8 жніўня ў Магілёве новыя затрыманні журналістаў, на гэты раз – Дзмітрыя Салаўёва. Пра гэта паведамляюць мясцовыя карэспандэнты «Белсату».
Рэдактар сайт 6tv.by Дзмітрый Салаўёў ехаў на машыне каля вакзалу, калі яго спынілі супрацоўнікі ДАІ. Затрыманага павезлі ў Ленінскі РАУС.
Там паведамілі, што падазраюць, што машына журналіста знаходзіцца ва ўгоне.
Змітра Салаўёва прыцягваюць да адказнасці паводле арт.23.4 КаАП – непадпарадкаванне. Нібыта за тое, што адразу не паказаў дакументы супрацоўніку ДАІ.
«Майго мужа пільнавалі пад домам. Відаць, яго прэвентыўна вырашылі затрымаць перад выбарамі. Бо на 9 жніўня ён разам з калегамі планавалі асвятляць выбары. Яго калегаў – Уладзіміра Лапцэвіча і Аляксандра Буракова старэйшага ўжо пасадзілі на суткі і цяпер прыйшла чарга майго мужа. Ён ужо перадаў мне ўсе свае рэчы, хутчэй за ўсё яго зараз афармляюць на содні», – сказала жонка Змітра Надзея Салаўёва.
Падобны выпадак здарыўся 5 жніўня з іншым магілёўскім журналістам – Аляксандрам Бураковым.
Яго таксама затрымалі супрацоўнікі ДАІ і даставілі ў Ленінскі РАУС Магілёва для разбіральніцтва наконт машыны, якая, паводле інфармацыі ДАІ, магла быць ва ўгоне. Там Буракова пратрымалі болей за 3 гадзіны, пасля чаго вывелі на вуліцу, дзе побач з Бураковым на асфальт упала жанчына і людзі ў цывільным адразу завялі Буракова назад у РАУС.
7 жніўня журналіста асудзілі на 10 содняў арышту за дробнае хуліганства.
МГ belsat.eu