50 на 50. Адбыўся чарговы абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй


У нядзелю 8 студзеня адбыўся чарговы абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй. Ва Украіну вярнуліся 50 байцоў ЗСУ, у тым ліку абаронцы Марыупалю. Пра паспяховы абмен паведаміў кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак.

Украінскія вайскоўцы, якіх вярнулі з расейскага палону.
Фота: Андрій Єрмак / Telegram

«33 афіцэры і 17 шарагоўцаў і сяржантаў. Вяртаем людзей, якія трапілі ў палон на Чарнобыльскай АЭС, а таксама абаронцаў Марыупалю, хлопцаў з Данецкай вобласці, з-пад Бахмуту, а таксама з Кіеўшчыны, Чарнігаўшчыны, Херсоншчыны ды іншых рэгіёнаў, дзе працягваліся баі», – напісаў Андрэй Ермак.

Ён адзначыў, што гэта не апошні абмен і што галоўнай задачай ёсць вяртанне ўсіх палонных украінскіх вайскоўцаў.

Крыху раней 8 студзеня Мінабароны Расеі паведаміла пра вяртанне з палону 50 вайскоўцаў расейскай арміі.

«8 студзеня ў выніку перамоўнага працэсу з падкантрольнай кіеўскаму рэжыму тэрыторыі былі вернутыя 50 расейскіх вайскоўцаў, якім у палоне пагражала смяротная небяспека», – гаварылася ў паведамленні ведамства.

За час поўнамаштабнай вайны з РФ з расейскага палону ўкраінцам удалося вызваліць каля 1600 чалавек. Як паведамлялі ў Мінрэінтэграцыі Украіны, гэта 1464 вайскоўцы і 132 цывільных грамадзянаў.

Агляд
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 8 студзеня
2023.01.08 17:35

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў