Вывезці беларусаў з сектару Газа пакуль немагчыма


Беларускіх грамадзянаў не могуць вывезці з сектару Газа праз адсутнасць гуманітарнага калідору для эвакуацыі ў бок Егіпту. Пра гэта заявіў пасол Беларусі ў Ізраілі Яўген Вараб’ёў, перадае БелТА.

Беларусы Ізраілю. Крыніца: Израиль за Свободную Беларусь / Facebook

Паводле амбасадара, дыпламаты ўжо зрабілі ўсё, што маглі, каб зарганізаваць эвакуацыю. «Думаю, гэтая праца скончыцца поспехам», – запэўніў Яўген Варабʼёў, аднак тэрміны пакуль невядомыя.

Інфармацыя пра загінулых і пацярпелых адсочваецца, вядзецца ўзаемадзеянне з кампетэнтнымі дзяржаўнымі службамі і Інтэрполам, дадаў Вараб’ёў. Ён нагадаў, што на гэты момант вядома пра трох загінулых грамадзянаў Беларусі, двое з якіх загінулі на поўдні Ізраілю. Яшчэ адна беларуская грамадзянка была цяжка параненая ў выніку трапляння ракеты ў жылы дом. Тыдзень таму яна памерла ў шпіталі. Цела пры спрыянні пасольства даставілі ў Беларусь для пахавання.

Таксама вядома пра гібель трох нарадзінцаў Беларусі, якія былі грамадзянамі Ізраілю і даўно жылі на тэрыторыі краіны.

Паведамляюць, што дыпламатычная місія таксама вядзе ўлік усіх грамадзянаў на выпадак з’яўлення зручнага і хуткага варыянту вярнуцца ў Беларусь. Варабʼёў паўтарыў заяву кіраўніка МЗС Беларусі, што эвакуацыі з Ізраілю перашкаджаюць заходнія санкцыі, накладзеныя на «Белавію». Нягледзячы на атрыманы дазвол ізраільскага боку, санкцыі не даюць рэалізаваць беспасярэдняга рэйсу з Ізраілю ў Беларусь. «Мы робім усё, каб развязаць гэтыя праблемы», – запэўніў ён.

Нагадаем, 19 кастрычніка міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў, што Менск не можа арганізаваць эвакуацыйнага рэйсу з Ізраілю праз санкцыі ЗША супраць «Белавіі». Таксама раней паведамлялі, што для эвакуацыі беларусаў з сектару Газа была дасягнутая дамоўленасць з расейскімі ўладамі, іх залучылі ў расейскі спіс.

Пакуль з Ізраілю ўдалося эвакуяваць толькі адну беларуску – пенсіянерку Аляксандру Ханевіч. Ейнай эвакуацыяй займалася народная амбасада Беларусі ў Ізраілі пры дапамозе Асацыяцыі беларусаў Амерыкі і пры падтрыманні фонду «I Need Help BY».

Hавiны
Алейнік: Санкцыі ЗША перашкаджаюць эвакуяваць беларускіх грамадзянаў з Ізраілю
2023.10.19 13:18

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў