Падазраванага ў замаху на прэм’ер-міністра Славаччыны ўзялі пад варту


У Славаччыне ўзялі пад варту 71-гадовага паэта і пісьменніка Юрая Цынтулу, якога падазраюць у нападзе на прэм’ер-міністра краіны Роберта Фіца, паведамляе мясцовы рэсурс TVnoviny.sk.

У будынак суду, куды прывезлі Юрая Цынтулу, нікога не пускалі.
Фота: tvnoviny.sk

Затрыманаму інкрымінуюць спробу наўмыснага забойства, матывам якога была нязгода з палітыкай цяперашняга ўраду.

«Гэты замах быў здзейснены з палітычных матываў, і рашэнне злачынцы нарадзілася адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў», – казаў міністр унутраных справаў Славаччыны Матуш Шутай Эштак.

Цынтулу затрымалі праз рызыку ягоных магчымых уцёкаў і працяг злачыннай дзейнасці.

Паліцэйскія прывезлі падазраванага ў суд у горадзе Пезінок каля 10:30 гадзінаў раніцы 18 траўня. У ваколіцах былі забяспечаныя строгія меры бяспекі. У будынак суду не пускалі нікога з журналістаў ці грамадскасці.

Замах на прэм’ер-міністра Славаччыны Роберта Фіца быў здзейснены 15 траўня ў горадзе Хандлова – там праходзіла выязное паседжанне ўраду. Нападнік выстраліў у чыноўніка, калі той падышоў да групы людзей перад будынкам. Адна куля прайшла праз жывот Фіца, а другая трапіла ў сустаў. Роберта Фіца шпіталізавалі і прааперавалі. На сённяшні дзень ягоны стан цяжкі, але стабільны. Чыноўнік знаходзіцца ў прытомнасці.

Юрая Цынтулу затрымалі на месцы здзяйснення злачынства. Яму пагражае пажыццёвае зняволенне.

Hавiны
Прэм’ер-міністра Славаччыны прааперавалі, ён больш не ў небяспечным для жыцця стане
2024.05.16 08:12

У апошнія гады ў Славаччыне праходзілі палітычныя дэбаты, у тым ліку падчас прэзідэнцкіх выбараў, на якіх у красавіку 2024 года перамог саюзнік Фіца Пэтэр Пэллегрыні. Іхная партыя «Голас – сацыяльная дэмакратыя» выступала з крытыкаю дапамогі Украіне і за нармалізацыю адносінаў з Расеяй і Беларуссю.

Калі Фіца ў кастрычніку 2023 года вярнуўся на пасаду прэмʼер-міністра, апазіцыя назвала гэта захопам улады. Таксама Фіца даўно крытыкуе славацкія СМІ, адмаўляючыся ад кантакту з некаторымі выданнямі.

Hавiны
«У духу Орбана». На прэзідэнцкіх выбарах у Славаччыне перамог выгадны для Крамля кандыдат
2024.04.07 17:41

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў