Што чакае мірных жыхароў сектару Газа – і колькі людзей там не падтрымліваюць тэрарыстаў


Ізраіль вядзе вайну з тэрарыстамі «Хамасу», але не з усімі палестынцамі. Але ж ад гэтай вайны пацярпяць і тыя палестынцы, што не падтрымліваюць тэрарызм. «Белсат» паглядзеў на апытанні ў сектары Газа і на магчымы лёс мірных жыхароў тэрыторыі пад кантролем тэрарыстаў.

Агонь і дым уздымаюцца пасля ізраільскага авіяўдару ў горадзе Газа ў адказ на напад «Хамасу» на Ізраіль. Газа, Сектар Газа. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота: Fatima Shbair / AP Photo / East News

Гісторыя арабска-ізраільскага канфлікту вельмі даўняя, але цяпер Ізраіль вядзе вайну не з усёй Палестынай, а з тэрарыстамі «Ісламскага руху супраціву» («Хамас») і «Палестынскага ісламскага джыхаду». У Ізраілі не сумняюцца, што ад барацьбы з «Хамасам» пацярпяць і мірныя жыхары Газы, але адказнасць за гэта ўскладаюць на лідараў «Хамасу», якія распачалі вайну – учыняюць абстрэлы і атакі з густа населенай тэрыторыі Газы, запускаюць ракеты са шпіталёў, мячэцяў і дзіцячых пляцовак.

Часткова прызнаная дзяржава Палестына складаецца з дзвюх тэрыторыяў: Заходняга берагу ракі Іярдан і сектару Газа, паміж якімі – Ізраіль. Сектар Газа – паласа 40-45 км даўжынёй і 6-12 км шырынёй, плошчаю, крыху большай за Менск, і нават з большай шчыльнасцю насельніцтва.

Агляд
Ізраіль і сектар Газа: храналогія канфлікту
2023.10.07 19:17

Менавіта ў сектары Газа ў 2007 годзе пасля адыходу адтуль ізраільскіх войскаў захапіла ўладу арганізацыя «Хамас». У 2005–2006 гадах «Хамас» нават перамог спачатку на муніцыпальных, а затым і на парламенцкіх выбарах у Палестыне.  Нягледзячы на гэта, «Хамас» прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй Еўразвяз, Злучаныя Штаты і шэраг іншых краін, але не Расея і Беларусь. Арганізацыя проста не прызнае права ізраільцянаў на жыццё, афіцыйна дэкларуе мэту «скінуць Ізраіль у мора».

Заходні бераг ракі Іярдан застаецца пад акупацыяй Ізраілю (згодна азначэнню Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў), але там дзее свой урад – Палестынская нацыянальная адміністрацыя, якая просіць называць сябе дзяржавай Палестына. Там уладу мае не «Хамас», а «Палестынскі рух за нацыянальнае вызваленне» («Фатх») – сацыял-дэмакраты, якія больш не лічацца тэрарыстамі.

Колькі жыхароў Газы за тэрарызм?

Насельніцтва сектару Газа – 2,375 млн асобаў на канец 2022 года. Ізраіль у гэтым кастрычніку атакавалі ніяк не менш за 1500 тэрарыстаў – пра столькі знойдзеных целаў баевікоў заяўляюць Сілы абароны Ізраілю. Няма сумневаў, што нападу дапамагалі з тэрыторыі сектару Газа яшчэ сотні асобаў, мо нават і тысячы – але наўрад ці два мільёны.

Наступствы ізраільскага авіяўдару па мячэці ў горадзе Газа, Сектар Газа. 9 кастрычніка 2023 года.
Фота: Mahmud Hams / AFP / East News

Адказу на тое, якая частка насельніцтва Газы падтрымлівае тэрор накшталт забойства мірных жыхароў Ізраілю або непрыцэльных масаваных ракетных абстрэлаў няма. Сацыёлагі проста не пыталі такога. Аднак Палестынскі цэнтр палітычных і сацыялагічных даследаванняў рэгулярна праводзіў апытанні грамадскай думкі на іншыя блізкія тэмы.

Так, у апытанні, апублікаваным у верасні, на абедзвюх тэрыторыях у прэзідэнцкіх выбарах, калі б такія адбыліся ў дзень апытання, лідар Палестынскай нацыянальнай аўтаноміі Махмуд Абас прайграў бы лідару «Хамасу» Ісмаілу Ханія. Але лідар «Хамасу» прайграў бы, калі б выбар быў між ім і лідарам «Танзіму» (баявога крыла «Фатху», якое Ізраіль лічыць тэрарыстычнай арганізацыяй) Марўанам Баргуцi або між ім і дзейным прэм’ерам дзяржавы Палестына Мухамэдам Іштая. У закрытым апытанні наконт патэнцыйнага пераемніка Абаса Баргуці быў самым папулярным, але набраў толькі 34 % галасоў рэспандэнтаў, следам за ім ідзе Ханія з 17 %.

Агляд
Што за арганізацыі «Хамас» і «Хізбула», якія абвясцілі вайну Ізраілю. І хто стаіць за імі
2023.10.10 08:00

Пры гэтым супраць любой нармалізацыі стасункаў Саудаўскай Аравіі з Ізраілем, пакуль трывае арабска-ізраільскі канфлікт, выказваліся 43 % апытаных у сектары Газа і 59 % апытаных на Заходнім беразе ракі Іярдан – падкантрольныя тэрарыстам тэрыторыі атрымаліся адносна менш радыкальныя. У Газе ў верасні пачуваліся ў бяспецы 69 %, тады як на Заходнім беразе – 48 %, але задаволеныя ўмовамі жыцця былі адпаведна 10 % і 21 %.

На пытанне пра тое, якім шляхам дамагчыся дэакупацыі палестынскіх тэрыторыяў і ўсталявання незалежнай палестынскай дзяржавы, 51 % у сектары Газа і 54 % на Заходнім беразе выбралі адказ «узброены супраціў», за негвалтоўны супраціў выказаліся адпаведна 29 % і 20 %, за перамовы – 19 % і  20 %. У ранейшым апытанні адпаведна 47 % і 54 % лічылі, што эскалацыя сітуацыі на Заходнім беразе прывядзе да новага паўстання, «трэцяй інтыфады».

Інтэрв’ю
«Пачакайце, нешта нада мной бабахнула…» Беларусы распавялі, якая атмасфера пануе ў ізраільскіх гарадах
2023.10.09 19:24

Але паўстанне не азначае аўтаматычна тэрору супраць мірнага насельніцтва – зрэшты, жыхары Газы ўмеюць ладзіць і мірныя пратэсты. Ці маюць палестынцы права на ўзброенае паўстанне супраць Ізраілю, пытанне філасофскае. Напрыклад, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека заклікае бараніць правы чалавека, «каб чалавек не быў вымушаны прыбягаць у якасці апошняга сродку да паўстання супраць тыраніі і прыгнёту», але ж не дае адказу на тое, ці дастаткова было парушэнняў правоў палестынцаў з боку Ізраілю для апраўдання паўстання. Дакладна ясна, што тэрору як сродку паўстання не апраўдвае ніякая міжнародная дэкларацыя ці канвенцыя.

З гэтых апытанняў можна зрабіць пэўныя высновы – але з папраўкай на ненадзейнасць апытанняў у недэмакратычных рэжымах. Так, 59 % апытаных у сектары Газа кажуць, што не могуць без страху крытыкаваць «Хамас».

Што можа чакаць мірных жыхароў Газы?

Імаверна, у найбліжэйшы час ім давядзецца заставацца ў сектары Газа, хоць там, са словаў жыхароў, няма дзе ўкрыцца ад абстрэлаў Ізраілю: пад удар трапіла нават штаб-кватэра агенцтва ААН. Сцвярджаецца, што ўдары прыходзіліся і па лагерах уцекачоў у сектары Газа.

Памежныя пераходы закрытыя, апошні дзейны – на мяжы з Егіптам – закрылі 10 кастрычніка пасля абстрэлаў з боку Ізраілю. Менавіта ў Егіпет ізраільскія ўлады прапаноўвалі эвакуявацца мірным жыхарам Газы. І нават калі той пераход адкрыюць, выхад з сектару Газа праз яго раней быў паводле спісаў, чарга ў якіх была доўгаю. Сам Ізраіль не прымае ўцекачоў з палестынскіх тэрыторыяў і не пускае назад нават тых, каго выгналі з іхных дамоў у час заснавання дзяржавы Ізраіль.

Суседнія краіны на момант публікацыі не анансавалі нейкіх планаў прыёму ўцекачоў, а тым больш эвакуацыі мірных жыхароў з Газы. Зрэшты, лёс уцекачоў з Газы ў суседніх краінах як мінімум няпросты, нямала ўцекачоў намагаліся трапіць не ў арабскія краіны, а ў Еўразвяз.

Мапа сектару Газа з пазнакай абмежаванняў і памежных пераходаў. Выява: Ochaopt.org

Ізраіль і Егіпет учынялі часовую блакаду сектару Газа з 2005 года і трывалую з 2007-га, калі ізраільскія войскі пакінулі гэтую тэрыторыю, а сцяна вакол сектару стаіць наогул з 1994-га. У межах той блакады абмяжоўвалі не толькі пастаўкі таго, з чаго можна вырабіць зброю (так званых тавараў падвойнага прызначэння), але нават пастаўкі будаўнічых матэрыялаў і правы на лоўлю рыбы, а да прынамсі 2010-га існаваў шырокі сакрэтны спіс забароненых спажывецкіх тавараў.

Цяпер Ізраіль абяцае татальную блакаду сектару Газа. Міністр абароны Ёаў Галянт казаў, што загадаў «поўную аблогу», каб у сектары Газа не было «ні электрычнасці, ні ежы, ні паліва», бо «мы змагаемся з людзьмі-звярамі і дзеем адпаведна». Каб не сполахі абстрэлаў і полымя пажараў, сектар Газа заставаўся б у цемры. Аб’ектыўных ацэнак таго, праз які час можа пачацца масавы голад, няма.

Мірныя жыхары хаваюцца ў школах Агенцтва ААН у справе дапамогі палестынскім уцекачам у сектары Газа. Паводле Агенцтва, прытулак далі 137 тысячам асобаў. 8 кастрычніка 2023 года.
Фота: Mohammed Hinnawi / UNRWA

Страшную гуманітарную сітуацыю ў сектары Газа прызнае Генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш: ён 9 кастрычніка прасіў усе бакі даць ААН доступ, каб даставіць гуманітарную дапамогу цывільным, заклікаў міжнародную супольнасць да мабілізацыі. Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Фолькер Турк 10 кастрычніка патрабаваў ад усіх бакоў (і ад тэрарыстаў, і ад Ізраілю) спыніць атакі на цывільных, таксама нагадваў, што не даваць цывільным неабходных для выжывання рэчаў супярэчыць міжнароднаму гуманітарнаму праву. Сусветная арганізацыя здароўя заклікала зрабіць гуманітарны калідор з сектару Газа.

На момант публікацыі прыкметаў таго, што гуманітарны калідор рыхтуюць, няма. Затое ёсць новыя пагрозы тэрарыстаў Ізраілю.

Каментар
Ці будзе вялікая вайна на Блізкім Усходзе? Хто і навошта дапамагаў у нападзе на Ізраіль
2023.10.09 21:56

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў