«ByPol» рыхтуе новую групу байцоў для палка Каліноўскага


Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе аднаўлення законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў заявіў пра пачатак супрацы з палком імя Кастуся Каліноўскага. Пра гэта паведамілі ў тэлеграм-канале Кабінету.

Атрад «Атам» палка Каліноўскага.
Фота: Полк Каліноўскага / Telegram

«З мэтай аб’яднання і ўзмацнення сілавога патэнцыялу беларускіх дэмакратычных сілаў мы сфармавалі з чальцоў «Байполу» і ўдзельнікаў плану «Перамога» баявую адзінку «Атам» у шэрагах палка імя Кастуся Каліноўскага», – распавёў ён.

Атрад названы ў гонар Васіля Грудовіка з пазыўным Атам, які загінуў у баях за Украіну ў 2022 годзе. Ваяры атраду будуць браць удзел «у баявых аперацыях для вызвалення Украіны ад расейскіх захопнікаў, атрымліваць неабходны вопыт для рэалізацыі плану «Перамога».

Як адзначаецца, цяпер «ByPol» рыхтуе наступную групу байцоў для ўзмацнення шэрагаў атраду «Атам».

Пра тое, што ва Украіне пачалося фармаванне атраду «Атам» з прадстаўнікоў аб’яднання «ByPol», 4 сакавіка паведаміў тэлеграм-канал палка Каліноўскага. Атрад будзе ўваходзіць у склад батальёну «Літвін» палка Каліноўскага. Адзначаецца, што рэкруты ўжо прайшлі абавязковы вайсковы вышкал і неўзабаве возьмуць удзел у ваенных аперацыях.

Задачы атраду – «дапамога Украіне ў барацьбе з расейскімі акупантамі, атрыманне рэальнага баявога досведу, узмацненне ўзаемадзеяння з беларускімі патрыятычнымі сіламі ва Украіне і свеце для далейшага сумеснага знішчэння акупацыйнага рэжыму Лукашэнкі».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў