Хто вінаваты ў трагедыі ў лякарні Аль-Ахлі? Распавядаем, што цяпер вядома


Увечары 17 кастрычніка ў лякарні Аль-Ахлі ў сектары Газа адбыўся выбух. Групоўка «Хамас» заявіла, што па лякарні быў нанесены ўдар ізраільскай авіяцыяй, у выніку чаго загінулі сотні мірных жыхароў. Арабскія краіны абвінавацілі Ізраіль у наўмысным бамбаванні цывільных аб’ектаў. Ізраіль у сваю чаргу заяўляе, што ракетны ўдар быў нанесены палестынскімі баевікамі, з гэтай версіяй салідарныя Злучаныя Штаты. Belsat.eu распавядае, што цяпер вядома пра трагедыю ў Аль-Ахлі і хто насамрэч нясе за гэта адказнасць.

УВАГА! ВУСЦІШНЫ ЗДЫМАК! Целы загінулых палестынцаў у выніку авіяўдару па шпіталю Аль-Ахлі ў цэнтры Газы, сектар Газа. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Dawood Nemer / AFP / East News

Чаму гэта важна

Значэнне трагедыі ў Аль-Ахлі выходзіць далёка за рамкі лёсаў канкрэтных людзей, якія загінулі або атрымалі раненні падчас выбуху. Дзеянні бакоў канфлікту, якія прыводзяць да масавай гібелі цывільных людзей, могуць уплываць на пазіцыю міжнароднай супольнасці адносна вайны Ізраілю і «Хамас». Ад гэтага ў значнай ступені залежыць далейшае развіццё падзеяў у рэгіёне, у тым ліку імавернасць маштабнай эскалацыі.

Кіраўніцтва ЗША заявіла, што Ізраіль не мае дачынення да трагедыі. ААН, Еўразвяз, Канада, Кітай і Расея асудзілі напад на лякарню, але пакуль не сталі нікога канкрэтна абвінавачваць. Арабскія краіны ў сваю чаргу адразу ўсклалі ўсю адказнасць на Ізраіль. У Іярданіі, Ліване, Лівіі, Іране, Іраку, Тунісе, Марока і Турэччыне ўвечары прайшлі масавыя антыізраільскія акцыі пратэсту. Улады Ірану прыгразілі Ізраілю і ЗША наступствамі, а таксама заклікалі мусульманскія дзяржавы ўвесці нафтавае эмбарга.

Адразу пасля ўдару па Аль-Ахлі Іярданія адмяніла саміт у Амане, на які мусіў прыляцець прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Планаваліся перамовы Байдэна з з каралём Абдулой ІІ, прэзідэнтам Егіпту Абдэльфатахам ас-Сісі і кіраўніком Палестынскай аўтаноміі Махмудам Абасам. Гэтая сустрэча мела важнае значэнне для амерыканскай дыпламатыі: для Злучаных Штатаў важна не дапусціць эскалацыі канфлікту і не пасварыцца са сваімі саюзнікамі на Блізкім Усходзе, якія выступаюць супраць аперацыі Цагаль у Сектары Газа. Зрыў саміту дэманструе, што атака на Аль-Ахлі можа стаць дадатковай перашкодай на шляху забеспячэння лаяльнага стаўлення арабскага свету да дзеянняў ЗША і Ізраілю.

Што насамрэч адбылося ў Аль-Ахлі

Прэс-сакратар Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Адрыен Уотсан заявіў, што амерыканскія выведвальныя дадзеныя, заснаваныя на аэрафотаздымках і перахопе размоў паміж баевікамі «Хамас» сведчаць аб тым, што Ізраіль не датычны да ўдару па лякарні.

Прадстаўнік Цагаль Даніэль Хагары патлумачыў, што трагедыя ў Аль-Ахлі стала вынікам запуску ракетаў па Ізраілю палестынскай групоўкай «Ісламскі джыхад». Адна з дзесяці ракетаў баевікоў дала «асечку» і ўпала на паркоўку каля лякарні. Армія абароны Ізраілю прадэманстравала некалькіх відэаразбораў здарэння, а таксама апублікавала аўдыязапіс, на якім баевікі «Хамас» абмяркоўваюць, што выбух у лякарні стаў вынікам няўдалага пуску ракеты з іх боку.

Хаця незалежныя медыі і даследчыя суполкі на Захадзе не спяшаюцца з канчатковымі высновамі, іх аналіз сітуацыі сведчыць пра тое, што Ізраіль, хутчэй за ўсё, сапраўды не вінаваты ў гэтай трагедыі.

Журналісты BBC, прааналізаваўшы кадры з месца трагедыі, прыйшлі да высновы, што выбух адбыўся ў двары лякарні, пра што кажуць і ў Цагаль. Пры гэтым значных пашкоджанняў навакольных будынкаў няма: на здымках у асноўным бачныя сляды пажару і абгарэлыя аўтамабілі. Варонка ад выбуху засталася невялікая.

Наступствы выбуху ў Аль-Ахлі.
Фота: bbc.com

Трое экспертаў, апытаных журналістамі BBC, указваюць на неадпаведнасць апублікаваных дэталяў той карціне, якую звычайна можна ўбачыць пасля ізраільскіх авіяўдарах.

Вайсковы дарадца нідэрландскай праваабарончай арганізацыі PAX Марк Гарласка сцвярджае, што варонка ў двары лякарні Аль-Ахлі не магла стаць вынікам выбуху стандартных бомбаў JDAM, якімі Цагаль цяпер атакуе аб’екты ў сектары Газа. Дацэнт Універсітэта Вандэрбільцкага ў ЗША Андрэс Гэнан кажа, што выбух быў невялікім, а гэта азначае, што пажар у выніку падзення хутчэй мог быць выкліканы астаткамі паліва ракеты, а не дэтанацыяй яе баявой часткі.

Ключавым доказам у гэтай справе з’яўляюцца відэа, на якім можна пабачыць успышкі ў небе над сектарам Газа падчас пралёту ракеты. Агульны план, які даваў у жывым эфіры тэлеканал «Аль-Джазіра», не пакідае сумневаў у тым, што падчас трагедыі адбываўся запуск ракетаў з тэрыторыі сектару Газа. На відэа бачна, што ў паветры ракета двойчы ўспыхвае, пасля чаго рэзка мяняе кірунак і пачынае падаць. Амаль адразу пасля гэтага адбываецца выбух у Аль-Ахлі.

OSINT-суполка «GeoConfirmed», прааналізаваўшы апублікаваныя кадры, прыйшла да высновы, што палестынская ракета па невядомай прычыне разбурылася ў паветры, пасля чаго ўпала на Аль-Ахлі.

OSINT-суполка «GeoConfirmed» геалакавала аб’екты на відэа.
Фота: GeoConfirmed / X (Twitter)

Апытаныя BBC эксперты таксама лічаць, што, хутчэй за ўсё, полымя ў небе магло быць выклікана дэфектам ракеты (напрыклад, узгараннем рухавіка).

Фармальна кадры «Аль-Джазіры» нельга лічыць 100% доказам невінаватасці Ізраілю: тэарэтычна падзенне палестынскай ракеты магло адбыцца адначасова з ізраільскім авіяўдарам. Аднак версія аб «супадзенні» выглядае ў дадзеным выпадку недарэчна. Па-першае, таму што ў адрозненні ад падзення палестынскай ракеты, доказаў ізраільскай атакі ў раёне Аль-Ахлі няма. Па-другое, таму што выбух пакінуў нехарактэрную для ізраільскіх боепрыпасаў варонку.

Такім чынам, з высокай ступенню імавернасці можна сцвярджаць, што трагедыя ў Аль-Ахлі стала вынікам няўдалага запуску ракеты палестынскімі баевікамі. Застаецца толькі здагадвацца, ці паўплываюць апублікаваныя экспертамі разборы на эмацыйную пазіцыю арабскіх краінаў, якія абвінавацілі ва ўсім Ізраіль, не разабраўшыся ў сітуацыі.

Колькі ахвяраў было ў Аль-Ахлі

Звесткі аб колькасці ахвяраў выбуху ў Аль-Ахлі моцна адрозніваюцца і выклікаюць шмат пытанняў.

Лекар Гасан Абу-Сіттах, які працаваў у момант выбуху ў аперацыйнай, заявіў Бі-Бі-Сі, што ў Аль-Ахлі былі сотні забітых, прычым каля 40% параненых – дзеці.

Міністэрства аховы здароўя Палестынскай аўтаноміі абвесціла, што агулам у выніку выбуху загінуў 471 чалавек. Тэлеканал Al Arabiya паведаміў пра больш як 800 загінулых.

Высокая колькасць ахвяраў можа тлумачыцца тым, што ў Аль-Ахлі ўвечары 17 кастрычніка было вельмі шмат людзей. Дэкан каледжа Святога Георгія ў Іерусаліме Рычард Сьюэл сказаў Бі-Бі-Сі, што ў момант інцыдэнту вакол лякарні знаходзілася каля 1000 уцекачоў, якія хаваліся ад абстрэлаў, а ў самім будынку было каля 600 чалавек (пацыенты і медычны персанал).

Аднак прыклады ўдараў па шматлюдных месцах падчас вайны ва Украіне паказваюць, што нават значна больш магутныя ракеты звычайна не прыводзяць да гібелі сотняў чалавек.

З улікам нязначных разбурэнняў у двары Аль-Ахлі, лічба ў 500-800 загінулых некаторым падаецца проста непраўдападобнай. У прыватнасці, пра гэта піша аналітык ASPI Натан Русэр.

Вайсковы аглядальнік «Bild» Юльян Рэпке, напрыклад, мяркуе, што лічбы «Хамас» варта дзяліць на 10.

Улады Ізраілю лічаць, што лічбу загінулых палестынцы наўмысна завышаюць.

Выданне Newsweek са спасылкай на свае крыніцы сцвярджае, што ў разведках ЗША і Ізраіля ўпэўнены: падчас выбуху ў лякарні Аль-Ахлі ў Газе 17 кастрычніка маглі загінуць «максімум некалькі дзясяткаў» чалавек.

«Я не хачу сказаць, што гэта не трагедыя, але гэта яшчэ адзін выпадак значнага перабольшання і шчырай хлусні з боку Хамас», – заявіў выданню адзін з амерыканскіх афіцэраў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў