Сем’і дыпламатаў эвакуююць з Кіева, амерыканцаў у Беларусі папярэдзілі аб небяспецы. Заўтра вайна?


Расея не адводзіць войскаў ад мяжы з Украінай, а толькі падвозіць у Беларусь. Перамовы Расеі з амерыканскімі і еўрапейскімі чыноўнікамі плёну не маюць, а амбасады пачынаюць вывозіць з Кіева сем’і дыпламатаў. Што адбываецца?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні расейскіх вайскоўцаў у Цэнтральнай вайсковай акрузе Расеі. 21 студзеня 2021.
Фота: Міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі

Шэраг медыяў два дні таму паведамляў, што Злучаныя Штаты і Нямеччына эвакуююць сем’і дыпламатаў з Украіны ў сувязі з магчымай расейскай агрэсіяй. Гэтыя чуткі тады зняпраўджвалі, а Еўразвяз яшчэ сёння раніцай «не бачыў прычынаў для эвакуацыі».

Ды паводле стану на сярэдзіну дня 24 студзеня:

  • Дзяржаўны дэпартамент ЗША абвясціў пра выезд з Украіны чальцоў сем’яў дзяржаўных службоўцаў ЗША і дазволіў, калі яны самі пажадаюць, выезд саміх службоўцаў.
  • Амбасада ЗША ў Менску параіла амерыканскім грамадзянам пазбягаць у Беларусі публічных дэманстрацыяў і рэгулярна абнаўляць свае планы на экстраны ад’езд.
  • Вялікая Брытанія пачала вывозіць з Украіны частку супрацоўнікаў кіеўскай амбасады і чальцоў іх сем’яў. Аўстралія пачала эвакуацыю сем’яў дыпламатаў.
  • Нямеччына дазволіла сем’ям дыпламатаў пакідаць Украіну пры жаданні, рыхтуе крызісны план, Францыя сочыць за сітуацыяй.
  • Амбасада Расеі ў Кіеве не адказвае на тэлефанаванні.
  • Тым часам NATO расказвае пра планы перакінуць дадатковыя сілы ва Усходнюю Еўропу.

Амбасады Расеі, ЗША і Брытаніі не далі «Белсату» аператыўнага каментара. Мы звярнуліся да іх з пісьмовым запытам пракаментаваць сітуацыю. Калі адказы з’явяцца, мы далучым іх у гэты тэкст.

І што? Усё, вайна?

Украінскі вайсковы эксперт, палкоўнік запасу Алег Жданаў кажа «Белсату», што гэта толькі палітычныя гульні:

«Фактычна мы з вамі сведкі пачатку «халоднай вайны». На сённяшні дзень да гарачай фазы вайны, сапраўднай вайны Расейская Федэрацыя не гатовая, – разважае Жданаў. – Я так мяркую, што краіны Захаду гэта разумеюць. Таму процістаянне выліваецца, дзякуй богу, у такія выпады: а я нападу, а мы забярэм дыпламатаў, а я яшчэ нешта зраблю…»

Алег Жданаў.
Фота: radiosvoboda.org

Эвакуацыя сем’яў дыпламатаў, лічыць ён, гэта толькі «дэманстрацыя намераў»: такім чынам як быццам пацвярджаюць, што вайна можа быць. Але калі хтосьці напраўду захоча пастраляць, дык эксперт пытае: чым страляць?

«Каб распачаць вайну, трэба мець армію, здольную на сённяшні дзень ваяваць, – заяўляе вайсковы эксперт. – На сённяшні дзень Расейская Федэрацыя не сфармавала ніводнай ударнай групоўкі, здольнай распачаць вайну».

Ці не сапсуе эвакуацыя стасункаў з Украінай?

Можа, для ўкраінцаў эвакуацыя сем’яў заходніх дыпламатаў выглядае як ўцёкі пасажыраў «Тытаніку»? Кіраўніца ўкраінскай Сеткі абароны нацыянальных інтарэсаў АНТС, былая кіраўніца Камітэту замежных справаў Вярхоўнай Рады Украіны Ганна Гапко адказвае «Белсату»: параўнанне з «Тытанікам» у выпадку маштабнага нападу можна будзе выкарыстоўваць да праекту «Наваросіі», калі не да самой Масквы.

