Эксперт патлумачыў, якіх мэтаў дасягнуў Пуцін падчас візіту ў Менск


Палітолаг і публіцыст Андрэй Піянткоўскі мяркуе, што Уладзімір Пуцін ставіць перад сабою дзве мэты ў перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам. Пры гэтым, паводле эксперта, нашая краіна ўжо фактычна акупаваная расейскімі войскамі, піша УНІАН.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў Менску. 19 снежня 2022 года.
Фота: Канстанцін Заўражын / kremlin.ru

Палітолаг і публіцыст Андрэй Піянткоўскі выказаў меркаванне, што Беларусь ужо фактычна акупаваная войскамі Расеі, а Лукашэнка не можа перашкодзіць гэтаму сцэнару.

Апошнія перамовы, якія Пуцін вядзе з Лукашэнкам, на думку аналітыка, датычаць паглынання Расеяй Беларусі і ўдзел беларускай арміі ў вайне супраць Украіны:

«Пуціну гэта трэба не столькі з ваенных, колькі з палітычных меркаванняў. Там 20–30 тысяч вайскоўцаў. Што гэта такое? Яны нічога не рашаюць. Яму гэта трэба для таго, каб заявіць, што ў яго цэлая ваенная кааліцыя, і вось Беларусь аб’явіла вайну. Але Лукашэнка на гэта не ідзе, бо ён цудоўна ведае настроі ўзброеных сілаў. Яны проста могуць павярнуць зброю супраць самога Лукашэнкі».

На думку Андрэя Піянткоўскага, Пуцін падчас візіту ў Менск атрымаў згоду ад Лукашэнкі на расейска-беларускія вайсковыя манеўры ў першай палове лютага. Другой жа мэтаю кіраўніка Крамля было тое, каб Лукашэнка ў сваіх прамовах згадаў ядравую зброю:

«Ён прымушае Лукашэнку сказаць, што Пуцін яму перадаў ядравую зброю. Было агучана, што беларускія пілоты будуць кіраваць самалётамі: як яны сказалі – са «спецыфічнымі боепрыпасамі». Спецыфічныя боепрыпасы – гэта ядравая зброя. Ён зноў пачынае ядравы шантаж, але баязлівы: «А вось вы ведаеце, што ў Лукашэнкі ёсць ядравая зброя? А калі раптам з боку Беларусі ядравы ўдар па Украіне ці па краінах NATO, дык гэта не я!» Цяпер ён ізноў пагражае Украіне, але схаваўшыся за азадак Лукашэнкі».

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў