Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў, што беларусаў з Ізраілю не эвакуююць праз санкцыі ЗША супраць «Белавіі», перадае «Sputnik Беларусь».
«На сёння застаецца адна перашкода – гэта санкцыі ЗША ў адносінах нашага нацыянальнага авіяперавозніка», – заявіў Сяргей Алейнік.
Беларусь, паводле кіраўніка МЗС, ужо атрымала дазвол ад ізраільскіх уладаў на гуманітарны рэйс самалёта «Белавіі» ў Ізраіль. Алейнік назваў сітуацыю з беларускімі грамадзянамі ў зоне канфлікту «даволі няпростай» і адзначыў, што Міністэрства замежных справаў займаецца гэтым пытаннем. Але пакуль цяжка казаць пра нейкія вынікі, дадаў ён.
На дзень 12 кастрычніка ў пасольства Беларусі ў Ізраілі звярнуліся больш за 500 беларусаў. Тады ў дыпламатычнай місіі заяўлялі, што пакуль пра нейкія цэнтралізаваныя эвакуацыйныя захады гаворкі не ідзе, і нібыта гэтае пытанне толькі прапрацоўваецца. Між тым пасольства Беларусі прапаноўвала грамадзянам пакідаць Ізраіль камерцыйнымі рэйсамі, а таксама заявіла пра дамоўленасці з Расеяй вывезці дзясяткаў беларусаў з сектару Газа, аднак тэрміны эвакуацыі пакуль невядомыя.
Пакуль з Ізраілю ўдалося эвакуяваць толькі адну беларуску – пенсіянерку Аляксандру Ханевіч. Ейнай эвакуацыяй займалася народная амбасада Беларусі ў Ізраілі пры дапамозе Асацыяцыі беларусаў Амерыкі і пры падтрыманні фонду «I Need Help BY».
Алена Рувіна belsat.eu