Уладзімір Зяленскі выказаўся пра перамовы ў Беларусі і «суб’ектнасць Лукашэнкі»


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў першае ад пачатку вялікай вайны інтэрв’ю расейскім журналістам. Украінскага лідара ў тым ліку запыталі наконт мірных перамоваў з Расеяй, першыя раўнды якіх праходзілі на тэрыторыі Беларусі.

«Расейскі бок у першую сустрэчу ў Беларусі… На якую я пагадзіўся, каб нашая група паехала, бо я даўно казаў, што трэба размаўляць – яшчэ да вайны. Я не супраць гэтых размоваў, абы быў вынік…

Расейскі бок адчувае перамогу ў тым, што гэтая сустрэча адбылася, што гэта дадае нейкую суб’ектнасць Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку… Ды на здароўе. Калі мы можам скончыць вайну, а Аляксандр Рыгоравіч будзе адчуваць ад гэтага, што ён ізноў у доме гаспадар – ды на здароўе. Мне, шчыра кажучы, усё роўна. Гэта ўвогуле выбар беларусаў, а дакладна не наш. Таму я пагадзіўся, калі будзе прадметная ў іх сустрэча».

Зяленскі канстатаваў, што сустрэча адбылася, але прадметнай яе назваць нельга:

«Наш бок сказаў, што фразаў пра «дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю» не можа быць, нас гэтыя пункты наогул не цікавяць.

Што тычыцца пункту абароны расейскай мовы… Не ведаю, ці данеслі яны ўсе мае аргументы… Кожны наступны дзень вайны ставіць пад пытанне наогул разуменне, што такое расейская мова. Гэта значыць, людзі гэтага не будуць хацець. Людзі не будуць хацець чытаць, глядзець кіно, размаўляць. Ну, я вам проста кажу, як гэта… Што гэта выклікае, разумееце? Нават тое, што, можа, камусьці вельмі падабалася – але калі яго вельмі шмат, то яно назад выходзіць. Яшчэ і праз кроў гэта нам перадалі – любоў да расейскай мовы.

Вось. Таму гэта вельмі сурʼёзны момант. Значыць, гэта што тычыцца расейскай мовы. Маё меркаванне было наступнае: я хацеў зрэзаць наогул гэтую сталую аргументацыю з нагоды таго, што – як, што, якую мову… У нас усе гавораць, як хочуць, на любой мове. У нас больш за 100 нацыянальнасцяў жыве ў краіне. Таму мы сказалі, што толькі люстраная павага. Дамова аб люстраной павазе да гісторыі, моваў, культурных каштоўнасцяў з усімі суседзямі. Гэта я прымаю».

Зяленскі адзначыў, што ён хацеў бы падпісаць дамову наконт павагі да моваў народаў-суседзяў:

«Я хачу яе падпісаць з усімі суседнімі краінамі. Мяне цікавяць Расея, Вугоршчына, Польшча – у нас шмат розных гістарычных пытанняў. Румынія і гэтак далей… У нас шмат розных пытанняў, у нас шмат меншасцяў, нацыянальнасцяў, і гэтая дамова будзе дастатковай для павагі тых ці іншых моваў унутры нашай краіны. Пытанне мовы, я ўпэўнены, пойдзе з парадку дня, бо будзе залагоджанае такой дамовай».

  • 27 сакавіка Уладзімір Зяленскі даў онлайн-інтэрвʼю галоўнаму рэдактару выдання «Дождь» Ціхану Дзядко, журналісту і пісьменніку Міхаілу Зыгару, галоўнаму рэдактару «Медузы» Івану Калпакову і спецыяльнаму карэспандэнту «Коммерсанта» Уладзіміру Салаўёву.
  • «Раскамнагляд» афіцыйна забараніў публікаваць гэтае інтэрвʼю расейскім журналістам, а Генпракуратура прыгразіла «даць прынцыповую прававую ацэнку».

РР belsat.eu

Стужка навінаў