«Белсат» падводзіць вынікі 823-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 26 траўня чытайце ў нашым аглядзе.
Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на поўначы Харкаўскага раёну цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах сёлаў Ліпцы, Лук’янцы і Тэрнова.
У гэты ж час у суседнім Чугуеўскім раёнах баі лакалізуюцца на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ў ягоных ваколіцах. Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што ЗСУ ўдалося зачыніць адну з раней страчаных вуліцаў ад праціўніка.
Агулам на абодвух участках фронту на поўначы Харкаўскай вобласці назіраецца адносная стабілізацыя лініі сутыкнення, што ў першую чаргу тлумачыцца падыходам рэзерваў украінцаў.
Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)
У Міністэрстве абароны РФ заявілі пра захоп сяла Бераставое ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці.
Тэлеграм-каналы «Белорусский силовик» і «НгП раZVедка» сцвярджаюць, што таксама войскі РФ занялі сяло Іванаўка.
Яшчэ адна прарасейская крыніца – «Архангел Спецназа» – піша аб прасоўванні УС РФ каля сяла Новаягораўка ў Луганскай вобласці на адлегласць каля 800 метраў.
Аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць поспехі расейцаў у Іванаўцы, але поўны захоп сяла пакуль не пацвярджаюць.
Акрамя гэтага на купянскім і ліманскім кірунках цягам содняў Узброеныя сілы РФ атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Грэкаўка, Дружалюбаўка і Неўскае, але тут лінія сутыкнення засталася нязменнай.
Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)
З поўдня ад ракі Сівэрскі Данец расейцы працягваюць ціснуць на так званым сівэрскім выступе, пры гэтым у Генштабе ЗСУ адзначаюць, што асноўная актыўнасць праціўніка засяроджаная ў ваколіцах населенага пункту Белагораўка на Луганшчыне. Між тым пакуль зменаў па лініі сутыкнення не фіксуецца.
На суседнім краматорскім кірункі войскі РФ наступаюць на ўсходзе Часавага Яру, а таксама намагаюцца абысці горад з флангаў у ваколіцах сёлаў Багданаўка і Іванаўскае, але пакуль поспеху не маюць.
Ніжэй па фронце баі ідуць каля населеных пунктаў Клішчыеўка і Андрэеўка (з поўдня ад гораду Бахмут) – пакуль ЗСУ ўдаецца стрымліваць праціўніка.
Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)
На пакроўскім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія паступова прасоўваюцца на захад ад раней занятага гораду Аўдзееўка.
У Deepstate пацвярджаюць ранейшыя паведамленні пра захоп расейцамі сяла Уманскае.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Военкор Котенок» піша, што адначасова з гэтым на паўднёвым фланзе ідзе зачыстка ўскрайкаў Нятайлава. Такім чынам аточаным з трох бакоў апынулася суседняя Яснабродаўка (знаходзіцца паміж Уманскім і Нятайлавым).
На поўначы, паводле крыніцы, войскі РФ замацаваліся на ўскрайках сяла Новапакроўскае, ціснуць на Новааляксандраўку, а таксама рухаюцца па лесапасадках з боку Ачэрэтына да Калінавага.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што на курахаўскім кірунку працягваюцца гарадскія баі ў Краснагораўцы, але тут ЗСУ пакуль удаецца ўтрымліваць пазіцыі.
У гэты ж час ніжэй па фронце ўкраінцаў адціснулі да заходніх ускрайкаў Георгіеўкі.
Паступова рухаюцца УС РФ і ў сяле Парасковіеўка.
Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)
«Рыбарь» піша, што на поўдні Данецкай вобласці расейцы наступаюць на так званым урэмаўскім выступе ўздоўж заходніх ускрайкаў сяла Старамаёрскае і на поўдні суседняга Ураджайнага – маюць частковыя поспехі.
У Цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці працягваюцца баі на выступе па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў). Пегаў фіксуе заняцце расейцамі некалькіх пазіцыяў на паўночным захадзе ад першага населенага пункту.
У Херсонскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, расейскія вайскоўцы атакавалі пазіцыі Сілаў абароны на левым беразе Дняпра каля сяла Крынкі, але поспеху не дасягнулі.
Тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» піша, што ў гэты ж час самыя ЗСУ намагаюцца расшырыць зону кантролю на астравах у рэчышчы Дняпра, каб у далейшым не дапусціць высадкі праціўніка на правабярэжжа.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu