За 8 гадоў вайны ў Данецкім басейне ўкраінская армія стала больш прафесійнай, лепш абсталяванай і падрыхтаванай. Аднак у рэгіёне застаецца кепская эканамічная сітуацыя. Таксама нікуды не зніклі мясцовыя жыхары, якія прытрымліваюцца прарасейскіх поглядаў. Карэспандэнт «Белсату» дзеліцца сваімі назіраннямі пасля размоваў з жыхарамі Данбасу.
Вайна ва ўсходняй частцы Украіны пачалася ў 2014 годзе, калі там з’явіліся сепаратысты, якія хутка атрымалі падтрыманне Масквы, у тым ліку вайсковае. Анексія Крыму паказала слабасць украінскай арміі, разбуранай праз шматгадовую занядбанасць і прарасейскую палітыку прэзідэнта Віктара Януковіча. На пачатку вайны на Данбасе армію падтрымлівалі простыя ўкраінцы. Пазней Кіеў значна павялічыў выдаткі на фінансаванне арміі з бюджэту, цяпер украінскія вайскоўцы не адрозніваюцца сваім выглядам, а часам і баяздольнасцю ад заходніх войскаў.
Капітану Уладзіміру (многія вайскоўцы не жадаюць называць прозвішчаў) 23 гады. Тры гады ён ваюе на фронце, сам родам з Заходняй Украіны. Цяпер служыць у палявых казармах пад Алчэўскам. Туды адпраўляюцца справаздачы з аванпостаў ягонага падраздзялення.
«Удзень ціха, а ўначы пачынаюцца абстрэлы. Кожную ноч, па некалькі за гадзіну», – кажа ён.
На такім пасту ў акопах сядзіць яго падначалены Сяргей. Ён быў удзельнікам Рэвалюцыі годнасці, якая адбылася на мяжы 2013 і 2014 гадоў. Падчас яе загінулі больш за сотню пратэстоўцаў. Сяргей быў паранены. Лячыўся ў Польшчы, потым працаваў там на будоўлях, але вярнуўся ва Украіну.
«Тут ёсць праца, трэба змагацца. Мы гатовыя да расейскага нападу. Не будзе, як у 2014 годзе», – запэўнівае ён.
Анатоль Вадалазскі – пенсіянер, валанцёр, дапамагае арміі. Ён таксама верыць у сілу ўкраінскіх вайскоўцаў.
«Мы былі на многіх базах па ўсёй краіне, дзе нас трэнавалі амерыканцы, немцы, палякі. У нас новае абсталяванне. Так, страшна, калі Расея нападзе, але Украіну мы не аддамо», – пераконвае ён.
Гэты аптымізм гучыць і ў голасе найвышэйшага кіраўніцтва арміі. Камандуючы войскамі групы «Поўнач» генерал Дзмітрый Красільнікаў кіруе ўсім фронтам у Луганскай вобласці і ўчасткам у Данецку на адлегласці каля тысячы кіламетраў. На ягоную думку, цяпер сітуацыя спакойная і няма ніякіх прыкмет таго, што расейцы рыхтуюцца да нападу.
«Кажуць, што будаўніцтва палявых шпіталяў – знак планаванага нападу. Мы гэта ведаем. Але гэта могуць рабіць і дзеля запалохвання, дзеля палітычнага ціску. Тэарэтычна параненых можна лёгка пераправіць куды заўгодна, нават далёка ад фронту», – дадае ён.
Кіеў шмат інвестуе ў Данбас, абнаўляюцца дарогі, будуюцца стадыёны, шпіталі, мадэрнізуюцца галоўныя гарадскія плошчы, апусцелыя пасля зносу помнікаў Леніну.
Напрыклад, у Краматорску будуецца шпіталь, якога вельмі не хапае пасля таго, як лякарня ў Данецку стала недаступнай. Нягледзячы на гэта, часам усё яшчэ можна ўбачыць сляды вайны. У некаторых дамах вокны дагэтуль праклееныя скотчам, каб у выпадку выбуху аскепкі не паранілі жыхароў.
«Рэгіён павінен стаць візітнай карткай Украіны для тых, хто прыязджае з самаабвешчаных рэспублік, – тлумачыць Паўло Кірыленка, кіраўнік Данецкай вайскова-цывільнай адміністрацыі ў Краматорску.
«Калі нехта з сепаратысцкіх рэспублік наглядзіцца па сваім тэлебачанні, як там выдатна, а потым едзе па разбітай дарозе – і пасля пераязджае КПП і апынаецца ва Украіне, ён бачыць, што дарога тут выдатная і пануе свабода», – дадае ён.
У той жа час ён заклікае ўсіх ахвотных пераязджаць на тэрыторыю, падкантрольную Кіеву. У яго таксама ёсць прапанова для тых, каму тут не падабаецца.
«Людзі, якія тут жывуць, пры жаданні маюць магчымасць з’ехаць у самаабвешчаныя рэспублікі. Але нешта не едуць, бо ведаюць, якія там умовы жыцця, у тым ліку і сацыяльныя. Прамысловасць насамрэч там стаіць. Калі працуе 1/3 прадпрыемстваў – гэта добра. Шахты зачыненыя, заліваюцца вадой, таму існуе рызыка экалагічнай катастрофы», – падкрэслівае ён.
Эканоміка – не адзіная праблема Данбасу. Многія яго жыхары, здаецца, працягваюць сумаваць па Расеі. Аднак гэта занадта вялікае спрашчэнне, бо гэтая туга мае шмат вымярэнняў.
«Гэта пераважна пажылыя людзі, у якіх у галаве СССР. Яны думаюць, што тады іх жыццё было лепшым, а насамрэч яны былі проста маладымі», – тлумачыць суразмоўца «Белсату».
У 1970-я гады Данецкі басейн быў вялікай будоўляй, вялізнай інвестыцыяй, якая прыцягвала людзей з усяго Савецкага Саюзу. Так было, напрыклад, у сям’і валанцёра Анатоля Вадалазскага.
«Я прыехаў сюды зваршчыкам у 1975 годзе з Таганрогу. Але я ўкраінец! Я нарадзіўся ў Варонежскай вобласці. Але маіх дзядулю і бабулю рэпрэсавалі, перасялілі на поўнач, расстралялі якраз за тое, што яны ўкраінцы. Потым мы пераехалі ў Таганрог, а адтуль я пераехаў у Дружкоўку, бо тут была праца і давалі кватэры», – дадае ён.
Дэпутатка гарадскога савету, украінская настаўніца мясцовай школы, праўкраінская актывістка, якая працуе ў «Этнафондзе», Аксана Прасялкова звяртае ўвагу на гэтую праблему: выкараненне мясцовых жыхароў, якія часта проста не памятаюць пра сваё паходжанне.
«Людзі тады былі пакінутыя самі сабе, не было каму дапамагчы захаваць культуру. Многія забыліся пра сваю спадчыну і сталі савецкімі людзьмі», – падкрэслівае яна.
Аксана Прасялкова падрыхтавала ў мясцовай бібліятэцы невялікую выставу, дзе дэманструе мясцовыя і ўкраінскія народныя строі, традыцыйныя ручнікі, іконы і прадметы інтэр’еру. Яна спадзяецца, што многія людзі праз гэта знойдуць свае карані.
На ейную думку, туга па Расеі мае пераважна эканамічнае вымярэнне. Многія жыхары Данбасу глядзяць расейскае тэлебачанне і лічаць, што жыццё ў Расеі эканамічна лепшае.
«Шмат каму высокія ідэі патрэбныя толькі тады, калі задаволеныя асноўныя патрэбы: бяспека, ежа, жыллё», – дадае яна.
Аднак большасць звязвае сваю будучыню з Украінай, напрыклад, 18-гадовыя навучэнцы тэхнікуму Сяргей і Уладзімір з Дружкоўкі.
«Пазней мы хочам паехаць вучыцца ў Харкаў ці Кіеў. У Дружкоўцы пасля нашай школы цяжка знайсці працу, хоць у Краматорску яна ёсць», – кажуць яны.
Маладыя людзі – гэта, аднак, зусім іншае пакаленне. Нягледзячы на расейскамоўнасць, яны адчуваюць сябе ўкраінцамі, і іх нацыянальная ідэнтычнасць не такая размытая, як у тых, хто прыехаў на Данбас за часоў СССР.
Пётр Пагажэльскі (Дружкоўка, Севераданецк, Алчэўск, Краматорск) belsat.eu