«У духу Орбана». На прэзідэнцкіх выбарах у Славаччыне перамог выгадны для Крамля кандыдат


Спікер парламента і лідар партыі «Голас – сацыяльная дэмакратыя» (Hlas-SD) Петэр Пелегрыні перамог у другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Славаччыны.

Новы прэзідэнт Славаччыны Петэр Пелегрыні. Скрыншот з відэа PeterPellegrini1 / YouTube

Петэр Пелегрыні – палітычны саюзнік прарасейскага прэмʼер-міністра Робэрта Фіца. Фіца, які перамог на парламенцкіх выбарах у кастрычніку 2023 году, выступае супраць вайсковай дапамогі Украіне і часцяком паўтарае прапагандысцкія наратывы Крамля. На прэзідэнцкіх выбарах Пелегрыні набраў 53,12% галасоў супраць 46,87% у празаходняга кандыдата Івана Корчка.

Прэзідэнт Славацкага інстытуту грамадскіх праблемаў Грыгорый Месежнікаў у інтэрвʼю «Белсату» выказаў меркаванне, што пасля перамогі Пелегрыні Славаччына працягне курс, які праводзіць урад Робэрта Фіца.

«Пасля таго, як была сфармаваная ўрадавая кааліцыя, у якую ўвайшлі партыя «Smer – SD» Робэрта Фіца, партыя «Hlas-SD» Петэра Пелегрыні і Славацкая нацыянальная партыя, яны праводзяць палітыку рэвізіі дэмакратычных інстытутаў у краіне ў духу кіравання Віктара Орбана ў Вугоршчыне. Гэта абсалютна відавочна. І тое самае робяць у вонкавай палітыцы. Але там, зразумела, ёсць пэўныя абмежавальнікі – мы ўсё ж такі ў Еўразвязе і NATO. Таму поўнасцю адключыцца ад еўраатлантычнага курсу наўрад ці ўдасца, нават калі Фіца гэтага захоча.

Але і там бачная рэвізія: Славаччына перастала падтрымліваць Украіну пастаўкамі ўзбраення. Пакуль палітычна яшчэ не адмовілася ад падтрымкі, трымаецца ў межах агульнаеўрапейскага курсу. Але рыторыка Робэрта Фіца адназначна прарасейская. Па сутнасці, можа нават варожая ў дачыненні Украіны», – распавядае палітолаг.

Месежнікаў зазначае, што пасля ўступлення Пелегрыні на пасаду прэзідэнта, цяперашні курс будзе працягвацца «ў больш выразнай форме». Дзейная прэзідэнтка Зузана Чапутава – празаходні палітык і яна магла тармазіць ініцыятывы Фіца. А маючы прэзідэнтам Пелегрыні, славацкі прэмʼер зможа прапіхваць усё, што ён хоча ва ўнутранай палітыцы.

Што да вонкавай палітыкі, то Пелегрыні, у адрозненні ад Фіца, нельга назваць адназначна прарасейскім палітыкам, лічыць палітолаг. «Але ён цярпіма ставіцца да гэтай прарасейскай лініі», – канстатуе Месежнікаў. Пелегріні нават абараняў Фіца ад крытыкі заходніх саюзнікаў наконт пазіцыі ў дачыненні Расеі.

Hавiны
«Санкцыі супраць Беларусі абсурдныя». Менск здабыў у ЕЗ новага сябра – Славаччыну
2024.02.10 12:52

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў