Узлёт і падзенне бязвізу ў Беларусі. Як змяніўся праект з 2016 года?


Праект бязвізу быў запачаткаваны ў 2016 годзе. Беларускі ўрад упершыню ў гісторыі дазволіў замежнікам быць на тэрыторыі Заходняй Беларусі без адмысловай візы цягам 5 дзён. Для гэтага турысту быў патрэбны ўсяго толькі квіток для наведвання нейкага турыстычнага ці забаўляльнага аб’екту. Здавалася, што з часам беларускі бязвіз станецца трыумфам шматвектарнай палітыкі, пакуль не адбыўся 2020-ы. Мы сабралі карысную інфармацыю пра ўзлёты і падзенне беларускага бязвізу ў адным матэрыяле.

Праект бязвізу выглядаў неверагодным і прагрэсіўным крокам беларускай дыпламатыі і дасягненнем Уладзіміра Макея. Справа пачалася ў Беларусі ў 2016 годзе. Першым месцам, у якое замежныя турысты маглі трапіць без візы, была Белавежская пушча. Замежнікі маглі да 3 дзён заставацца ў краіне. Неўзабаве такія ж правілы былі распаўсюджаныя на яшчэ адну памежную тэрыторыю – Горадні і Аўгустоўскага каналу, дзе можна было правесці ажно 5 дзён. У снежні 2017-га дазвол павялічылі да 10 дзён. Гарантам бязвізавага праезду была наяўнасць квітка ў адзін з забаўляльных цэнтраў рэгіёну.

Атракцыйныя ўстановы / здымак экрана з сайту byazviz.by

У 2017 годзе ў Беларусі ўсё яшчэ спрабавалі згуляць «шматвектарную карту». 12 лютага быў падпісаны ўказ «Аб увядзенні бязвізавага ўезду і выезду грамадзянаў». У замежнікаў з’явілася магчымасць правесці на тэрыторыі Беларусі 5 дзён без візы. Для гэтага трэба было прыляцець у краіну праз аэрапорт «Менск-2». У 2018-м норму хацелі павялічыць да 10 дзён і скасаваць абавязковую рэгістрацыю турыстаў.

Гарачы каментар
Год бязвізавага рэжыму. Якія вынікі?
2019.01.29 22:11

27 ліпеня 2018 года з’явіўся дазвол грамадзянам 80 краінаў (у тым ліку ЗША) на 30 дзён побыту, калі тыя прыязджалі ў Беларусь праз нацыянальны аэрапорт «Менск-2». Аднак турысты, якія траплялі на тэрыторыю Беларусі, мусілі зарэгістравацца ў міліцыі праз 5 дзён. Турыст мусіў мець не меней за 25 еўраў на дзень, пашпарт і страхоўку. Гэтая норма не працавала, калі заходнікі прыляталі ў РБ праз Расею. Беларускія чыноўнікі падлічвалі эканамічныя выгады і адзначалі небывалы рост супрацы з Захадам. Гэтая норма таксама надзвычай спрыяла развіццю ІТ-індустрыі ў Беларусі.

Бязвізавая зона Беларусі / здымак экрана з сайту byazviz.by

Асаблівым статусам працягвалі карыстацца Горадня, Берасце і тэрыторыя Аўгустоўскага каналу. 7 жніўня 2019 года быў падпісаны ўказ № 300. Цяпер пры ўмове падарожжа з арганізаванай групай турысты 73 краінаў маглі без візы 15 дзён насалоджвацца краявідамі Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны і нават наведаць Шчучыншчыну, пакуль гэта яшчэ не сталася мэйнстрымам. Гарадзеншчына і Берасцейшчына аб’ядналіся ў адзіную бязвізавую турыстычную зону. Перыяд побыту без рэгістрацыі ў міліцыі падоўжылі да 10 дзён!

У кастрычніку 2021-га, пасля працяглага палітычнага крызісу, з гэтага спісу зніклі 9 краінаў: ЗША, Аргентына, Бразілія, Албанія, Гандурас, Ганконг, Кітай, Макао і Мальта. А вось жыхары Егіпту, Ірану, Іарданіі, Пакістану і ПАР, наадварот, займелі магчымасць бязвізавага побыту ў сэрцы Еўропы.

Hавiны
Беларусь скасавала «бязвіз» для ЗША і Албаніі, увяла для Егіпту, Ірану, Пакістану
2021.10.18 09:29

Аднак пасля скандальнага выпадку з арыштам Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб пашырэнні бязвізавага рэжыму. З 14 верасня 2021 года без візы можна было трапіць у краіну і праз аэрапорты абласных цэнтраў. Верагодна, такім чынам бязвіз адыграў сваю ролю ў мігранцкім скандале.

Hавiны
ААН можа апублікаваць даклад аб прымусовай пасадцы самалёта з Пратасевічам 13 верасня
2021.09.04 19:37

Таксама летась пасярод міграцыйнага крызісу на мяжы з Польшчай і Літвой некаторыя чыноўнікі сцвярджалі, што людзі з Блізкага Усходу, якія штурмавалі межы Еўразвязу, былі простымі турыстамі, якія прыехалі ў рамках звычайнага бязвізу.

Апроч таго, часам бязвіз датычыў і спартовых спаборніцтваў, якія праходзілі ў Беларусі. Трапіць у краіну можна было цягніком ці самалётам пры наяўнасці квітка на адпаведныя спаборніцтвы. Гаворка ідзе пра чэмпіянат свету па хакеі і ІІ Еўрапейскія гульні.

На сённяшні момант бязвіз дзее паводле ўказу № 300 з удакладненнямі ад 14 верасня 2021 года.

Пасля 24 лютага бязвіз выглядае абсалютна бесперспектыўным праектам для грамадзянаў заходніх краінаў. Магчымасцямі згаданага вышэй указу карыстаюцца зрэдку грамадзяне краінаў Блізкага Усходу і да нядаўняга часу Кітаю. Урады заходніх краінаў настойліва рэкамендуюць сваім грамадзянам устрымацца ад наведвання Беларусі.

Hавiны
МЗС Вялікай Брытаніі заклікаў устрымацца ад паездак у Беларусь
2022.02.19 10:01

Таксама пасля ўварвання Расеі на тэрыторыі Украіны МЗС Беларусі паведаміла, што ў Беларусь з тэрыторыі Украіны будуць пускаць грамадзянаў любых краінаў без неабходнай візы.

Hавiны
Да сярэдзіны красавіка ў Беларусь будуць пускаць без візаў усіх, хто едзе з Украіны
2022.03.23 20:29

Нагадаем: сёння стала вядома, што ў Беларусі ўводзяць бязвізавы рэжым для грамадзянаў Літвы і Латвіі. У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі паведамілі: акцыя працягнецца з 15 красавіка да 15 траўня. Для мінання мяжы спатрэбіцца толькі страхоўка, грошы, ПЛР-тэст ці сертыфікат аб вакцынацыі ад Covid-19. Трапіць на тэрыторыю Беларусі прапануюць праз наземную мяжу, бо чыгуначнае і авіяспалучэнне з Літвой і Латвіяй дагэтуль адсутнічае. Замежнікі 30 дзён змогуць заставацца на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Абноўлена
У Беларусі абвесцілі месяц бязвізу для літоўцаў і латышоў
2022.04.14 12:00

Таксама нам стала вядома, што такія захады неўзабаве могуць прыняць і ў дачыненні грамадзянаў Польшчы. Некаторыя турыстычныя агенцтвы пачалі рассылаць запрашэнні палякам на бязвізавае наведванне Беларусі. У Дзяржпамежкамітэце ад каментароў на гэты конт устрымаліся.

ЗХ belsat.eu

 

Стужка навінаў