news
Агляд
Што за арганізацыі «Хамас» і «Хізбула», якія абвясцілі вайну Ізраілю. І хто стаіць за імі
Ахвярамі новага канфлікту сталі ўжо каля 1500 асобаў.
10.10.202308:00

З 7 кастрычніка некаторыя арганізацыі Палестыны і Лівану вядуць баявыя дзеянні супраць суседняга Ізраілю. Ахвярамі новага канфлікту сталі ўжо каля 1500 асобаў. Распавядаем, што за арганізацыі ініцыявалі новае супрацьстаянне і якія ў іх мэты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палестынцы скандуюць лозунгі і размахваюць сцягамі руху «Фатх» падчас мітынгу ў гонар 18-й гадавіны смерці заснавальніка «Фатх» і лідара Палестынскай аўтаноміі Ясэра Арафата ў горадзе Газа, Сектар Газа. 10 лістапада 2022 года.
Фота: Fatima Shbair / AP Photo / East News

Доўгі час у араба-ізраільскім канфлікце сярод арабскіх арганізацыяў галоўную ролю гуляла леванацыяналістычная Арганізацыя вызвалення Палестыны (АВП), што аб’ядноўвала ў сваіх шэрагах некалькі розных арганізацыяў. У сваёй хартыі ад 1968 году АВП яна патрабавала знішчэння Ізраілю і ліквідацыю ўсёй «сіянісцкай прысутнасці» ў рэгіёне.

Галоўнай сілай у АВП была сацыялістычная «Фатх», лідар якой Ясэр Арафат нязменна ўзначальваў Арганізацыю вызвалення Палестыны з 1969 года і да сваёй смерці ў 2004-м. «Фатх» і АВП стаялі за арганізацыяй шмат якіх нападаў на Ізраіль і ізраільцянаў, у тым ліку ім прыпісваюць кіраванне і падтрыманне арганізацыі «Чорны верасень», што ўчыніла тэракт на Мюнхенскай Алімпіяде 1972 года. Таксама яны бралі актыўны ўдзел у паўстанні 1987-1993 гадоў, што атрымала назву Першай інтыфады. За сваю дзейнасць «Фатх» і АВП былі прызнаныя тэрарыстычнымі арганізацыямі ў шэрагу заходніх краінаў.

Агляд
Ізраіль і сектар Газа: храналогія канфлікту
2023.10.07 19:17

Аднак у 1988 годзе «Фатх» і АВП афіцыйна адмовіліся ад тэрактаў, а неўзабаве наагул прызналі права на існаванне Ізраілю. Цяпер АВП засядае ў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, а лідары «Фатх» Ясэр Арафат і ягоны пераемнік Махмуд Абас з 1994 года няспынна ўзначальваюць Палестынскую нацыянальную адміністрацыю.

Праўда, не ўся тэрыторыя Палестыны знаходзіцца пад кантролем «Фатху». У 2005 годзе «Хамас» выйграў муніцыпальныя выбары ў 10 гарадах сектару Газа. «Фатх» жа кантралюе толькі заходні бераг ракі Іярдан.

У цяперашнім супрацьстаянні лідар «Фатху» і прэзідэнт Палестыны Абас заявіў, што палестынцы маюць права на абарону ад «тэрору пасяленцаў і акупацыйных войскаў». Таксама адміністрацыя Абаса не супрацьстаяла дэманстрацыям у падтрыманне нападу на Ізраіль. Але непасрэднага ўдзелу ў супрацьстаянні з Ізраілем ані «Фатх», ані АВП пакуль не бяруць. Больш за тое, вядома пра некаторыя сутыкненні паміж палестынскімі сілавікамі і антыізраільскімі пратэстоўцамі.

«Хамас»

Галоўнай жа сілай у атацы на Ізраіль 7 кастрычніка стала ісламісцкая арганізацыя «Хамас». Яна ўзнікла падчас Першай інтыфады ў 1987 годзе на базе дабрачыннай арганізацыі, якую, як заяўляецца, напачатку падтрымліваў, у тым ліку фінансава, Ізраіль, каб зменшыць уплыў «Фатху». Кіраўніком і духоўным лідарам «Хамасу» стаў шэйх Ахмэд Ясін, які з дзяцінства не мог хадзіць і які быў ліквідаваны ізраільскай ракетай у 2004 годзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палестынскія баевікі нясуць цела 19-гадовага Ахмада Аваўды, які быў забіты ў сутыкненнях з ізраільскімі войскамі ў акупаваным рэгіёне Наблус на Заходнім беразе ракі Іярдан. Джэнін (Jenin), Палестына. 8 кастрычніка 2023 года.
Фота: Zain Jaafar / AFP / East News

«Хамас» выступае за «вызваленне» тэрыторыі Ізраілю ад «ізраільскай акупацыі» і абвяшчэнне ісламскай рэспублікі. У хартыі «Хамасу» наўпрост прапісаная задача «скінуць Ізраіль у мора», а шэйх Ясін называў кожнага ізраільцяніна законнай мэтай для нападаў.

Дзякуючы свайму радыкалізму і актыўнай дабрачыннай дзейнасці, мэта якой у тым ліку – вербаванне новых баевікоў, «Хамас» вельмі хутка заняў лідарскія пазіцыі ў гвалтоўным супраціве Ізраілю. А ў 2005-2006 гадах ён нават перамог «Фатх» спачатку на муніцыпальных, а затым і на парламенцкіх выбарах у Палестыне. Лідар «Хамасу» Ісмаіл Ханія на некаторы час стаў прэм’ер-міністрам Палестыны, паабяцаўшы перагледзець стасункі з Ізраілем.

Супрацьстаянне паміж «Хамасам» і «Фатх» вылілася ў збройны канфлікт, у выніку якога «Хамас» здолеў захапіць уладу ў сектары Газа, забіўшы і арыштаваўшы сваіх праціўнікаў з лагеру Абаса. З таго часу і да сёння «Хамас» працягвае кантраляваць заходнюю частку Палестыны, адкуль і адбыўся напад на Ізраіль 7 кастрычніка.

Hавiны
Іран падтрымаў ХАМАС у нападзе на Ізраіль. Толькі на словах ці таксама на справе?
2023.10.08 22:34

«Хамас» прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй у шэрагу заходніх краінаў. Але гэта не перашкаджае яму атрымліваць грошы на сваё існаванне і на далейшыя напады на Ізраіль з-за мяжы. Найперш з Ірану, але таксама, як заяўляецца, з Турцыі і Катару. Прычым Іран фінансуе «Хамас» нават нягледзячы на прыналежнасць да розных плыняў ісламу, хоць часам з гэтай прычыны паміж імі і ўзнікаюць супярэчнасці. Паведамляецца, што менавіта Іран і стаяў за цяперашняй атакай на Ізраіль.

Падтрымлівае стасункі з «Хамасам» і Расея. Напрыклад, сёлета ў ліпені з прадстаўнікамі кіраўніцтва арганізацыі стэлефаноўваўся намеснік міністра замежных справаў РФ Міхаіл Багданаў, а летась у Маскве з лідарам «Хамасу» Ханія сустракаўся і сам міністр Сяргей Лаўроў.

«Хізбула»

А вось у ліванскай «Хізбулы» праблемаў з падтрыманнем з Ірану няма. Аднак пакуль арганізацыя не бярэ актыўнага ўдзелу ў вайне з Ізраілем. Прадстаўнікі арганізацыі ўдзельнічалі ў абстрэлах габрэйскай дзяржавы з поўначы, яшчэ некалькі асобаў спрабавалі пранікнуць у Ізраіль. Але «Хізбула» пакуль толькі пагражае далучыцца да вайны, калі Ізраіль перасячэ «чырвоныя лініі», у тым ліку пачне наземную аперацыю ў сектары Газа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Баевікі ліванскай арганізацыі «Хізбула» стаяць ля рэактыўных установак залпавага агню ў вёсцы Арамта (Aaramta), Ліван. 21 траўня 2023 года.
Фота: Anwar Amro / AFP / East News

«Хізбула» выступае за пабудову ісламскай рэспублікі на прыклад Ірану, а яе першая мэта – змаганне з ізраільскім і амерыканскім «імперыялізмам». Яна ўзнікла ў 1982 годзе падчас грамадзянскай вайны ў Ліване паміж мясцовымі хрысціянамі, сунітамі і шыітамі, калі да таго ж адбылася інтэрвенцыя ў краіну ізраільскіх войскаў, якія выступілі саюзнікамі мясцовых хрысціянаў.

У ліванскім парламенце «Хізбула» мае 13 са 128 месцаў, да якіх далучаюцца яшчэ два незалежныя дэпутаты. Таксама прадстаўнікі арганізацыі займаюць дзве пасады ў дзейным ліванскім урадзе.

У адрозненне ад «Хамасу» «Хізбула» належыць да адзінай шыіцкай плыні ісламу з уладамі Ірану і з’яўляецца важнай часткай ейнай сеткі для распаўсюду ісламскай рэвалюцыі ў свеце. Будучы палітычнай партыяй у Ліване, яна разам з тым мае свае аддзяленні і ў іншых краінах, у тым ліку ў Лацінскай Амерыцы, дзе ў супрацы з мясцовымі рэжымамі, як напрыклад, у Венесуэле, удзельнічае ў наркатрафіку і адмыванні грошай. Таксама арганізацыя брала актыўны ўдзел у вайне ў Сірыі, падтрымліваючы разам з Іранам рэжым Башара Асада. У 2006 годзе «Хізбула» ўжо справакавала вайну з Ізраілем, абстраляўшы ізраільскія паселішчы і забіўшы некалькіх памежнікаў. Тады ахвярамі канфлікту сталі да 2000 асобаў, больш за палова якіх – цывільныя ліванцы.

Разбор
Душаць пратэсты і пастаўляюць дроны Расеі. Што адбываецца ў Іране, і што з гэтым можна зрабіць
2022.10.24 16:03

Будучы хаўруснікам Ірану, «Хізбула» таксама атрымлівае ад яго фінансаванне. У тым ліку ў выглядзе нафты, якую яна пасля задарма раздае ў Ліване.

Хто яшчэ ўдзельнічае ў вайне?

Апроч таго, дзейную вайну з Ізраілем сваім удзелам падтрымалі і некаторыя іншыя палестынскія арганізацыі і групоўкі. Сярод іх ёсць як ісламісты, кшталту Ісламскага джыхаду, што дзейнічае яшчэ з 1981 года, або «Ільвінага логава» з заходняга берагу Іярдану, што ўзнікла толькі летась, гэтак і свецкія партыі. Да апошніх належаць Народны фронт вызвалення Палестыны і Дэмакратычны фронт вызвалення Палестыны – марксісцкія групоўкі, што ўзніклі яшчэ ў 1960-я гады і ўваходзяць у Арганізацыю вызвалення Палестыны. Дарэчы, абедзве арганізацыі былі заснаваныя і раней кіраваліся арабамі-хрысціянамі, выхадцамі адпаведна з праваслаўнай і грэка-каталіцкай сем’яў.

Сваё падтрыманне нападу выказвалі і іншыя арганізацыі і цэлыя краіны за межамі Лівану і Палестыны, але пакуль пра нешта большае за маральнае падтрыманне не вялося.

Тэрарысты на забеспячэнні Ірану

Вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» (Украіна) Аляксандр Каваленка ў цэлым не бачыць вялікай розніцы паміж удзельнікамі вайны з Ізраілем.

«Хамас» і «Хізбула» фактычна з’яўляюцца тэрарыстычнымі арганізацыямі, яны маюць тэрарыстычныя мэты, якія заключаюцца ў першую чаргу ў стварэнні на тэрыторыі сучаснага Ізраілю ісламскай дзяржавы, ісламскай рэспублікі, падобнай Ірану. То бок, гэта, здавалася б, розныя, але ў той жа самы час практычна аднолькавыя па сваёй сутнасці структуры тэрарыстычнага кшталту», – адзначыў ён у каментары «Белсату».

Аналітык падкрэсліў, што гэтыя арганізацыі спансуюцца Іранам і «зʼяўляюцца баявымі групоўкамі на забеспячэнні Ірану», а «галоўная ідэалогія Ірану – гэта знішчэнне Ізраілю».

Каментар
Антысемітызм – погляды часткі рэжыму. Лукашэнка маўчыць пра Ізраіль, але не яго прапаганда
2023.10.09 14:49

Макар Мыш belsat.eu