Алейнік: Санкцыі ЗША перашкаджаюць эвакуяваць беларускіх грамадзянаў з Ізраілю


Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў, што беларусаў з Ізраілю не эвакуююць праз санкцыі ЗША супраць «Белавіі», перадае «Sputnik Беларусь».

«Boeing 737-800» беларускай авіякампаніі «Белавія».
Фота: belavia.by

«На сёння застаецца адна перашкода – гэта санкцыі ЗША ў адносінах нашага нацыянальнага авіяперавозніка», – заявіў Сяргей Алейнік.

Беларусь, паводле кіраўніка МЗС, ужо атрымала дазвол ад ізраільскіх уладаў на гуманітарны рэйс самалёта «Белавіі» ў Ізраіль. Алейнік назваў сітуацыю з беларускімі грамадзянамі ў зоне канфлікту «даволі няпростай» і адзначыў, што Міністэрства замежных справаў займаецца гэтым пытаннем. Але пакуль цяжка казаць пра нейкія вынікі, дадаў ён.

На дзень 12 кастрычніка ў пасольства Беларусі ў Ізраілі звярнуліся больш за 500 беларусаў. Тады ў дыпламатычнай місіі заяўлялі, што пакуль пра нейкія цэнтралізаваныя эвакуацыйныя захады гаворкі не ідзе, і нібыта гэтае пытанне толькі прапрацоўваецца. Між тым пасольства Беларусі прапаноўвала грамадзянам пакідаць Ізраіль камерцыйнымі рэйсамі, а таксама заявіла пра дамоўленасці з Расеяй вывезці дзясяткаў беларусаў з сектару Газа, аднак тэрміны эвакуацыі пакуль невядомыя.

Пакуль з Ізраілю ўдалося эвакуяваць толькі адну беларуску – пенсіянерку Аляксандру Ханевіч. Ейнай эвакуацыяй займалася народная амбасада Беларусі ў Ізраілі пры дапамозе Асацыяцыі беларусаў Амерыкі і пры падтрыманні фонду «I Need Help BY».

Hавiны
«Народная эвакуацыя». Першаю з Ізраілю вывезуць блогерку-ўцякачку Аляксандру Ханевіч
2023.10.12 12:26

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў