Пратэст у Баброўніках і пазіцыя Варшавы. Што адбываецца на польска-беларускай мяжы


Каля 10-й гадзіны раніцы 10 лютага на памежны пераход «Баброўнікі» прыйшло 20–30 чалавек, пераважна жанчыны. Яны – працаўнікі польскіх фірмаў, якія займаюцца лагістыкай, афармленнем грузаў, маюць склады, і якія цярпяць страты праз закрыццё памежнага пераходу. Пра сітуацыю на мяжы паведамляе наш карэспандэнт.

Сітуацыя на памежным пераходзе «Баброўнікі», Польшча. 10 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Учора, 9 лютага, калі стала вядома пра закрыццё памежнага пункту, не задаволеныя такім рашэннем польскіх уладаў напісалі ліст і падрыхтавалі петыцыю аб тым, каб ім далі больш інфармацыі і патлумачылі, што будзе далей і на які час закрываецца памежны пераход.

Таксама ўдзельнікі акцыі патрабуюць ад польскай дзяржавы кампенсацыі праз раптоўнае закрыццё памежнага пераходу. Бо цяпер яны нясуць страты: напрыклад, працягваюць плаціць арэнду складоў, тавар з якіх нельга перавозіць праз гэты пункт.

Працаўнікі польскіх фірмаў пратэстуюць супраць закрыцця памежнага пункту пропуску ў Баброўніках.
Фота: Карына Пашко / Белсат
Фота: Карына Пашко / Белсат
Фота: Карына Пашко / Белсат

Наш карэспандэнт дадае, што пратэстоўцы ведаюць пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, але яны не маюць падрабязнай інфармацыі аб прычыне закрыцця памежнага пераходу.

На польска-беларускай мяжы працуюць два пераходы

Прычына закрыцця памежнага пераходу ў Баброўніках – рост напружанасці ў дачыненнях паміж Варшавай і Менскам, заявіў прэмʼер-міністар Польшчы Матэўш Маравецкі на прэс-канферэнцыі ў Бруселі.

«Мы не выключаем закрыцця іншых пераходаў з Беларуссю. Ёсць яшчэ адзін вельмі вялікі пераход «Тэрэспаль», калі я добра памятаю», – заявіў прэмʼер-міністар Польшчы.

«Мы паслалі вельмі моцны сігнал Менску», – дадаў Маравецкі.

Агулам на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. Але цяпер працуе адзін пераход у Берасцейскай вобласці з пунктам пропуску «Берасце» для легкавых аўтамабіляў і пункт пропуску «Казловічы» для грузавых аўтаў. Пераход, «Брузгі – Кузніца» ў Гарадзенскай вобласці, не працуе з восені 2021 года.

Фота: Карына Пашко / Белсат

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, польскія ўлады закрылі памежны пераход у Баброўніках як адказ на прысуд журналісту і актывісту незалежнага Саюзу палякаў Анджэю Пачобуту – 8 лютага яго засудзілі на 8 гадоў калоніі. Таксама праз гэта Польшча пашырае санкцыі супраць уладаў Беларусі, адказных за пераслед польскай меншасці ў нашай краіне.

Каментар
Абмен «Баброўнікаў» на Пачобута. Ці прымусіць Польшча рэжым вызваліць палітвязня?
2023.02.09 21:49

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў