Ізраіль заклікаў пакінуць поўнач Газы, арабскія краіны супраць эвакуацыі людзей з сектару


Пасля нападу тэрарыстаў «Хамас» 7 кастрычніка Ізраіль перайшоў у стан вайны, ладзіць абстрэлы падкантрольнага тэрарыстам сектару Газа і ў любы момант можа пачаць наземную аперацыю. Ад абстрэлаў і блакады церпяць мірныя жыхары, якім няма куды ўцякаць з Газы.

Наступствы аднаго з абстрэлаў сектару Газа
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наступствы аднаго з абстрэлаў сектару Газа. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота: Mohammed Hinnawi / UNRWA

Ранкам 13 кастрычніка ізраільская армія заклікала жыхароў гораду Газа цягам 24 гадзінаў эвакуявацца на поўдзень сектару Газа. Калі тэрмін выйшаў, на эвакуацыю далі яшчэ шэсць гадзінаў. Тэрмін выйшаў у 16 гадзінаў паводле палестынскага часу, які супадае з беларускім.

Тысячы жыхароў Газы сапраўды эвакуяваліся на поўдзень сектару, але колькасць тых, хто застаўся, цяжка ацаніць ва ўмовах вайны. Паводле некаторых звестак, тыя, хто хацеў бы эвакуявацца, баяцца трапіць пад абстрэлы, бо быў абстраляны канвой на адной з дарог, па якіх абяцалі не весці агонь.

Агляд
Ізраіль і сектар Газа: храналогія канфлікту
2023.10.07 19:17

Сам горад – на поўначы, гэта найбольш густа населеная частка сектару. Ды на поўдні, блізу мяжы з Егіптам, не столькі пустых ці сельскагаспадарчых земляў, колькі паселішчаў меншай шчыльнасці. І гэтыя паселішчы таксама трапляюць пад агонь – абстрэл закрануў нават памежны пераход між сектарам Газа і Егіптам.

Агулам сектар Газа – паласа 40-45 км даўжынёй і 6-12 км шырынёй, плошчаю, крыху большай за Менск, і нават з большай шчыльнасцю насельніцтва. Паводле палестынскіх сацыялагічных апытанняў, каля паловы з больш як двухмільённага насельніцтва сектару выказвалася супраць узброенай барацьбы з Ізраілем.

Агляд
Што за арганізацыі «Хамас» і «Хізбула», якія абвясцілі вайну Ізраілю. І хто стаіць за імі
2023.10.10 08:00

Эвакуацыю мірных жыхароў з сектару Газа ніхто не абяцае. Лідары арабскіх краінаў выступаюць супраць таго, каб палестынцы сыходзілі са сваіх земляў – нават з улікам абстрэлаў і пагрозы наземнай аперацыі.

Злучаныя Штаты вялі перамовы аб магчымай эвакуацыі, Сусветная арганізацыя здароўя заклікала зрабіць гуманітарны калідор з сектару Газа. Ды на момант публікацыі выглядае, што з сектару Газа збіраюцца выпускаць толькі замежных грамадзянаў.

На момант публікацыі Ізраіль не пачынаў маштабнай наземнай аперацыі ў Газе – толькі працягвае абстрэлы, сцягвае войскі да сектару Газа і паведамляе аб лакальных вылазках. Прэм’ер Ізраілю днём 14 кастрычніка прыязджаў да вайскоўцаў блізу сектару і казаў, што «мы ўсе гатовыя» і што абстрэлы – «гэта толькі пачатак».

Ці сапраўды Ізраіль пачне наземную аперацыю, невядома. Адныя лічаць яе непазбежнай, іншыя не бачаць, якіх мэтаў можна гэтым дасягнуць. Ізраільскае войска могуць чакаць цяжкія баі ў шчыльнай гарадской забудове – магчыма, у прысутнасці цывільных. Акрамя таго, зачышчаць прыйдзецца шматлікія тунэлі тэрарыстаў.

Нават калі Ізраіль зможа знішчыць тэрарыстаў «Хамас», будучыня сектару Газа незразумелая. Шанцаў на замірэнне мала, але і настрояў аднавіць акупацыю сектару ў Ізраілі няшмат.

Адна з патэнцыйных мэтаў аперацыі – вызваленне закладнікаў, якіх тэрарысты захапілі падчас нападу 7 кастрычніка. Але колькасць закладнікаў невядомая, тым больш невядома, дзе іх утрымліваюць. І тэрарысты ўжо заяўляюць, што праз удары Ізраілю загінулі прынамсі дзевяць закладнікаў – а раней яны пагражалі, што будуць публічна забіваць закладнікаў, калі Ізраіль не спыніць абстрэлы.

Фота
Боль і зруйнаваныя жыцці. Хроніка ў фотаздымках падзей у Ізраілі і сектары Газа
2023.10.12 19:49

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў