«Народная эвакуацыя». Першаю з Ізраілю вывезуць блогерку-ўцякачку Аляксандру Ханевіч


Як стала вядома «Белсату», Народная амбасада ў Ізраілі набыла білет на самалёт для блогеркі Аляксандры Ханевіч. Яна будзе першаю беларускаю, якую эвакуююць з дапамогаю актывістаў. Грошы на білет сабрала беларуская дыяспара ў ЗША.

Блогерка Аляксандра Ханевіч у Ізраілі. 10 кастрычніка 2023 года. Скрыншот: АЛЕКСАНДРА ХАНЕВИЧ / YouTube

9 кастрычніка Народная амбасада ў Ізраілі пачала збор інфармацыі ад беларусаў, якім трэба дапамога ў выездзе з краіны. Праблема ўзнікла праз касаванне рэйсаў шмат якімі авіякампаніямі пасля нападу баевікоў «Хамасу».

Раней адзін з каардынатараў Народных амбасадаў Міхаіл Рубін паведаміў «Белсату», што па дапамогу звярнуліся больш за 10 беларускіх сем’яў.

Сёння стала вядома, што першай эвакуююць блогерку Аляксандру Ханевіч. Яна неспадзявана трапіла на вайну, прыляцеўшы ў Ізраіль з паломніцкаю паездкаю.

Ханевіч паходзіць з Горадні, яна вымушана з’ехала з Беларусі, каб пазбегчы палітычнага пераследу, і апошнія некалькі гадоў жыве ў Беластоку.

«Яна паляціць у Варшаву праз Кіпр і Вену. У Вене працяглая стыкоўка, там беларусы яе сустрэнуць і аблегчаць доўгае чаканне там. Білет на камерцыйны эвакуацыйны рэйс знайшлі дзякуючы Асацыяцыі беларусаў Амерыкі і пры падтрыманні фонду «I Need Help BY», – сказаў Рубін «Белсату».

Ён запэўніў, што Народныя амбасады працягваюць шукаць варыянты выезду для ўсіх беларусаў, якія папрасілі аб дапамозе.

Развязаннем гэтай праблемы займаецца таксама Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Кіраўнік НАУ Павел Латушка раней паведаміў «Белсату», што перадаў у МЗС Польшчы просьбы беларусаў аб спрыянні. У міністэрстве адказалі, што дапамогуць, калі з’явіцца магчымасць.

Разбор
Больш за 10 беларускіх сем’яў папрасілі Народную амбасаду дапамагчы з эвакуацыяй з Ізраілю
2023.10.11 19:20

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў