Ужо больш за год улады спрабуюць знішчыць ў Беларусі незалежныя СМІ. Іх закрываюць, блакуюць сайты, а матэрыялы прызнаюць «экстрэмісцкімі». Аднак гэта не спыняе працу рэдакцый і журналістаў. Цяпер у няволі застаюцца 29 прадстаўнікоў медыя. Адзін з іх, гэта – галоўны рэдактар найбуйнейшага ў краіне парталу навінаў TUT.BY Марына Золатава. Ужо амаль пяць месяцаў яна знаходзіцца ў турме, дзе 6 лістапада адзначае свой дзень народзінаў. «Белсат» распавядае, пра што Марына піша з турмы і чаго ёй не хапае за кратамі.
Марыну Золатаву арыштавалі 18 траўня, на яе кватэры правялі ператрус. Таксама з ператрусам прыйшлі да іншых супрацоўнікаў і ў рэдакцыю парталу, заблакавалі сайт і канфіскавалі сэрверы, чым фактычна знішчылі партал. Цяпер Марыну і іншых 14 фігурантаў справы TUT.BY абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў паводле артыкулу 243 КК, а прадукцыю парталу прызналі «экстрэмісцкімі» матэрыяламі.
Муж Марыны Васіль Кішкурна не верыць у абвінавачванні супраць сваёй жонкі:
«Стаўленне да гэтай справы ў мяне філасофскае, разумею, што гэта падстава. Яе абвінавацілі ва ўхіленні, але ў маім разуменні, яна не магла ў гэтым удзельнічаць, бо яна наогул не займаецца эканамічнай часткай».
Для сувязі з Марынай сям’я выкарыстоўвае ўсе даступныя спосабы. Наладжана ліставанне, у якім, у асноўным, абмяркоўваюцца звычайныя пабытовыя пытанні: што перадаць у пасылцы і ў перадачы, як настрой і самаадчуванне.
«Мы вярнуліся на шмат дзесяцігоддзяў назад, калі тэлеграмы і лісты былі значнай часткай жыцця людзей, і цяпер маем зносіны пры дапамозе гэтых сродкаў. Затрымкі ў перапісцы бывалі, але ў цэлым мы атрымліваем лісты і адпраўляем іх, гэта значыць яны даходзяць. Па маёй інфармацыі, за ўвесь час не дайшло толькі два лісты з 53-х. І тут няма нічога страшнага», – распавядае Васіль.
Часам Марына шле сям’і малюнкі, у СІЗА яна навучылася добра маляваць. Па словах мужа, у зняволенні Марына не адчайваецца, у лістах піша, што поўная веры і надзеі, імкнецца падбадзёрыць сям’ю.
«Самае галоўнае, аб чым піша ў лістах Марына, што яна вельмі шчаслівы чалавек. Нягледзячы ні на што. І гэта самае галоўнае, пра што яна піша».
Муж Марыны распавядае, што ёй заўсёды быў блізкі здаровы лад жыцця. Цяпер гэта ў той ці іншай меры прысутнічае. Яна рэгулярна робіць зарадку, прабежкі на месцы і максімальна шмат практыкаванняў. Займаецца на прагулцы і лежачы на «шконцы», стараецца трымаць сябе ў тонусе. У апошніх лістах нават хвалілася, што яны ўпяцёх з камеры займаюцца спортам: Марына імкнецца зацікавіць у правільных і патрэбных звычках.
«Само сабой зараз не хапае сумесных прагулак на роліках. Гэта мы рабілі вельмі часта, выязджаючы на Вяснянку, гулялі ў бадмінтон на «Менск-арэне». Усяго гэтага не хапае. Не хапае сумесных паездак за мяжу і па Беларусі, магчымасці па горадзе пашпацыраваць. Ды і ў прынцыпе большасць людзей цяпер у такім становішчы знаходзіцца, што ніхто нікуды не можа выехаць».
Нягледзячы на ўсё, што адбываецца ў краіне, і на рэпрэсіі супраць журналістаў, сям’я прыняла рашэнне застацца ў Беларусі.
«Гэта быў усвядомлены выбар. Марына была жывой сведкай і ўдзельніцай падзей, якія адбываліся ў 2020-м годзе і сёлета. Гэта ўсё яе кранула. Мы разумелі, што гэта наша краіна, наш народ і наш лёс, і мы яго падзяляем. Марына аддавала сабе справаздачу, што гэта можа адбыцца ў любы момант. Яна не настолькі наіўны чалавек, каб не разумець. Гэта быў яе выбар».
Марына, як галоўны рэдактар найбуйнейшага парталу, вельмі шмат працавала, але ўвесь вольны час, які ў яе быў, прысвячала сям’і.
Перыяд заключэння Марыны супаў з выпускным старэйшай дачкі і яе паступленнем ва ўніверсітэт. Але нягледзячы на арышт, яна прымала ў гэтых падзеях удзел, давала каштоўныя ўказанні і была ў курсе ўсяго.
«Марына бачыла фатаграфіі, бачыла шчаслівую ўсмешку на твары сваёй каханай дачкі. Так, крыўдна, што так атрымалася, але яна была ў курсе ўсяго. Дачка паступіла куды і хацела, па прызванні. І для Марыны гэта былі пазітыўныя перажыванні. Яна не змагла абняць, пацалаваць дачку, але так ці інакш падзяліла гэтую радасць з намі, хоць і завочна».
Васіль кажа, што ў СІЗА Марына не апускае рукі. Яе падтрымлівае ўся сям’я, яна кахае сама і яе любіць сям’я, родныя, сябры, калегі і тыя людзі, якія на працягу амаль 20 гадоў чыталі партал TUT.BY. Гэта тое, што яе сагравае і надае сілы.
Марына Золатава прызнана праваабаронцамі палітычнай зняволенай.
Падтрымаць журналістку можна напісаўшы ёй ліст па адрасе: СІЗА-1, г. Менск, вул. Валадарскага, 2. Індэкс – 220030.
АД/АА belsat.eu