«Святы абавязак». У Менску заявілі, што гібель Раісі не паўплывае на стасункі з Іранам


Міністр замежных справаў Сяргей Алейнік заявіў у інтэрв’ю «Беларусь 1», што гібель прэзідэнта Ірану Эбрагіма Раісі не паўплывае на рэалізацыю дамоўленасцяў паміж Менскам і Тэгеранам.

Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік
Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік падпісвае мемарандум аб далучэнні Беларусі да Шанхайскай арганізацыі супрацы. Менск, Беларусь. 4 ліпеня 2023 года.
Фота: МИД Беларуси / X

Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік браў удзел у жалобных мерапрыемствах у Іране, прысвечаных гібелі прэзідэнта Эбрагіма Раісі. Паводле міністра, іранскі бок пацвердзіў нацэленасць на працяг сяброўскіх адносінаў паміж рэспублікай Беларусь і Іранам.

«Нацэленасць на рэалізацыю ўсіх тых дамоўленасцяў, якія былі дасягнуты двума лідарамі. Гэта нас святы абавязак рэалізаваць усё, пра што дамовіліся лідары ​​летась. Гэта маштабная дарожная мапа, гэта цэлы пакет двухбаковых пагадненняў, якія былі падпісаны. І ў светлую памяць Эбрагіма Раісі мы з іранскімі таварышамі дамовіліся ўсё гэта рэалізаваць», – падкрэсліў Алейнік.

Аналітыка
Магчымасць пераменаў у Іране або кірунак на агрэсію. Як смерць прэзідэнта паўплывае на краіну?
2024.05.20 16:13

Прэзідэнт Ірану Эбрагім Раісі загінуў ва ўзросце 63 гадоў у выніку авіякатастрофы 19 траўня. Ён быў прыхільнікам рэпрэсіяў і падазраецца ў датычнасці да масавых смяротных пакаранняў дысідэнтаў. Пры ім Іран упершыню атакаваў тэрыторыі Пакістану і Ізраілю.

Аляксандр Лукашэнка ўсклаў адказнасць за гібель Раісі на ЗША. Паводле яго, авіякатастрофа нібыта стала вынікам санкцыйнай палітыкі Белага дому: праз санкцыі Іран не меў магчымасці забяспечыць патрэбнае тэхнічнае абслугоўванне верталёта прэзідэнта.

Hавiны
У Іране агучылі папярэднія вынікі расследавання авіякатастрофы, у якой загінуў прэзідэнт
2024.05.24 08:55

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў