Больш за 10 беларускіх сем'яў папрасілі Народную амбасаду дапамагчы з эвакуацыяй з Ізраілю


Больш за 10 беларускіх сем’яў звярнуліся ў Народную амбасаду ў Ізраілі па дапамогу з эвакуацыяй. Праблемы ўзніклі пасля касавання рэйсаў шмат якімі авіякампаніямі ў звязку з нападам «Хамасу». Кіраўнік НАУ Павел Латушка і адзін з каардынатараў Народных амбасадаў Міхаіл Рубін распавялі «Белсату», як яны намагаюцца дапамагчы беларусам.

Пасажыры чакаюць вылету з аэрапорту Бэн Гур’ён у Тэль-Авіве, Ізраіль. 8 кастрычніка 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінета ў транзіце ўлады Павел Латушка паведаміў «Белсату», што перадаў у міністэрства замежных справаў Польшчы просьбы асобных беларусаў аб спрыянні эвакуацыі з Ізраілю.

«МЗС Польшчы працягвае эвакуацыю з Ізраілю польскімі самалётамі. Паводле інфармацыі, атрыманай ад кіраўніцтва міністэрства, як толькі зʼявіцца магчымасць, з эвакуацыяй дапамогуць і грамадзянам Беларусі, якія маюць абарону на тэрыторыі Польшчы. Мы знаходзімся ў сталым кантакце з польскім бокам», – адзначыў Латушка.

Адзін з каардынатараў Народных амбасадаў Міхаіл Рубін сказаў «Белсату», што па дапамогу ўжо звярнуліся больш за 10 беларускіх семʼяў:

«У кожнага свая асабістая драма, асабістая гісторыя, маюцца людзі з парушаным здароўем, маюцца людзі, якія не ўпершыню сутыкнуліся з тэрорам, якія пакінулі Беларусь, ратуючыся ад нашага лакальнага хатняга тэрарыста. Розныя сітуацыі, розныя лёсы, маладзёны, людзі старэйшага ўзросту».

Гісторыі
«Падумайце пра гэта на секунду. Больш не трэба, бо гэта вельмі страшна». Вайна ў Ізраілі – вачыма яго жыхароў
2023.10.11 09:00

Як адзначыў Рубін, людзям не абяцаюць, што вываз абавязкова атрымаецца зладзіць. «У нас маюцца шанцы, але няма гарантыяў», – канстатаваў суразмоўца «Белсату».

«Мы раім не чакаць дапамогі аднекуль, а кожнаму, каму трэба пакінуць Ізраіль, намагацца зрабіць гэта любымі спосабамі самастойна, пакуль гэта магчыма, пакуль паветраная прастора адкрытая. Не хачу нікога пужаць, аднак магчыма ўсякае», – папярэдзіў прадстаўнік Народнай амбасады.

Звярнуцца па дапамогу можна праз электронны адрас israel@belarusabroad.org.

«Мы вельмі скрупулёзна і трапятліва ставімся да збору асабістых дадзеных, бяром толькі кантакты і просім апісаць актуальную сітуацыю, каб не ўваходзіць у канфлікт з законам аб асабістых дадзеных і каб не падстаўляць людзей», – запэўніў Рубін.

Ён паведаміў, што беларускія дыяспары плануюць зладзіць адмысловы збор грошай для вывазу беларусаў з Ізраілю:

«З тых людзей, якія да нас звярнуліся, маюцца людзі з фінансавымі цяжкасцямі, яны не як турысты прыехалі ў Ізраіль і ніяк не разлічвалі на адмену зваротных рэйсаў і куплю новых квіткоў, а кошты на квіткі, вядома, моцна падскочылі. Але ўжо маецца гатовасць некаторых беларускіх дыяспараў зладзіць адмысловыя зборы, падтрымаць гэтых людзей грашыма».

Рубін асобна падзякаваў Паўлу Латушку за кантакты з польскім міністэрствам замежных справаў і паведаміў, што Народныя амбасады інфармуюць МЗС тых краінаў, дзе яны знаходзяцца, аб неабходнасці дапамагчы беларусам і збіраюць інфармацыю пра ўсе магчымыя варыянты эвакуацыі.

«Міністэрствы замежных справаў іншых еўрапейскіх краінаў праінфармаваныя аб праблемах беларусаў, якія захраслі ў Ізраілі ў складанай сітуацыі ва ўмовах, калі фармальнае пасольства МЗС Беларусі адмовілася ўдзельнічаць у лёсах беларусаў», – заявіў Рубін.

Інтэрв’ю
«Пачакайце, нешта нада мной бабахнула…» Беларусы распавялі, якая атмасфера пануе ў ізраільскіх гарадах
2023.10.09 19:24

На сайце беларускага пасольства ў Ізраілі няма аніякай інфармацыі пра тое, што беларусам варта рабіць ва ўмовах нападу баевікоў «Хамасу». Апошняя навіна там апублікаваная 27 верасня і тычыцца міжнароднай выставы «Медычны і аздараўленчы турызм» у Менску.

Адзінае карыснае на сайце – нумар тэлефону для зваротаў беларусаў, якія апынуліся ў надзвычайнай сітуацыі (+972 50 521 48 19), і электронная пошта, куды належыць ліставаць з пазнакай «СРОЧНО» (israel@mfa.gov.by).

9 кастрычніка ў пасольстве заявілі, што «казаць пра эвакуацыйныя рэйсы пакуль не мае аніякага сэнсу».

У той жа дзень спікер ведамства Анатоль Глаз у каментары расейскаму агенцтву «РИА Новости» казаў, што пасольства атрымала больш за 150 зваротаў ад беларусаў і параіў суайчыннікам, якія цяпер у Ізраілі, падпарадкоўвацца ўказанням мясцовых уладаў і службаў тылу.

Паводле апошніх звестак, у выніку нападу «Хамасу» на Ізраіль пацярпелі тры беларусы. Адна жанчына ў цяжкім стане.

Каментар
Ці будзе вялікая вайна на Блізкім Усходзе? Хто і навошта дапамагаў у нападзе на Ізраіль
2023.10.09 21:56

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў