Чакаюць, што «Хамас» складзе зброю? Што адбываецца ў араба-ізраільскім канфлікце


Больш за два тыдні мінула з атакі тэрарыстаў «Хамас» на Ізраіль. Войска Ізраілю працягвае абстрэльваць сектар Газа, але ўсё не пачынае анансаваную наземную аперацыю. «Белсат» расказвае, што вядома на 17-ы дзень вайны, што Ізраіль абвясціў «Хамасу».

Вайскоўцы ў Ізраілі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы ў Ізраілі. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Idf.il

Гэтая вайна ўжо ўнесла тысячы жыццяў

Тэрарысты «Хамас» і «Ісламскага джыхаду» 7 кастрычніка ўчынілі масаваны абстрэл Ізраілю і рэйд у памежныя паселішчы. Паводле ізраільскіх падлікаў, былі забітыя каля 1400 чалавек, з якіх каля тысячы былі мірнымі жыхарамі. Тысячы ракет былі выпушчаныя па Ізраілі ў першы дзень атакі, але абстрэлы з сектару Газа працягнуліся і пасля. Ізраіль афіцыйна перайшоў у стан вайны.

Паводле звестак Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, у сектары Газа з пачатку цяперашняй вайны загінуў 4651 чалавек, звыш 14 тысяч параненыя і яшчэ тысяча зніклыя. Улады сектару Газа заяўляюць пра звыш 5000 забітых.

Агляд
Хто вінаваты ў трагедыі ў лякарні Аль-Ахлі? Распавядаем, што цяпер вядома
2023.10.19 19:40

Надзейнасць такіх ацэнак сумнеўная: так, 17 кастрычніка «Хамас» заяўляў пра паўтысячы загінулых ад удару Ізраілю па лякарні ў сектары Газа, ды аказалася, што ахвяраў было значна менш, а прычынай выбуху на паркоўцы лякарні была, імаверна, няспраўная ракета саміх тэрарыстаў. Але несумнеўна, што сярод мірнага насельніцтва сектару Газа немалыя ахвяры.

Акрамя таго, вырасла колькасць канфліктаў ізраільцянаў з палестынцамі, якія жывуць у акупаваным Ізраілем Заходнім беразе ракі Іярдан, былі забітыя не менш за 90 чалавек – частка ў контртэрарыстычных рэйдах, частка ў сутыкненнях на пратэстах.

Анансаваная наземная аперацыя ў Газе ніяк не пачнецца

Пасля атакі тэрарыстаў Ізраіль стаў збіраць войскі блізу Газы, выклікаў на службу 360 тысяч рэзервістаў – рэкордную колькасць з вайны 1973 года, што вядомая ў Ізраілі як Вайна Суднага дня.

Цяпер Ізраіль ладзіць маштабныя абстрэлы сектару Газа – праваабаронцы «Amnesty International» бачаць у гэтым прыкметы ваенных злачынстваў, бо пад удары трапляюць шматлікія цывільныя.

Раён Аль-Рымаль у Газе
Раён Аль-Рымаль у Газе пасля ізраільскага абстрэлу. 9 кастрычніка 2023 года.
Фота: Hassan Islyeh / UNICEF

Ізраіль даўно заклікаў жыхароў Газы – гораду на поўначы сектару – пакінуць свае дамы і кіравацца на поўдзень, каб не пацярпець ад удараў па тэрарыстах. Яшчэ 13 кастрычніка жыхарам Газы давалі 24 гадзіны на эвакуацыю. 22 кастрычніка жыхарам Газы выставілі пагрозу: калі не сыдуць на поўдзень, будуць лічыцца памагатымі тэрарыстам.

Міністр абароны Ізраілю Ёаў Галянт заявіў, што наземны наступ Ізраілю ў сектары Газа можа доўжыцца «месяц, два месяцы, тры», але ўрэшце «Хамасу» не стане.

Ды маштабная наземная аперацыя не пачынаецца. На момант публікацыі Ізраіль праводзіць толькі абмежаваныя наземныя рэйды ў Газу і працягвае наносіць авіяцыйныя ўдары. Спачатку адкладванне наземнай аперацыі тлумачылі ўмовамі надвор’я, цяпер жа не тлумачаць амаль ніяк.

На тле гэтага шмат медыяў звярнулі ўвагу на каментар былога (цяпер – у рэзерве) міжнароднага прадстаўніка Арміі абароны Ізраілю Енатана Канрыкуса аўстралійскаму радыё ABC: той казаў, калі «Хамас» выйдзе са сваіх хованак, верне ўсіх закладнікаў і безагаворачна здасца, то «вайна скончыцца». Калі не, то ізраільскім войскам давядзецца пайсці ў сектар Газа і цалкам знішчыць «Хамас», казаў ён. Але не стаў адказваць на наўпроставае пытанне аб тым, чаму наземная аперацыя адкладваецца.

Аналітыка
Як можа выглядаць перамога Ізраілю над «Хамасам» і што далей будзе з сектарам Газа?
2023.10.23 08:29

Іншай прычынай адкладвання наземнай аперацыі можа быць немагчымасць вызначыць ейныя мэты: калі нанесці пэўную колькасць удараў па тэрарыстах і абвясціць перамогу, незразумела, што далей рабіць з сектарам Газа, дзе застаюцца два з лішнім мільёны палестынцаў.

Тэрарысты трымаюць як мінімум дзве сотні закладнікаў

Паводле крыніцаў выдання «Bloomberg», Злучаныя Штаты і дзяржавы Еўразвязу ўгаворваюць Ізраіль адкласці наземную аперацыю ў Газе дзеля перамоваў аб вызваленні закладнікаў, якія нібыта таемна вядуцца праз Катар. Ізраіль гэта не пацвярджае і не абвяргае.

Прадстаўнік «Хамас» у сваю чаргу заяўляў каналу «Al Jazeera», што гатовы вызваліць цывільных закладнікаў, калі ізраільскія войскі спыняць «агрэсію». Аб магчымасці вызвалення палонных вайскоўцаў Ізраілю ён не казаў.

Паводле звестак Ізраілю, цяпер тэрарысты ўтрымліваюць не менш за 222 закладнікаў – гэта тыя, чыё выкраданне пацверджанае. Вызваліць пакуль удалося толькі дзвюх грамадзянак ЗША: 59-гадовую Джудыт Раанан і ейную 17-гадовую дачку Нэталі.

Памежныя пераходы з Газы закрытыя – прапускаюць толькі гуманітарную дапамогу

Выхады з сектару Газа цяпер закрытыя для мірных жыхароў. А такіх там ніяк не менш за сотні тысяч – далёка не ўсе за тэрарызм, але ўсе ўсім пагражае голад і трапленне пад ізраільскія ўдары па меркаваных пазіцыях тэрарыстаў.

Агляд
Што чакае мірных жыхароў сектару Газа – і колькі людзей там не падтрымліваюць тэрарыстаў
2023.10.10 19:09

Часткова адкрыты толькі адзін памежны пераход між сектарам Газа і Егіптам – і праз той не выпускаюць людзей, а толькі ўпускаюць грузавікі гуманітарнай дапамогі ад Арганізацыі аб’яднаных нацыяў. На момант публікацыі прайшлі тры канвоі, каля сотні грузавікоў. Улады сектару Газа кажуць, дапамогі трэба больш: раней на дзень прыходзіла звыш паўтысячы грузавікоў.

22 кастрычніка ізраільскі танк стрэліў па пазіцыі егіпецкіх вайскоўцаў блізу мяжы з сектарам Газа. Армія абароны Ізраілю (Цагаль) прызнала гэта і заявіла, што гэта было выпадковасцю, выказала спачуванні параненым і абвясціла аб расследаванні. На пропуск гуманітарных канвояў ААН гэта ў выніку не паўплывала.

Канфлікты Ізраілю з суседзямі не выключаныя, але другі фронт пакуль не адкрываецца

Ужо наўмысна Ізраіль 22 кастрычніка абстраляў пазіцыі тэрарыстычнай групоўкі «Хізбула» ў Ліване, што на поўнач ад Ізраілю. Тэрарысты «Хізбула» ў прынцыпе падтрымліваюць «Хамас» (і, таксама як «Хамас», спансаваныя Іранам), ладзілі адносна нешматлікія абстрэлы Ізраілю пасля атакі хамасаўцаў 7 кастрычніка, але не ўступілі ў поўнамаштабную вайну супраць Ізраілю. У сваю чаргу Ізраіль прыгразіў Ірану, што нанясе ўдар па ім, калі ліванская «Хізбула» вырашыць адкрыць другі фронт.

Ізраіль і раней наносіў удары па Лівану, а таксама па Сірыі, у тым ліку па аэрапортах у Алепа і Дамаску. Да адкрыцця новых фронтаў пакуль не даходзіць, хоць Сірыя заяўляе, што Ізраіль учыніў акт агрэсіі, вывеў аэрапорты з дзеяння і забіў аднаго цывільнага.

Іран пакуль абмяжоўваецца абстрактнымі пагрозамі Ізраілю і не пагражае вайной. Саудаўская Аравія крытыкуе абодва бакі канфлікту за ахвяры сярод мірнага насельніцтва. Егіпет і Іярданія заклікаюць Ізраіль спыніць вайну, але не пагражаюць Ізраілю нападам (а таксама не хочуць прымаць новых уцекачоў з сектару Газа).

Hавiны
Ад асуджэнняў да віншаванняў: як розныя краіны адрэагавалі на напад ХАМАС на Ізраіль
2023.10.07 20:39

Злучаныя Штаты падтрымліваюць Ізраіль фінансава (таксама абяцаюць гуманітарную дапамогу сектару Газа), нясуць баявое дзяжурства на моры і намагаюцца прадухіліць уцягванне ў вайну іншых краінаў рэгіёну, але самі не атакуюць тэрарыстаў у суседніх з Ізраілем краінах. Кітай пераважна трымаецца ўбаку ад канфлікту. Расею падазраюць у жаданні скарыстацца араба-ізраільскім канфліктам у сваіх мэтах, ды пацверджанняў наўпроставага ўмяшання Расеі ў гэтую вайну не знаходзілі.

Беларусаў не могуць эвакуяваць

У сектары Газа застаюцца грамадзяне Беларусі, але вывезці іх адтуль немагчыма праз адсутнасць гуманітарнага калідору. Пра гэта нядаўна зноў нагадаў амбасадар Беларусі ў Ізраілі Яўген Вараб’ёў.

Аператыўна вывезці з Ізраілю тых беларусаў, каму гэта патрэбна, амбасада не можа, бо праз санкцыі «Белавія» не можа зладзіць наўпроставы рэйс, тлумачыў Вараб’ёў. Пакуль з Ізраілю ўдалося эвакуяваць толькі адну беларуску – пенсіянерку Аляксандру Ханевіч. Ейнай эвакуацыяй займалася народная амбасада Беларусі ў Ізраілі пры дапамозе Асацыяцыі беларусаў Амерыкі і пры падтрыманні фонду «I Need Help BY».

Паводле звестак Міністэрства замежных справаў Беларусі, у Ізраілі загінулі тры грамадзяніна Беларусі і яшчэ тры выхадцы з Беларусі. Вядомыя імёны трох: 25-гадовая паліцыянтка Алёна Астапенка, 38-гадовы паліцыянт Віталь Карасік і 24-гадовы Стывен Макарчанка – наведнік музычнага фестывалю, на якім тэрарысты забілі больш за дзве сотні мірных жыхароў.

Аналітыка
Антысемітызм, бязвіз і ліст «Хамасу». Якія адносіны ў Лукашэнкі з Ізраілем і Палестынай
2023.10.17 08:08

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў