Ізраіль прыгразіў нанесці ўдар па Іране, калі «Хізбула» адкрые другі фронт


Ізраільскі міністр эканомікі і прамысловасці Нір Баркат у інтэрв’ю брытанскай газеце «Daily Mail» заявіў, што калі групоўка «Хізбула» вырашыць адкрыць фронт на поўначы краіны, Ізраіль атакуе Іран.

Іран выступае галоўным спонсарам радыкальнай шыіцкай групоўкі «Хізбула», якая кантралюе паўднёвую частку Лівана і варожа ставіцца да Ізраілю. Фактычна групоўка зʼяўляецца проксі-сілай Тэгерану.

«План Ірану складаецца ў тым, каб атакаваць Ізраіль па ўсіх франтах. Калі мы выявім, што яны маюць намер атакаваць Ізраіль, мы не проста нанясем удар у адказ па гэтых франтах, але ўдарым па галаве змеі – то бок па Іране», – падкрэсліў Нір Баркат.

«У Ізраілю ёсць вельмі дакладнае пасланне нашым ворагам. Мы кажам ім: паглядзіце, што адбываецца ў Газе, – вы атрымаеце тое ж самае, калі атакуеце нас. Мы сатрэм вас з твару Зямлі», – падкрэсліў ён.

«Ліван і «Хізбула» заплацяць вялікую цану, аналагічную той, якую заплаціць «Хамас». Але гэтага недастаткова, – заявіў міністр. – Вельмі выразны сігнал заключаецца ў тым, што мы таксама збіраемся пераследаваць кіраўнікоў Ірана. Калі мы гэта зробім? Калі мы вырашым».

Раней Тэгеран папярэдзіў Ізраіль (як публічна, гэтак і ў прыватным парадку), што можа ўмяшацца ў канфлікт, калі Цагаль перакрочыць пэўныя чырвоныя лініі падчас баявых дзеянняў супраць «Хамасу».  Кіраўнік МЗС Ірану Гусэйн Амір-Абдулагіян 16 кастрычніка адзначыў, што імавернасць адкрыцця новага фронту расце з кожнаю гадзінай, і прыгразіў «вялізнымі стратамі» ЗША.

Нягледзячы на перастрэлкі на мяжы, пакуль «Хізбула» не бярэ актыўнага ўдзелу ў вайне з Ізраілем.

Каментар
Вайсковы аглядальнік Давід Шарп: Ізраіль павінен абараняцца
2023.10.17 09:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў