўнікаў развязваць звароты грамадзянаў «не фармальна», выяўляць патэнцыйныя праблемы на месцах і «ісці да людзей».

Але сама ж прыкладам для іх не была. Гэтак, яшчэ летась яна фактычна праігнаравала зварот да сябе вернікаў Чырвонага касцёлу ў Менску, якія прасілі вярнуць зачыненую два гады да таго святыню. А сёлета, 14 траўня, адказваючы на пытанне работнікаў Жабінкаўскага цукровага заводу пра недахоп дактароў у Беларусі, сказала, што гэта праблема ўсяго свету праз павелічэнне сярэдняй працягласці жыцця і старэнне насельніцтва. Чыноўніца пры гэтым не згадала іншых магчымых прычынаў недахопу дактароў, як то, нізкіх заробкаў, высокай нагрузкі, неспрыяльных умоваў працы і палітычных рэпрэсіяў.

У Берасцейскай крэпасці адбылася сустрэча байцоў студатрадаў БРСМ з першай намесніцай кіраўніца вдміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталляй Пяткевіч. 28 ліпеня 2024 года. Фота: alexander_lukyanau / Instagram
У Берасцейскай крэпасці адбылася сустрэча байцоў студатрадаў БРСМ з першай намесніцай кіраўніца вдміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталляй Пяткевіч. 28 ліпеня 2024 года. Фота: alexander_lukyanau / Instagram

Пяткевіч актыўна насаджала культ Лукашэнкі дзецям, заклікала іх да актыўнага ўдзелу ў афіцыйнай палітыцы і да конкурсаў малюнкаў кшталту «Мой прэзідэнт – самы…». У адрозненне ад часткі прапагандыстаў яна не выступае супраць дэмакратыі, але кажа, што ў Беларусі яна свая, «маладая», якая асмелілася «кінуць выклік сусветным слупам і не прызнаць за аксіёмы існыя стандарты, умовы проста таму, што яны кімсьці калісьці ўстаноўленыя і чамусьці прызнаныя абавязковымі для ўжывання ва ўсім свеце». Хоць як юрыст не можа не ведаць, чаму, як і для чаго прызнаваліся стандарты дэмакратыі і што сама ж Беларусь іх ратыфікавала ў міжнародных пагадненнях.

Небеларуская чыноўніца Беларусі

Нарадзіўшыся і жывучы ў Беларусі, займаючы высокія пасады, Пяткевіч разам з тым не інтэгравалася культурна ў беларускае грамадства. Павел Латушка згадваў, што ў ягоную бытнасць міністрам культуры яна крытыкавала яго за «насаджэнне» беларускай мовы. На яго думку, Пяткевіч – не той чалавек, які будзе выступаць за беларускую мову і культуру. Ён называе яе «цвёрдым выканаўцам» волі Лукашэнкі, якая гатовая зрабіць нават больш, чым той можа падумаць.

Журналіст Аляксандр Класкоўскі, які двойчы сутыкаўся з ёю на падзеях для прэсы, адзначаў, што яна можа казаць «правільныя словы, але неяк механічна, драўляным голасам» і без шчырасці. Іншыя журналісты характарызавалі яе, як «жорсткага функцыянера», «халоднага, высакамернага» чалавека.

«Яна вельмі строгая, чэпкая, валявая. Была даволі добра падрыхтаваная да абмеркавання. Давала магчымасць выказвацца. У тым, як яна падыходзіць да пытанняў, апытвае людзей, Пяткевіч пакінула станоўчыя ўражанні», – расказваў разам з тым былы дыпламат Валер Кавалеўскі.

А былы працаўнік адміністрацыі Лукашэнкі, а цяпер намеснік прадстаўніка ў пытаннях транзіту ўлады АПК Арцём Праскаловіч казаў, што яна заўсёды знаходзіла памылкі і недасканаласці ў праектах нарматыўна-прававых актаў.

,,

«Але ж іх можна знайсці па-рознаму. Проста падказаць, як лепш. Пяткевіч жа, па словах былых калег, менавіта «размазвала» аўтараў і ўсіх датычных да дакументу», – казаў ён.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: TUT.by / AP / East News)
Сям'я. Як клан Лукашэнкаў ператварыў Беларусь ва ўласны бізнес навіны

Чыноўніца без начосу

Пяткевіч моцна вылучаецца сярод беларускіх чыноўніц, як выглядам, гэтак і стаўленнем да жыцця.

«Працоўны дзень пачынаецца а палове на восьмую, але яшчэ да яго пачатку іду ў басейн і праплываю два кіламетры. І адчуваю сябе бадзёрай і поўнай сілаў», – распавядала чыноўніца ў інтэрвʼю, калі была намесніцай кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі.

Пяткевіч ёсць аматаркай амерыканскага стылю жыцця, а Нью-Ёрк, паводле яе, «нельга параўнаць ні з чым». Таксама яна прызнавалася, што любіць перавышаць хуткасць: «толькі адна слабасць – высокая хуткасць, якая часам адбіваецца на талоне – мяне спыняюць і штрафуюць». У Нью-Ёрку ж юрыстам працуе і сын Пяткевіч ад першага шлюбу.

Таксама Пяткевіч любіць дарагія брэндавыя рэчы. Як адзначае «Наша Ніва», на інаўгурацыю Лукашэнку ў студзені яна прыйшла ў жакеце з калекцыі «Gucci», які мог каштаваць ад 1500 долараў. Падчас жа працоўная паездкі ў Смалявічы ў траўні на ёй заўважылі люксавы рамень «Hermes», кошт якога можа складаць ад 800 да 1100 долараў.

Цяпер у Пяткевіч двухпавярховы цагляны дом на вуліцы Пакроўскай у менскіх Драздах. Агульная плошча складае каля 350 м2. Паводле «BELPOL», у спадчыну ад бацькі ёй дасталіся трохпакаёўка плошчай 90 м2 на вуліцы Прытыцкага ў Менску, а таксама памяшканне салярыя ў «Славянскім квартале» на праспекце Пераможцаў і гараж на вуліцы Халтурына. Апроч таго, у Драздах ейны цяперашні муж Рыбакоў дзеліць з сынам катэдж па вуліцы Ціхай агульнай плошчай каля 630 м2.

«Белсат» дазваніўся да Наталлі Пяткевіч, каб павіншаваць і спытаць, як яна пачуваецца з новым прызначэннем, але яна, пэўна, не захацела дзяліцца ўражаннямі, бо кінула слухаўку.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10