Ганна Гапко.
Фота: Вярхоўная Рада Украіны

А эвакуацыя сем’яў дыпламатаў не папсуе стасункаў:

«Мы ж бачым, што гэтыя краіны дапамагаюць Украіне ва ўзмацненні абароназдольнасці, забяспечваюць абсталяваннем, тэхнікай, – тлумачыць Гапко. – Гэта нармальна, што амбасады, якія валодаюць звесткамі сваіх выведак, бяруць адказнасць за ўласных працаўнікоў.

Але важна тое, што калі б адначасова з эвакуацыяй былі толькі ўстрывожаныя заявы, а не было падтрымання сродкамі абароны, то было б кепска. А мы бачым і дыпламатычныя высілкі на міжнародным узроўні, і вайсковую дапамогу. Нам бараніць нашую дзяржаву, ім бараніць сваіх грамадзянаў тут».

Hавiны
ЗША і Вялікая Брытанія даставілі ва Украіну зброю, Нямеччына дапаможа палявым шпіталем
2022.01.23 19:47

Яна нагадвае, што Украіне інтэнсіўна дапамагаюць Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія, Польшча, краіны Балтыі. Тыя ж брытанцы на мінулым тыдні паставілі ва Украіну некалькі тысяч кіраваных процітанкавых ракетаў. Падтрымка слабая хіба з боку Нямеччыны: там блакуюць пастаўкі зброі, абяцалі толькі паставіць вайсковы шпіталь, а нямецкі віцэ-адмірал дазволіў сабе сказаць, што Украіна ніколі не верне акупаванага Расеяй Крыму (пасля чаго пазбавіўся пасады).

Вайны не чакаюць: яна і так ва Украіне ўжо восьмы год

Будзе вайна з Расеяй ці не будзе, Гапко не разважае: вайна і так ідзе з 2014 года, проста яна лакалізаваная на ўсходзе Украіны. Для вайскоўцаў, якія там застаюцца, вайна адбываецца штодзень. Для сем’яў 14 тысяч загінулых з усёй Украіны, аж да Закарпацця, вайна таксама трывае.

«Відавочна, што вайна была, проста не ўсё насельніцтва было мабілізаванае, не было закону пра тэрытарыяльную абарону, шмат хто не склаў трывожны заплечнік, або, як мы ўжо кажам, бяспекавую валізку», – тлумачыць яна.

Прадчуванне, што Расея пойдзе на Кіеў, было і ў 2014 годзе, згадвае Гапко. Тады былі спробы пашырыць атаку, захапіць Харкаў, Адэсу, Дняпро. Пэўная трывога ёсць і цяпер, але з 2014 года Украіна істотна ўзмацніла сваю армію, досвед баявых дзеянняў маюць паўмільёна ветэранаў.

Рэпартаж
На лініі сутыкнення. Як жывуць на Данбасе ў прадчуванні вайны
2022.01.18 13:03

Дый суседнія краіны і Вялікая сямёрка не будуць стаяць убаку, перакананая яна, бо разумеюць геапалітычную каштоўнасць Украіны: пытанне не толькі ў міры ў Еўропе ці знішчэнні інфраструктуры, а і ў магчымым харчовым крызісе ў Еўропе, калі ва Украіне пачнуцца поўнамаштабныя баявыя дзеянні. Яна спадзяецца, што працягнуцца дыпламатычныя высілкі, каб пазбегнуць найгоршага сцэнару.

Ганна Гапко дадае: з улікам магчымага сцэнару нападу Расеі з боку Беларусі, Украіна мае выйсці пераможцам з цяперашняга крызісу, каб даць прыклад беларусам, якія таксама змагаюцца за сваю свабоду і годнасць.

Hавiны
«Навошта вы нас робіце агрэсарамі?» Лукашэнка кажа, што яго штурхаюць да вайны
2022.01.24 11:44

АА belsat.eu

Стужка навінаў