Жанчына рэгулярна ездзіла з Еўропы ў Беларусь, не мела абмежаванняў на выезд, але пры спробе чарговы раз пакінуць Беларусь яе затрымалі і асудзілі, бо знайшлі яе на фота з пратэстаў.
Чытач выдання Dev.by расказаў гісторыю, з якой вынікае: калі раней удавалася без праблем выязджаць з Беларусі, яшчэ няма гарантыі, што атрымаецца зноў, а абмежаванне на выезд можа з’явіцца ўжо пасля таго, як чалавек прыедзе ў Беларусь.
Раней беларуска, якая жыла ў Еўропе, рэгулярна ездзіла да родных у Беларусь і вярталася. Але сёлета яе развярнулі на мяжы з Польшчай: сказалі, што ў яе ёсць абмежаванне на выезд і прапанавалі звярнуцца па тлумачэнні ў Аддзел грамадзянства і міграцыі.
Выявілася, што абмежаванне на выезд з’явілася праз некалькі дзён пасля таго, як яна заехала ў Беларусь. Сцвярджаецца, што ніякіх сігналаў, што так можа здарыцца, не было: жанчынай «не цікавіліся», ёй не пісалі і не тэлефанавалі.
У выніку жанчыну асудзілі на два гады «хатняй хіміі» (абмежавання волі без скіравання ў папраўчую ўстанову), бо яе знайшлі на фота з пратэстаў 2020 года, яна была ў натоўпе на праезнай частцы.
Праверыць, ці ёсць абмежаванне на выезд з Беларусі, можна на сайце Міністэрства ўнутраных справаў. Раней лічылася, што варта правяраць, ці ёсць абмежаванне на выезд, перад тым, як прыязджаць у Беларусь.
Абмежаванне на выезд з Беларусі можна абысці хіба паехаўшы ў Расею, але з тэрыторыі Расеі грамадзяніну Беларусі з абмежаваннем на выезд могуць не даць выехаць: сілавікі Беларусі і Расеі маюць адпаведныя пагадненні.
Алесь Наваборскі belsat.eu